Top.Mail.Ru

Вялікую Перамогу здабывалі мільёны радавых чырвонаармейцаў

Гэты ліст прыйшоў па звычайнай пошце, у звычайным канверце. Невялічкі зусім — адна староначка…


І шэсць фотакартак, з якіх не проста ў вочы, а ў душу нібыта паглядзелі такія маладыя, такія прыгожыя людзі…

Не змірыцца з тым, што іх болей няма, што нехта загінуў на той клятай вайне, нехта — застаўся калекам, хутка памёр... Хіба адзін з сотняў ветэранаў (на пачатак года іх у краіне меней за тысячу) жыў доўга: паспеў нарадзіць дзяцей, насадзіць дрэў, набудаваць дамоў, напісаць і выдаць свае мемуары, зняць фільмы, пакінуць зборнікі паэзіі і прозы, оперы, карціны…

Але ж трэба помніць, што яе, і сапраўды Вялікую Перамогу, здабывалі не толькі маршалы і генералы, не толькі творцы, — мільёны радавых чырвонаармейцаў; што сярод герояў-партызан, апроч К. С. Заслонава, П. М. Машэрава, М. П. Шмырова (бацькі Міная), была і цётачка Мар’я, якая на апошніх месяцах цяжарнасці хадзіла ў разведку; быў дзед Базыль з суседняга мястэчка…

Іх фотакарткі цяпер хіба ў сямейных альбомах, іх імёны ды прозвішчы — на іх жа надмагільных помніках, а трэба ж, каб і ў памяці... Не толькі родных.

Такім чынам — ліст:

«Мой тата, гвардыі старшы лейтэнант Мікіта Фёдаравіч Бачанкоў, нарадзіўся 1 красавіка 1911 года на Смаленшчыне і звязаў сваё жыццё з арміяй. Спачатку была тэрміновая служба, затым звыштэрміновая, удзел у фінскай вайне, дзе загінулі дзясяткі тысяч салдат. Тата потым казаў, што да месца дыслакацыі іх лыжнае падраздзяленне ў літаральным сэнсе ішло па заснежаных трупах. Там ён абмарозіў ногі.

Пасля гэтага яго накіравалі ў Разанскае аўтамабільнае вучылішча, а па заканчэнні — ужо на фронт: з перапынкамі на шпіталі ён прайшоў праз усю вайну. Найцяжэйшае раненне атрымаў пры вызваленні Чэхаславакіі і да лістапада 1945-га знаходзіўся на лячэнні.

...Гэтыя небагатыя звесткі я атрымала ўжо ў сталым веку па надпісах на адваротных баках татавых ваенных фатаграфій. Сам ён рана пайшоў з жыцця, вайна падкасіла яго здароўе, а лекаў тады амаль не было.

Я памятаю хіба таблеткі белага і чырвонага стрэптацыду. Мы з сястрычкай з імі гулялі.

Са шпіталя тату прыносілі яшчэ бутэлькі хлорыстага калію (у той час вельмі дэфіцытнага), але ж я чакала дакторку не з-за лекаў. Жанчына здавалася мне вельмі прыгожай і добрай, бо заўсёды песціла мяне.

Вось якія дробязі западаюць у памяць з дзяцінства!

...Узнагароды мой тата не насіў, але на кіцелі і пінжаку былі прымацаваны ордэнскія планкі і нашыўкі за раненні. Мне падабаліся жоўтая і чырвоная — іх я бачыла, калі тата браў мяне на рукі.

Як і ўсе франтавікі таго часу, ён не любіў успамінаць, расказваць пра вайну, але з гутарак за святочным сталом я зразумела, што яна — гэта не толькі подзвігі і геройства. Гэта пекла і найцяжэйшая штодзённая праца на мяжы чалавечых магчымасцяў, калі па глыбокім снезе, па балоце, у бездараж людзі на сваіх плячах выносілі тэхніку, піхалі машыны…

Чула яшчэ, што ні ў адным войску няма больш такіх салдат, як савецкія, — з іх цярпеннем і прагай справядлівай адплаты за спаленыя, разрабаваныя, сцёртыя з твару зямлі гарады і вёскі.

Тата меў спецыяльнасць аўтамабіліста і ганаровае званне гвардзейца. Гэта дае мне падставы меркаваць, што ён ваяваў у артылерыі. Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (а яго проста так не давалі), медалямі «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі»,

за «Перамогу над Германіяй».

Вось і ўсё, што я помню».

Гэты ліст віцябчанка Святлана Мікітаўна Бачанкова напісала пра свайго тату.

Вы — можаце пра свайго... «Звязда» — праз публікацыю лістоў і здымкаў — паспрабуе засведчыць, што ў нас сапраўды ніхто не забыты і нішто не забыта, бо, паводле Васіля Быкава, менавіта «памяць аб крывавых выпрабаваннях у мінулым, вайне, ёсць найлепшы гарант міру і існавання розных народаў на нашай зямлі».

Пішыце!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю