Top.Mail.Ru

Вялікая дэлегацыя Мінскай вобласці на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем Кушнарэнкам наведвае Кітай

Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінскага аблвыканкама.


У сераду, 20 мая, мегаполіс Чунцын прымае Міжнародную канферэнцыю супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў. Узаемаадносіны паміж аднайменнай правінцыяй і Міншчынай маюць даўнюю гісторыю і традыцыі. 

У гэты дзень урадавая рэзідэнцыя «Юйчжоу Бінгуань» стала пляцоўкай для сустрэч, перагавораў і новых дамоўленасцей. Дэлегацыі вітаў сакратар партыйнага камітэта Чунцын Юань Цзяцзюнь.

Асаблівая ўвага на форуме была прыкавана да беларуска-кітайскага кірунку. Падчас цырымоніі адкрыцця на цэнтральным экране трансліраваліся падпісаныя беларускім бокам дакументы, а Мінская вобласць зноў апынулася сярод актыўных удзельнікаў міжнароднага партнёрства з Чунцынам.

Падчас сустрэчы Аляксея Кушнарэнкі з выконваючым абавязкі мэра Народнага ўрада Чунцына Хуан Маоцзюнем абмеркавалі далейшае развіццё партнёрства. Размова ішла аб новых сумесных праектах, прамысловай кааперацыі і пашырэнні гуманітарных сувязей. Па выніках сустрэчы адбыўся абмен папкамі з дэталізаваным планам супрацоўніцтва, а таксама памятнымі сувенірамі.

— Супрацоўніцтва паміж Мінскай вобласцю і Кітайскай Народнай Рэспублікай актыўна развіваецца. За апошнія 5 гадоў мы падвоілі тавараабарот, дасягнулі ацэнкі ў 4 мільярды долараў ЗША. Сёлета мы прыраслі яшчэ на 33%. У развіццё Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 9 ад 12 мая дэлегацыя цэнтральнага рэгіёна прыбыла ў найбуйнейшы горад Чунцын, дзе мы прымаем удзел у Міжнароднай канферэнцыі па развіцці гарадоў-пабрацімаў. Мы адпрацавалі і падпісалі дэталізаваны план супрацоўніцтва Мінскай вобласці з Чунцынам на перыяд да 2028 года. У складзе нашай дэлегацыі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія падпісалі кантракты на пастаўкі нашай мяса-малочнай прадукцыі і торфапрадукцыі на суму звыш 3 мільёнаў долараў ЗША, — заявіў Аляксей Кушнарэнка.

Прычым за сухімі лічбамі тавараабароту і пагадненняў сёння ўжо стаяць цалкам канкрэтныя праекты. Кітайскія кампаніі супрацоўнічаюць з Мінскай вобласцю ў сферы медыцынскіх тэхналогій, паставак прадукцыі, лагістыкі і машынабудавання. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, СМІ, турыстычнымі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі.

Асаблівую ролю адыгрывае і народная дыпламатыя. У Чунцыне праходзяць Дні беларускай культуры, паказы беларускіх фільмаў, працуюць Цэнтры вывучэння Беларусі, а беларускія журналісты, навукоўцы і студэнты ўсё часцей становяцца ўдзельнікамі сумесных форумаў і адукацыйных праграм.

Аляксей Кушнарэнка адзначыў:

— Мы бачым, як імкліва развіваецца Кітай, мы разумеем, што гэта шмат у чым адбываецца дзякуючы якаснай адукацыі. Цікавасць да Кітая ў Беларусі расце. Ужо сёння ў Мінскай вобласці 80 настаўнікаў выкладаюць, а больш за 2,5 тысячы вывучаюць кітайскую мову як асноўную.

Пасля агляднай экскурсіі адбылося падпісанне мемарандума аб пабрацімстве паміж Сеніцкай сярэдняй школай № 2 Мінскага раёна і народнай школай Чунцына. Паміж беларускімі і кітайскімі школьнікамі ўжо праходзяць анлайн-сустрэчы, адкрытыя заняткі, адбыўся абмен педагагічным вопытам.

Дырэктар Сеніцкай СШ № 2 Алена Буцэнка расказала, што першым і самым значным кірункам узаемадзеяння стаў сумесны навукова-даследчы праект, прысвечаны вырошчванню рапсу ў Беларусі і ў Кітаі. 

— 14 красавіка гэтага года нашы вучні высадзілі рапс і ўжо на працягу месяца вядуць сістэматычныя назіранні, робяць запісы, афармляюць дзённікі назіранняў. Хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю ўключыліся ў работу. Мы плануем працягваць назіранні аж да збору ўраджаю, пасля чаго будзе падрыхтаваная выніковая сумесная справаздача. Гэты праект дазваляе нашым дзецям не толькі вывучаць аграрныя асаблівасці дзвюх краін, але і адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі, аб’яднанымі агульнай задачай.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю