Top.Mail.Ru

Вы яшчэ можаце ўбачыць Персеіды

Многія чулі фразу «Зоркі падаюць у жніўні». Так, гаворка ідзе аб метэорах — часціцах касмічнага пылу і лёду, што ўваходзяць у атмасферу Зямлі і там жа згараюць, пакідаючы на небе яркі след. 



Самы знакаміты «зоркапад» адбываецца штогод напрыканцы чэрвеня — у жніўні, калі метэоры ляцяць да нас з той часткі нябеснай сферы, дзе размешчана сузор’е Персея.

Насамрэч «вінавата» ў з’яўленні Персеід зусім не сузор’е, а перыядычная камета Свіфта-Тутля. Візуальныя назіранні за ёй ахопліваюць два тысячагоддзі! Штогод яна пралятае каля Зямлі. Цвёрдыя часціцы з хваста каметы трапляюць у атмасферу нашай планеты, і згараюць на вышыні некалькіх дзясяткаў кіламетраў над паверхняй Зямлі.

Убачыць гэтую прыгожую астранамічную з’яву можна на паўночным усходзе ўвечары, аднак найлепшы час для назірання — пасля поўначы, калі сузор’е Персея паднімаецца высока над гарызонтам. Загадвайце жаданні і не забудзьцеся палюбавацца дзіўнай карцінай зорнага неба.

Сёлета метэорны паток Персеіды можна будзе назіраць да 23 жніўня. Па падліках спецыялістаў, чакаецца да 100 метэораў за гадзіну. Пік яскравай астранамічнай з’явы (12–13 жніўня) супаў з поўняй, якая перабіла сваім святлом нават самыя яркія метэоры. Але ў іншыя дні перашкод для атрымання асалоды ад неверагоднай касмічнай трансляцыі не будзе.

Каб убачыць зоркапад, шукайце месцы, аддаленыя ад яркіх крыніц святла: напрыклад, у сэрцы гарадскога парку, у полі. У сталіцы і іншых буйных гарадах бачнасць даволі дрэнная з-за ліхтароў і іншай ілюмінацыі, таму ёсць сэнс выбраццца на прыроду. А цёплае адзенне і зручны шэзлонг дазволяць убачыць як мага больш метэораў.

Лічбы і факты

  1. Персеіды, паводле кітайскіх крыніц, назіраліся амаль 2000 гадоў таму.
  2. Камета Свіфта-Тутля здзяйсняе поўны зварот вакол Сонца за 134 гады.
  3. Персеіды таксама называюць слязамі святога Лаўрэнція, дзень якога беларускія каталікі адзначаюць 10 жніўня.
  4. Хуткасць, з якой метэорныя целы ўлятаюць у атмасферу Зямлі, — 11–75 км/с.

Уладзімір ЛАРЫЁНАЎ, астраном.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю