Top.Mail.Ru

Вучыцца трэба з апетытам

Упэўнены ў Пакалюбіцкай сярэдняй школе Гомельскага раёна і дэманструюць гэта на практыцы кожны дзень. Гэта ўстанова адукацыі высока трымае планку не толькі ў паспяховасці падрыхтоўкі вучняў. У нягласным рэйтынгу яна лічыцца самай «смачнай» школай раёна. Як арганізавана тут харчаванне, чым здзіўляе меню і як гатаваць, каб пасля абеду на кухню вярталіся цалкам чыстыя талеркі, — у нашым рэпартажы.



І ўсе калорыі на месцы

Карбанара, шашлык, рызота па-пакалюбіцкі, біфштэкс, фішболы... Не, гэта не пералічэнне прысмак з кулінарнай кнігі, а звычайныя стравы ў меню сталовай Пакалюбіцкай школы.

— Вучыцца ў нас — гэта яшчэ і вельмі смачна! — пераконваюць мясцовыя школьнікі.

У дзень падрыхтоўкі рэпартажу вучні 10-х класаў дзяжурылі ў сталовай: дапамагалі накрываць сталы, разносілі порцыі ды разважалі, якая самая смачная страва ў іх сталовай. 

І не змаглі адказаць...


— Складана выбраць нешта адно, бо ўсё вельмі-вельмі смачна. Мы з першага класа вучымся тут, і заўжды так было, — сцвярджаюць дзесяцікласнікі Мікіта ЛІПЛЯНСКІ і Кірыл РАДЗІВОНАЎ.

Хлопцы на дзяжурстве якраз дапамагалі падаваць на сталы другі сняданак. Для дзяцей, якія знаходзяцца ў школе шэсць гадзін, прадугледжана аднаразовае харчаванне. Мяркуецца, што дома дзіця ўжо паснедала, выпіла гарбаты, таму гэты прыём ежы ў школе і завецца другім сняданкам.

У школе харчаванне арганізавана для трох узроставых груп, як і акрэслена ў патрабаваннях: дзеці ад 6 да 11 гадоў — навучэнцы першых — пятых класаў; ад 11 да 14 гадоў — навучэнцы шостых — восьмых класаў; ад 14 да 18 гадоў — навучэнцы дзявятых — адзінаццатых класаў.

— Пачынаецца кармленне дзяцей у нас у 9.55. Для вучняў, якія знаходзяцца ў школе больш за восем гадзін, а гэта ў асноўным навучэнцы груп падоўжанага дня, пераважна першых — чацвёртых класаў, арганізавана трохразовае харчаванне. Яны атрымліваюць другі сняданак, абед, які абавязкова ўключае першую страву, і падвячорак, які рыхтуецца за бацькоўскую аплату. Яго кошт складае 80 капеек, і ў месяц бацькі аплачваюць каля 15 рублёў, — тлумачыць арганізацыю харчавання намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Пакалюбіцкая сярэдняя школа Гомельскага раёна» Людміла ХАМЯКОВА.


Кухня новага пакалення

Як толькі паснедалі вучні малодшых класаў, у харчаблоку пачынаюць рыхтавацца да прыёму вучняў сярэдніх і старэйшых паралеляў. Якраз выпадае магчымасць зазірнуць на кухню, дзе працуе каманда «смачнай школы» — шэф-кухар Ганна Свістунова, кухары Ганна Узрослікава і Алена Дзедава, кухонны работнік Алена Юрчанка.

— Наша кухня аснашчана вельмі-вельмі добра, я проста ў захапленні ад умоў працы, — прызнаецца шэф-кухар Ганна Свістунова. — Ёсць параканвектамат — адмысловая духавая шафа, дзе гатуецца ўсё на пару дзякуючы цыркуляцыі гарачага паветра. Усталяваны новыя пліты і электрапатэльні, закуплены бульбаачышчальная і бульбарэзальная машыны, халадзільнае абсталяванне. Ёсць у нас і новенькі варачны кацёл — добрая дапамога, каб закіпяціць ваду для далейшага гатавання страў. Вада ў яго паступае праз сістэму ачысткі, што таксама вельмі важна.


Два гады таму з’явілася і чаканая пасудамыйная машына.

— Увогуле створаны такія ўмовы, каб на кухні было камфортна працаваць, каб усё было правільна арганізавана і адпавядала санітарным нормам, — дзякуюць кіраўніцтву школы кухары і кухонны работнік.


Формула смаку

Вельмі важна і належная арганізацыя ўсіх памяшканняў харчаблоку. Тут у ідэальным парадку памяшканні для асобнага захоўвання сыпучых прадуктаў, бакалеі, сырой прадукцыі.

У харчаблоку знаёмлюся з кладаўшчыком Таццянай ЛЭНДЛ і пераконваюся, што яе пазіцыі ў калектыве працаўнікоў — як кажуць, топ у арганізацыі школьнага харчавання.

— Мая задача — своечасова заказаць прадукты, пракантраляваць тэрміны іх прыдатнасці. Наша праца напрамую звязана з захаваннем складзенага 10-дзённага рацыёну харчавання. Калі своечасова не заказаць нейкі прадукт, рацыён парушыцца, а гэтага дапускаць нельга. Таму неабходна своечасова сфарміраваць заяўку, скласці меню і атрымаць усе неабходныя прадукты. Не менш важна правільна арганізаваць захоўванне прадуктаў, каб не парушалася таварнае суседства, — тлумачыць жанчына.

У блок, дзе ідзе мыццё і захоўванне посуду, якраз нясуць талеркі пасля абеду. Пераконваюся асабіста — адходаў практычна няма. Сакрэт у тым, што гатуюць тут не толькі смачна, але яшчэ і тыя стравы, якія любяць вучні.


Па ўсіх стравах школьнага меню тэхнолагамі аддзела па арганізацыі харчавання ўстаноў адукацыі Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гомельскага раёна распрацаваны тэхналагічныя карты, дакладныя рэкамендацыі гатавання стравы. Распрацавана вельмі шмат фірмовых страў. Вельмі дапамагае ў арганізацыі школьнага харчавання і вялікі выбар распрацаваных тэхнолагамі страў, з якіх можна складаць меню, пацвярджае дырэктар ДУА «Пакалюбіцкая сярэдняя школа Гомельскага раёна» Валянціна ХАМЯКОВА:

— Пераканана, што, пэўна, больш ні ў якой краіне свету няма такога падыходу да арганізацыі школьнага харчавання і такога кантролю і ўвагі да гэтага пытання з боку дзяржавы, як у нашай. І бацькі заўжды дзякуюць за гэта.


Па яе словах, безумоўна, вельмі важна, як харчаванне арганізавана непасрэдна на месцы, у школе.

— Ключавы момант — каб на кухні сапраўды працаваў калектыў прафесіяналаў. Заўсёды кажу, што школьны харчаблок — стратэгічны аб’ект. 

Ад таго, наколькі якасна і адказна тут падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў, залежыць здароўе дзяцей, — падкрэслівае Валянціна Іванаўна. — Увогуле ў школьным харчаванні максімальная ўвага ўдзяляецца якасці прадуктаў.


Меню з асаблівым сэнсам

Дзякуючы дэталёва распрацаванаму 10-дзённаму меню ва ўстановах адукацыі сапраўды вельмі разнастайнае, смачнае, збалансаванае харчаванне, адзначае начальнік аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Кацярына ПЛЯГА:

— Пры гэтым да арганізацыі школьнага харчавання мы стараемся падыходзіць нефармальна, у тым ліку ў школьным меню адлюстроўваем даты і святы, значныя для нашай краіны. Напрыклад, напярэдадні Дня народнага адзінства тэхнолагі Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гомельскага раёна распрацавалі новае асобнае меню, у якое ўвайшлі нацыянальныя беларускія стравы. Мы стараемся выкарыстоўваць і такія магчымасці, каб папулярызаваць сярод дзяцей беларускую культуру, нашы традыцыі.

Важна і тое, што пры арганізацыі харчавання абавязкова ўлічваюцца індывідуальныя асаблівасці вучняў, якім патрабуецца спецыяльнае харчаванне, звяртае ўвагу Кацярына Сяргееўна:

— Для таго каб сістэма школьнага харчавання працавала якасна, неабходны і сучасныя ўмовы, і кваліфікаваныя спецыялісты. Сёння ва ўстановах адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага абнаўленню харчаблокаў. За апошнія два гады пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама была закуплена і абноўлена значная колькасць абсталявання, праведзена вялікая работа па аснашчэнні сталовых і харчаблокаў у школах раёна. Разам з тым застаецца запатрабаванасць у высокакваліфікаваных кухарах, таму мы заахвочваем нашых выпускнікоў атрымліваць гэту спецыяльнасць па мэтавай падрыхтоўцы. І ўжо ў наступным годзе першыя маладыя спецыялісты пасля навучання вернуцца працаваць у школы раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю