Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Мінскі раён падарыў перадавікам жніва аўтамабілі Belgee, паведаміла БелТА.
«Мужыкі, я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы робіце. Як гэта Прэзідэнт сустрэнецца з лепшымі людзьмі аграрнага сектара і не падзякуе ім за работу? — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы заслужылі гэта».
Сярод перадавікоў — Павел Шуціла, які працуе ў ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна. У пачатку жніўня ён першым у Беларусі намалаціў 4 тыс. т збожжа, а на гэты час пераадолеў адзнаку 5 тыс. т. Высокі паказчык дасягнуты на айчынным камбайне вытворчасці «Гомсельмаша».
Павел Шуціла рэгулярна дабіваецца высокіх вынікаў ва ўборцы ўраджаю на тэхніцы беларускай вытворчасці. У 2024 годзе ён намалаціў 3,2 тыс. т збожжа, а ў 2025-м і зусім пераадолеў адзнаку 8,4 тыс. т, стаўшы адным з галоўных герояў жніва.

Раней кіраўнік дзяржавы ўжо адзначаў поспехі камбайнера. На другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка назваў Паўла Шуцілу героем. «Тут хлопец — герой — сядзіць. Восем з лішнім тысяч тон намалаціў!» — сказаў тады Прэзідэнт. Заслугам механізатара, які быў сярод удзельнікаў УНС, апладзіравала ўся зала.
Высокіх паказчыкаў дасягнуў і Віталь Кішко, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы — на адвозцы ўраджаю. За цяперашнюю ўборачную кампанію ён перавёз ужо больш як 6,1 тыс. т збожжавых, зернебабовых і рапсу, пабіўшы свае ранейшыя рэкорды. У мінулым годзе Віталь Кішко перавёз больш як 4,6 тыс. т ураджаю, у 2024-м — больш за 4,2 тыс. т.
Яшчэ адзін работнік ААТ «Кухчыцы» Андрэй Аляксейчык у мінулым годзе перавёз 7,7 тыс. т збожжа. У гэтым годзе ён удзельнічае ў жніве як адказны спецыяліст за арганізацыю ўборачнай.