Даследаванне звязала папулярныя падсалоджвальнікі з паскораным зніжэннем кагнітыўных функцый
Некаторыя заменнікі цукру здольныя паскараць старэнне мозгу. Да такой высновы прыйшлі бразільскія вучоныя, чые высновы публікуе РИА «Новости». Аўтар даследавання, доктар медыцынскіх навук з Універсітэта Сан-Паўлу Клаўдыя Кіміэ Суэмота, адзначыла:
— Нізкакаларыйныя і бескаларыйныя падсалоджвальнікі часта разглядаюцца як здаровая альтэрнатыва цукру, аднак нашы вынікі паказваюць, што некаторыя падсалоджвальнікі з часам могуць аказваць негатыўнае ўздзеянне на здароўе мозгу.
На працягу васьмі гадоў група спецыялістаў вяла назіранне за 12 772 дарослымі. Удзельнікаў падзялілі на тры групы ў залежнасці ад аб’ёмаў спажывання сямі цукразаменнікаў: цукрыну, аспартаму, ацэсульфаму К, ксіліту, эрытрыту, сарбіту і тагатозы.
Параўнанне паказала, што ў людзей, якія ўжывалі найбольшую колькасць падсалоджвальнікаў, агульныя кагнітыўныя здольнасці і памяць зніжаліся на 62% хутчэй, чым у тых, хто спажываў іх менш за ўсё. У групе з сярэднім узроўнем спажывання пагаршэнне адбывалася на 35% хутчэй, чым ва ўдзельнікаў з нізкім паказчыкам.
Адзіным падсалоджвальнікам, які ў рамках гэтага даследавання не прадэманстраваў сувязі са зніжэннем кагнітыўных функцый, аказалася тагатоза. Пры гэтым вучоныя падкрэсліваюць, што работа мае выключна наглядальны характар.