Прыгожая і ўрачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды найлепшым прадстаўнікам розных сфер з усёй краіны. Гэта ўжо стала добрай беларускай традыцыяй — напярэдадні самых значных дат адзначаць тых, хто сваёй штодзённай працай робіць Беларусь лепшай і садзейнічае яе росквіту.
Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, гэта цырымонія ўзнагароджання глыбока сімвалічная, асаблівая. Яна прымеркавана да свяшчэннай даты — 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Дзякуючы беспрэцэдэнтнай мужнасці і адзінству савецкага народа завяршылася самая страшная, самая крывавая, самая маштабная вайна ў гісторыі чалавецтва. Завяршылася поўным разгромам фашызму, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Для Беларусі гэта Вялікая Перамога і захаванне памяці пра яе — частка нашай нацыянальнай ідэі. Акупаваная, змучаная ворагам, але няскораная рэспубліка-партызанка, рэспубліка-падпольшчыца заплаціла за сваё мірнае неба вялізную цану, страціўшы кожнага трэцяга.
Подзвіг герояў назаўжды застанецца найвялікшым прыкладам самаахвярнай любові да Радзімы. Прыкладам, на якім мы выхоўваем дзяцей, працягваючы традыцыі, атрыманыя ў спадчыну ад доблеснага пакалення пераможцаў»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многія айчынныя прамысловыя гіганты — «Беларуськалій», МТЗ, МАЗ, БелАЗ — вядуць сваю гісторыю, пачынаючы з пасляваеннага часу. «Гэту спадчыну мы не проста захавалі, але прымножылі і ператварылі ў вядомыя беларускія брэнды», — адзначыў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што восем мірных дзесяцігоддзяў мінула, а нас правяраюць на трываласць практычна штодзень. І людзі ў пагонах увесь час на баявым пасту.
Таму сярод узнагароджаных ордэнамі і медалямі як заўсёды нямала прадстаўнікоў нашага сілавога блока.
«Пра вашы подзвігі публічна не кажуць часам. Але я хачу, каб усе ведалі: вы, хлопцы, — героі. Дзякуй за службу», — адзначыў беларускі лідар.
Сярод тых, хто ўдастоены дзяржаўных узнагарод, — кіраўнікі рэгіёнаў і вядомых айчынных прадпрыемстваў, чыю прадукцыю ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. «Сёння мы ўшаноўваем і нашых аграрыяў. Кіраўнікоў перадавых гаспадарак, якія ўжо цяпер паказваюць, як можна жыць і працаваць у вёсцы будучыні. Ваш досвед нашай краіне вельмі карысны, — адзначыў Прэзідэнт. — Але, вядома, будучыні няма без тых, хто працуе ў навуцы і адукацыі. Вы адказваеце не толькі за падрыхтоўку высакакласных спецыялістаў, але і за тое, каб адкрыцці і напрацоўкі як мага хутчэй укараняліся ў вытворчасць і прыносілі карысць нашай эканоміцы».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, за магчымасць ганарыцца сучаснымі дасягненнямі, за захаванне традыцый мы павінны падзякаваць нашым доблесным ветэранам працы. «Вашы мудрыя парады, актыўная жыццёвая пазіцыя неацэнныя і дапамагаюць вырашаць многія задачы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар заўважыў, што многаму навучыў і многае паказаў грандыёзны па задуме і выкананні праект «Марафон адзінства». За некалькі месяцаў арганізатары і ўдзельнікі праехалі ўсю краіну з вялікімі канцэртамі, тэматычнымі выстаўкамі і дыялогавымі пляцоўкамі.
«Дарагія сябры! Я вельмі хачу, каб сённяшні дзень не стаў фінішным п’едэсталам, а ператварыўся для вас і вашых калектываў у пункт адліку на шляху да новых здзяйсненняў, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да герояў дня. — Не час сёння спачываць на лаўрах. Атрымліваючы ўзнагароды напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі, памятайце аб тых героях, дзякуючы якім мы жывём».
Прэзідэнт павіншаваў усіх з надыходзячым святам, пажадаў моцнага здароўя, шчасця і мірнага неба над галавой. «Вельмі хацелася б мне сустрэцца з вамі ў гэтай зале ў чарговы раз, а можа, і не аднойчы», — падзяліўся беларускі лідар.
У тэму
Сакрэт поспеху просты: каманда, працавітасць і дысцыпліна. Пазнаёміліся бліжэй з некаторымі ўзнагароджанымі
Намеснік старшыні Следчага камітэта, генерал-маёр юстыцыі Анатоль Васільеў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме»
ІІІ ступені. «Мы памятаем і ведаем нашых дзядоў і прадзедаў, якія абаранялі Радзіму. І сапраўды, як гаворыць Прэзідэнт, калі забыцца пра гэта, то разбурыцца ўсё. Важна захоўваць гістарычную памяць. Важна добра працаваць на сваім рабочым месцы, служыць сваёй Радзіме. Калі трэба, мы будзем яе абараняць да канца», — падкрэсліў ён.
Сярод узнагароджаных — мытнікі, якія знайшлі ў машыне на граніцы буйную партыю ўзрыўчаткі. Нагадаем, што 6 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў аб спыненні ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС найбуйнейшай у гісторыі краіны партыі выбуховага рэчыва. Медалі «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» Прэзідэнт уручыў старшаму інспектару аддзела правядзення аперацый мытнага кантролю Брэсцкай мытні Дзмітрыю Валчковічу і старшаму інспектару аддзела мытных аперацый і кантролю № 1 мытнага паста «Варшаўскі мост» Брэсцкай мытні Дар’і Савіч.
Адзначаныя мытнікі спакойна гавораць: яны проста выконвалі сваю работу.
«Аналізуючы сістэму кіравання рызыкамі, пасля таго як кіроўца падаў дакументы для далейшага афармлення, было выяўлена некалькі індыкатараў, праведзена ацэнка і аналіз, пасля чаго транспартны сродак быў накіраваны на інспекцыйна-наглядны комплекс, дзе і была выяўлена ўзрыўчатка, — успомніла тыя падзеі Дар’я Савіч. — Не скажу, што мы чакалі дзяржаўных узнагарод. Але было вельмі прыемна, што нашу працу так высока ацанілі. Цяпер будзем працаваць яшчэ больш уважліва».
«Я нават не паверыў, што там сапраўды была вялікая партыя ўзрыўчаткі. Калі думаю аб тым, што магло б быць, калі б мы гэтага не заўважылі, становіцца жудасна», — падзяліўся Дзмітрый Валчковіч. На мытні ён працуе першы год. Па словах Дзмітрыя, пачынаць кар’еру з
дзяржаўнай узнагародай — гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць.
І, вядома, адзначае Дзмітрый Валчковіч, цяпер апускаць планку прафесіяналізму ні ў якім разе нельга.
Міхаіл Гумнянкоў, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Шайцерава», што ў Верхнядзвінскім раёне, усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. «Мы, работнікі аграрна-прамысловага комплексу, цудоўна разумеем, што павінны гарантаваць харчовую бяспеку краіны. І гэта намі рухае. А сакрэт поспеху просты — гэта, перш за ўсё, каманда, працавітасць і працоўная дысцыпліна», — падзяліўся ён. З гэтага дня Міхаіл Гумнянкоў носіць ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Але, паводле яго слоў, гэта заслуга ўсяго калектыву. Дырэктар гаспадаркі асабліва адзначыў дзяржаўную падтрымку, якая аказваецца сельгаспрадпрыемствам. «У тых момантах, дзе нашай гаспадарцы патрэбна дапамога дзяржавы, мы заўсёды яе атрымліваем і ўсе пытанні вырашаюцца», — расказаў Міхаіл Гумнянкоў.
У гэтым сезоне надвор’е падкінула аграрыям нямала праблем. Але спецыяліст перакананы, што прычын для панікі няма. «Мы працуем у штатным рэжыме. Азімыя перазімавалі нармальна», — запэўніў ён.
Намеснік камандзіра авіяцыйнага атрада — начальнік аддзела трэніровак ААТ «Авіякампанія «Белавія» Уладзімір Кашавец цяпер «Заслужаны пілот Рэспублікі Беларусь». За яго плячыма — 20 тысяч гадзін налёту, у прафесіі ён з 1986 года.
І, па яго словах, рамантыка не знікла, неба ўсё гэтак жа хвалюе, а палёты прыносяць задавальненне. Напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне заслужаны пілот пажадаў толькі аднаго — мірнага неба.