Кошыкі, якія сплецены жыхарамі павета Бабай, што ў Гуансі-Чжуанскім аўтаномным раёне (Паўднёвы Кітай), прадаюцца больш чым у 50 краінах і рэгіёнах свету, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Бабай нездарма называюць «сталіцай плеценых вырабаў Кітая». Прадукцыя з бамбуку, ратангу, дрэва, траў і іншых матэрыялаў адсюль экспартуецца ў краіны Еўропы, Амерыкі, Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі. За апошнія 50 гадоў у павеце з некалькіх невялікіх майстэрняў вырасла 386 прадпрыемстваў па вытворчасці плеценых вырабаў. З 1,9 мільёна мясцовых жыхароў больш за 200 тыс. займаюцца гэтым рамяством.
«Жыхары Бабая вельмі працавітыя. Як толькі з’яўляецца вольны час, яны бяруцца за пляценне, павялічваючы даход», — расказвае Ту Чуньсяа, якая пасля заканчэння ўніверсітэта вырашыла застацца ў Бабаі і ўжо больш за 20 гадоў працуе ў сферы экспарту плеценых вырабаў. З 2009 года прадпрымальніца штогод удзельнічае ў Гуанчжоўскім (Кантонскім) кірмашы, таксама вядомым як Кітайскі кірмаш імпартных і экспартных тавараў. Пры сваім першым удзеле ў кірмашы Ту Чуньсяа атрымала заказы на 500 тысяч долараў ЗША. Яна адзначае, што замежныя пакупнікі шануюць унікальнасць ручной працы: нават адзін майстар не стварае двух абсалютна аднолькавых вырабаў. Сёння 90 % яе заказаў паступаюць ад кліентаў з Кантонскага кірмашу, а кампанія пашырыла сваю прысутнасць на выставе з аднаго да шасці стэндаў.
Сёлета самым папулярным таварам у Ту Чуньсяа стаў кошык для захоўвання бульбы і цыбулі, які арыентаваны на турэцкі рынак. Бамбукавы кошык з тканкавай устаўкай і перагародкай дазваляе захоўваць віды гародніны паасобна.
Пляценне дае работу многім мясцовым жанчынам, дазваляючы сумяшчаць клопат аб дзецях з зарабляннем грошай. Прадпрыемствы дастаўляюць матэрыялы дадому, а пасля базавага пляцення забіраюць вырабы для канчатковай апрацоўкі.