Пра тое, хто такі. Ганс Ойген Зіглінг, і якія ён учыніў злачынствы на беларускай зямлі, ужо расказвалася на старонках «Звязды». І вось у сакавіку Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў нацысцкага карніка вінаватым у генацыдзе беларускага народа. Аднак у сувязі са смерцю Зіглінга ў 1978 годзе прыгавор пастаноўлены без прызначэння пакарання.
Судом прызнаныя даказанымі факты ўчынення Гансам Зіглінгам усіх 13 эпізодаў злачынных дзеянняў, па якіх былі прад’яўлены абвінавачанні. Учыненыя зверствы былі рэалізаваны ў рамках плана кіраўніцтва нацысцкай Германіі і вермахта, накіраванага на поўнае планамернае знішчэнне беларускага народа як нацыянальнай этнічнай групы шляхам забойства і наўмыснага стварэння такіх умоў, якія разлічаны на фізічнае знішчэнне. Пра гэта паведаміла журналістам дзяржаўны абвінаваўца Каліна Гарошка:

— Выконваючы злачынныя загады вышэйстаячага кіраўніцтва, Ганс Зіглінг асабіста і сумесна з удзельнікамі ўзначаленых ім злачынных фарміраванняў — украінскай паліцэйскай роты і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, а таксама сумесна з удзельнікамі асобага батальёна СС Дзірлевангера — праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, здзейсніў забойствы, у тым ліку масавыя, знішчэнне цалкам або часткова 11 сельскіх населеных пунктаў.

Крыніцамі доказаў з’явіліся матэрыялы архіўных крымінальных спраў, паказанні, дадзеныя асуджанымі ўдзельнікамі ўкраінскай паліцэйскай роты і 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, паказанні сведак, якія з’яўляюцца відавочцамі разгледжаных фактаў, а таксама сведак, якім трагічныя факты сталі вядомыя ад выжыўшых сваякоў, матэрыялы з архіўных фондаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Акрамя таго, крыніцай доказаў сталі дакументы, якія паступілі з Германіі ў рамках выканання просьбы аб міжнародна-прававой дапамозе, гістарычныя і навуковыя матэрыялы, іншыя фактычныя даныя, — адзначыла дзяржаўны абвінаваўца.
Па словах Каліны Гарошкі, у сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя савецкія праваахоўныя органы сабралі падрабязную інфармацыю аб злачынствах Зіглінга на беларускай зямлі, пасля чаго гэтыя матэрыялы былі накіраваныя германскаму правасуддзю. Аднак нямецкі суд не палічыў патрэбным выносіць прыгавор нацысцкаму злачынцу за недахопам доказнай базы. Яму зноў удалося пазбегнуць адплаты.

Дзяржаўны абвінаваўца падкрэсліла, што дадзенае рашэнне Вярхоўнага Суда яшчэ раз дазволіла нагадаць сусветнай супольнасці, у тым ліку асобным краінам калектыўнага Захаду, якія спрабуюць сказіць праўду, а таксама беларускай грамадзянскай супольнасці аб той кровапралітнай і жорсткай вайне, якая адбывалася на тэрыторыі
Беларусі.
Меркаванне
Каб і ўнукі, і праўнукі іх ведалі
А вось як пракаментаваў прыгавор афіцэру СС Гансу Зіглінгу старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь Валерый НАДТАЧАЕЎ:

— Працэс асуджэння нацысцкіх злачынцаў у Беларусі працягваецца. За праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны захопнікамі і іх памагатымі неймаверную жорсткасць сёння іх справы разглядае Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Вынесены прыгаворд Гітлінгу, і ён не апошні ў дадзеным спісе.
На жаль, нацызм апынуўся непераможным. Былі разгромлены ўзброеныя сілы Германіі, акупавана яе тэрыторыя, праводзілася дэнацыфікацыя. І тут мы бачым, як у іншай частцы еўрапейскага кантынента нацызм сёння зноў абуджаецца, бярэ ў рукі зброю і забівае ні ў чым не вінаватых людзей, разбурае населеныя пункты, распраўляецца з ваеннапалоннымі і гэтак далей. Значыць, трэба працягваць барацьбу з ім, у тым ліку і прававымі метадамі, як гэта адбываецца ў нас у Беларусі. Гэты працэс наглядна паказаў шырокай грамадскасці, што мы ўсё памятаем, нічога не забываем. І няхай праз шмат гадоў, але абвінаваўчы прыгавор усё роўна прагучыць.
Адзначу, што маштаб Другой сусветнай вайны быў велізарны, вайсковую форму насілі мільёны, і не дзіўна, што ў атмасферы першых мірных дзён камусьці з нацыстаў атрымалася пазбегнуць адплаты. Няхай справядлівасць перамагла праз дзесяткі гадоў, эфект ад дадзенага працэсу, упэўнены, будзе. Бо ў кожнага такога злачынца ёсць нашчадкі, родныя, якія спакойна жывуць дзе-небудзь у Германіі, Аўстрыі, Канадзе. Некаторыя нават вядуць паспяховы бізнес. Але сёння праз Інтэрнэт інфармацыя распаўсюджваецца па ўсім свеце. Як ім будзе даведацца пра дзеянні сваіх бацькоў і дзядоў? Як гэта — адчуваць сябе нашчадкамі катаў?! І жыць з гэтым далей...
Сяргей Ручанаў