Top.Mail.Ru
216

Вучоныя надрукавалі на прынтары жывыя клеткі для лячэння цукровага дыябету

Інавацыйны метад біядруку, які дазваляе ствараць паўнавартасныя астраўкі падстраўнікавай залозы, распрацавала міжнародная група біятэхнолагаў. Атрыманыя такім чынам структуры можна выкарыстоўваць для імплантацыі. Распрацоўка адкрывае новыя перспектывы ў лячэнні дыябету першага тыпу, паведамляе «МИР 24». 


Астраўкамі падстраўнікавай залозы называюць вялікае скапленне клетак, якія выпрацоўваюць інсулін і тым самым адыгрываюць ключавую ролю ў рэгуляцыі ўзроўню цукру ў крыві. Здаровы чалавек валодае прыкладна мільёнам такіх клетак, аднак пры дыябеце першага тыпу яны масава гінуць. У выніку арганізм пазбаўляецца здольнасці кантраляваць узровень глюкозы.

Як растлумачыў навуковы супрацоўнік з Універсітэта Уэйк-Форэст Квенцін Пер’е, вучоныя распрацавалі ўнікальны пратакол біядруку, які дазволіў у аўтаматычным рэжыме ствараць аналагі астраўкоў з клеткавых культур падстраўнікавай залозы. Пры гэтым былі падабраны параметры біядруку, якія дапамаглі мінімізаваць стрэс для клетак, забяспечыўшы выжывальнасць больш як 90% з іх. Для падтрымання жыццяздольнасці клетак, якія трансплантавалі, выкарыстоўваліся спецыяльныя біячарніла, з дапамогай якіх астраўкі насычалі кіслародам і пажыўнымі рэчывамі.

Эксперыменты паказалі, што ўжо праз тры тыдні пасля вырошчвання «надрукаваныя» астраўкі пачалі рэагаваць на ваганні глюкозы больш эфектыўна, чым звычайныя клеткавыя культуры. На базе такіх структур вучоныя плануюць ствараць падскурныя імплантаты, якія дапамогуць людзям, якія пакутуюць на дыябет, падтрымліваць узровень цукру ў крыві без пастаянных ін’екцый інсуліну.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю