Top.Mail.Ru

Вы прасілі разабрацца: ці мэтазгодна знішчаць здаровыя дрэвы?

На адрас рэдакцыі даволі часта прыходзяць лісты чытачоў, якія просяць дапамагчы разабрацца з пэўнай праблемай. Так, наша чытачка Зінаіда Якімава са Стоўбцаў папрасіла навесці парадак каля свайго двара:


«Я пражываю ў прыватным сектары больш за 50 гадоў. Агароджа каля майго ўчастка мяжуе з тэрыторыяй участкаў, дзе размяшчаюцца градкі жыхароў дамоў № 117, 119 і 117а па вуліцы Сацыялістычнай. Раней гэтыя градкі апрацоўваліся, штосьці на іх сеялася і ўбіралася. У апошнія ж гады яны не выкарыстоўваюцца. Большасць гаспадароў набывае агародніну ў магазінах. На месцах градак зараз зараснікі вішань, сліў і вінаграду. Раней названыя дамы адносіліся да чыгункі, а зараз яны перададзены на баланс горада. Свае кватэры ў дамах гаспадары прыватызавалі, а вось агароды засталіся ўбаку. У дамах яны пражываюць, аднак прыбіраць за сабой не жадаюць. Мне ж, 77-гадовай жанчыне, інваліду 2-й групы, прыходзіцца жыць у гэтых зарасніках... Як жа мне жыць тут і рабіць уборку тэрыторыі за сваёй агароджай памерам у некалькі метраў? Там ёсць такія месцы, што няма магчымасці нават прайсці, не тое што абкасіць. З узніклай праблемай я шмат разоў звярталася да адказных службаў, а першага красавіка бягучага года для прыняцця мер напісала заяву ў Стаўбцоўскі райвыканкам, прыклала фотаздымкі. Аднак да цяперашняга часу ніякіх мер не было прынята. Узнятае пытанне знаходзіцца на кантролі райвыканкама. Я неаднойчы атрымлівала адказы, што пэўная работа праводзіцца, але я па-ранейшаму жыву сярод зараснікаў».


Каб разабрацца ў сітуацыі мы звярнуліся ва ўнітарнае прадпрыемства «Стаўбцоўскае аб’яднанне капітальнага будаўніцтва». Начальнік жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка прадпрыемства Валянцін САВІНІЧ паведаміў, што з пытаннямі навядзення парадку каля дамоў № 117, 117а і 119 па вуліцы Сацыялістычнай Зінаіда Якімава пачала звяртацца і на адрас райвыканкама, і непасрэдна ў арганізацыю ў 2025 годзе: «Названыя дамы старыя, былі пабудаваны ў 1958-1959 гадах і знаходзяцца на ўскраіне горада. Тут пражываюць асобы пенсіённага або перадпенсіённага ўзросту. У мінулым годзе ў гэтых дамах быў праведзены капітальны рамонт. Тэрыторыя каля іх адносіцца да гарадскіх зямель агульнага карыстання». На працягу многіх гадоў жыхары трох названых дамоў тут рабілі градкі, высаджвалі бульбу, клубніцы, кроп і г. д. Некаторыя пасадзілі пладовыя дрэвы, вінаград. Аднак паміж суседзямі ўзніклі непаразуменні. Ад Зінаіды Якімавай і на адрас Стаўбцоўскага райвыканкама, і жыллёва-камунальнай арганізацыі сталі паступаць скаргі, што па прычыне гэтых градак у яе гніе агароджа.

Знайсці кампраміс не атрымалася

— На аснове атрыманых скаргаў у ліпені мінулага года мы арганізавалі сходы жыхароў дамоў № 117, 117а і 119, дзе прысутнічала і непасрэдна Зінаіда Васільеўна, — працягвае Валянцін Савініч. — На сходзе выступіла і сама Зінаіда Якімава. Жанчына выказала незадаволенасць, што каля яе плота ствараюцца градкі і высаджваюцца дрэвы. Мы папярэдзілі жыхароў дамоў, што, калі яны не знойдуць узаемаразуменне з Зінаідай Васільеўнай, будзем вымушаны ліквідаваць агароды каля дамоў. Людзі спрабавалі знайсці кампраміс, прапанавалі Зінаідзе Якімавай вырашыць пытанне мірным шляхам, але яна адмовілася. У красавіку бягучага года яна напісала пісьмовы зварот на адрас Стаўбцоўскага райвыканкама. У выніку прадстаўнікі мясцовай улады — намеснік старшыні райвыканкама, спецыялісты аддзела землеўпарадкавання сумесна са спецыялістамі Стаўбцоўскага АКБ правялі сход, на якім зноў жа прысутнічалі жыхары раней узгаданых дамоў і Зінаіда Якімава. Абмеркаваўшы сітуацыю з намеснікам старшыні райвыканкама, мы прынялі рашэнне, што не будзем адбіраць у жыхароў дамоў агароды, і правялі законную працэдуру перадачы зямель грамадскага карыстання пад агародніцтва. У цяперашні час там дзейнічаюць на законнай аснове чатыры зямельныя ўчасткі. Па нашай рэкамендацыі ўсе градкі размешчаны ў належным парадку, маюць акуратны выгляд. Былі прыбраныя старыя бытавыя рэчы, гнілая агароджа і г. д. Людзі сочаць за належным парадкам на градках. Акрамя таго пасля правядзення капітальнага рамонту дамоў № 117, 117а і 119 мы запланавалі работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якая прылягае да іх. Работа будзе ажыццяўляцца прыблізна ў ліпені — жніўні бягучага года. 18 красавіка мы арганізавалі суботнік на тэрыторыі дамоў. Жыхары, якім была дадзена тэхніка для вывазу смецця, паўсюдна навялі парадак. Работнікі ж Стаўбцоўскага АКБ зрабілі абкошванне тэрыторыі ўздоўж агароджы каля дома Зінаіды Якімавай.

На тэрыторыі ўчастка — парадак і чысціня

У цяперашні час участак уздоўж агароджы Зінаіды Якімавай знаходзіцца ў санітарна здавальняючым стане. Як адзначыў начальнік ЖЭУ УП «Стаўбцоўскае АКБ», Зінаіда Васільеўна патрабуе, каб былі выдалены ўсе кусты і дрэвы, якія растуць уздоўж агароджы, на адлегласці 10 метраў. Пасля таго як былі праведзены работы па добраўпарадкаванні, жанчына прыйшла на прыём да старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама. У час сустрэчы прысутнічалі і спецыялісты жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка. Жанчыне паведамілі, што будуць праводзіцца неабходныя работы па навядзенні парадку, што ўжо зроблена нямала. Зінаіда Васільеўна падзялілася, што было б цудоўна, каб у далейшым на тэрыторыі, якая прылягае да дамоў, былі створаны сад або сквер, зоны адпачынку і г. д. Аднак на сённяшні дзень гэта зрабіць немагчыма, паколькі ў Стаўбцоўскім АКБ ёсць адпаведны аб’ём фінансавання. Можа, не варта спяшацца прыбіраць здаровыя пладовыя дрэвы, кусты? Кіраўніцтва арганізацыі не лічыць мэтазгодным знішчаць гэтыя насаджэнні, тым больш што іх на законнай аснове даглядаюць гаспадары найбліжэйшых дамоў. Парушэнні санітарных правілаў у гэтым выпадку адсутнічаюць. Пры гэтым спецыялісты жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка сочаць за санітарным утрыманнем тэрыторыі, рэгулярна яе абкошваюць. Зроблена ўсё магчымае, каб урэгуляваць канфлікт паміж Зінаідай Якімавай і жыхарамі дамоў, — запэўніў Валянцін Савініч.

Часам, калі пачынаеш разбірацца з падобнымі сітуацыямі, разумееш, што яны могуць выходзіць за межы агучаных пытанняў, перацякаць у сферу чалавечых узаемаадносін. Здаецца, усе неабходныя меры для вырашэння прыняты, але ў спрэчках не пастаўлена кропка. І адчуваеш, як важна, каб і ў ХХІ стагоддзі людзі не развучыліся чуць адзін аднаго, паважаць, дамаўляцца.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота з архіва УП «Стаўбцоўскае аб’яднанне капітальнага будаўніцтва»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю