Форум, у якім, як плануецца, возьмуць удзел прэзідэнты Беларусі і Расіі, адбудзецца ў канцы красавіка ў Валгаградзе. Колішні Сталінград па праве лічыцца горадам-сімвалам Вялікай Перамогі: тут адбылася легендарная бітва, якая змяніла ход Вялікай Айчыннай вайны. Па колькасці беззваротных страт Сталінградская бітва стала адной з самых крывавых у гісторыі чалавецтва. Тут савецкі народ даказаў усяму свету, што перамагчы яго немагчыма. Аб гэтым, ужо праз 80 гадоў, будуць казаць і нашчадкі пераможцаў, якія свята захоўваюць памяць аб тых падзеях.
У рамках форуму запланавана правядзенне пленарнага пасяджэння, дзвюх секцый. Іх тэмы — «Захаванне і абарона агульнай гістарычнай памяці», «Патрыятычнае выхаванне на аснове гістарычных ведаў». Акрамя таго, на палях форуму адбудзецца пасяджэнне Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі.
Падчас нарады ў Палаце прадстаўнікоў прысутнічалі дэлегаты будучага форуму. Сярод іх — вядучыя гісторыкі нашай краіны, людзі, якія займаюцца пытаннямі патрыятычнага выхавання моладзі. Дэлегатаў праінфармавалі аб праграме форуму, размеркавалі іх удзел па секцыях, вызначыліся з тэматыкай выступленняў.
Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, ідэя правесці форум нарадзілася падчас правядзення Савета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. «Мэта форуму — паказаць веліч подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — акцэнтаваў увагу спікер. Ëн падкрэсліў, што гэта не навуковая канферэнцыя, а міжнародны патрыятычны, асветніцкі форум, які носіць больш ідэалагічную скіраванасць.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што сёлета святкаванне юбілейнай даты Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне адзначаецца як заўсёды комплексна і арганізавана. «Інакш і быць не можа, паколькі гэта традыцыя стала сапраўды ўсенароднай», — падкрэсліў ён.
Ігар Сергяенка звярнуў увагу прысутных на тое, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў літаральна кожны тыдзень праводзяць работу, накіраваную на захаванне гістарычнай праўды, памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, масавым гераізме народа, выхаванне патрыятызму сярод моладзі. У прыватнасці, на днях адбыліся другія парламенцкія чытанні на тэму «Партызанскі рух і падпольная барацьба ў Беларусі: гераізм і стойкасць народа ў імя Перамогі».
Як расказаў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Лепяшко, удзел у форуме прымуць дэлегацыі амаль з 20 краін. «У складзе беларускай дэлегацыі будуць прадстаўнікі не толькі парламента, але і грамадскіх арганізацый, рэктары вышэйшых навучальных устаноў, прарэктары па ідэалагічнай рабоце, дырэктары гімназій і школ, цэнтраў патрыятычнага выхавання, прадстаўнікі навуковай супольнасці», — канкрэтызаваў ён.
Па словах дэпутата, асноўны пасыл форуму — захаваць і абараніць гістарычную праўду. «Вельмі шмат у апошні час спроб яе сказіць, — патлумачыў парламентарый. — Практыка паказала: толькі разам мы можам абараніць тую спадчыну, якую перададзім потым нашай моладзі».
Дарэчы, маладыя людзі стануць актыўнымі ўдзельнікамі форуму. Каля 20 чалавек у дэлегацыі з Беларусі — прадстаўнікі Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе.
Фота з Тэлеграм-канала Палаты прадстаўнікоў