Top.Mail.Ru

Вяртаюцца старыя графічныя вобразы

У Выдавецкім доме «Звязда» стала добрай традыцыяй перавыданне коласаўскай спадчыны з афармленнем ранейшых дзесяцігоддзяў.


Адна з навінак — кніга «Савось-распуснік» з ілюстрацыямі Валянціна Волкава да выдання 1936 года. Валянцін Віктаравіч Волкаў (1881 — 1964) — вядомы беларускі жывапісец, які нарадзіўся ў горадзе Ялец Арлоўскай губерні. Гэта яго карціна «Мінск 3-га ліпеня 1944 года» і зараз вядомая ці не кожнаму беларусу. Народны мастак БССР (званне атрымаў у 1955 годзе), ён займаўся і кніжнай графікай. 

Да выдання вершаванага апавядання Якуба Коласа «Савось-распуснік», якое было ажыццёўлена ў 1936 годзе, мастак выканаў каля двух дзесяткаў ілюстрацый. «...Зваўся хлопчык наш Савось./ Ой, і быў жа ён дураслівы!..» Следам за паэтам Валянцін Волкаў дамалёўваў партрэт грубіяна і шкодніка, неўтаймаванага падлетка. Гумар, іронія, уласцівыя коласаўскаму герою, — і ў кожным малюнку Валянціна Волкава. 

Наклад выдання твора «Савось-распуснік», які, дарэчы, доўгі час займае сваё аўтарытэтнае месца ў школьнай праграме для 3 класа (у спісе для пазакласнага чытання), — 2 000 экзэмпляраў. Няма ніякага сумення, што кніжачка з добра знаёмым многім пакаленням беларусаў творам імгненна разыйдзецца і з выдавецтва і з кнігарняў краіны, дзе яна ўжо зараз распаўсюджваецца. Дарэчы, знайсці «Савося-распусніка» можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй Беларусі і ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Некаторы час назад Выдавецкі дом «Звязда» выдаў «Міхасёвы прыгоды» Якуба Коласа таксама з ілюстрацыямі да першага кніжнага выдання твора — у 1936 годзе. Выканаў іх, праўда, іншы Волкаў — Анатоль Валянцінавіч. Анатоль Волкаў ілюстраваў і іншыя творы народнага песняра — «Новую зямлю» (выданне 1949 года) і славутую «Дрыгву» (выданне 1940 года).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю