Top.Mail.Ru

Выбар на карысць здароўя: праект па прафілактыцы вэйпінгу сярод моладзі запусцілі ў Беларусі

Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь абвясціў аб старце новага кірунку інфармацыйна-прафілактычнага праекта «Маладзёжны шчыт». Калі раней праект быў сфакусаваны на супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, то цяпер яго дзейнасць будзе накіравана на яшчэ адну вострую тэму — прафілактыку залежнасці ад электронных сістэм курэння (вэйпаў) сярод падрастаючага пакалення, расказала старшыня Маладзёжнага савета Аліна Рацькова. Пра гэта паведамляе БелТА.


«Сёння як ніколі важна праводзіць прафілактычную работу, прычым размаўляць з моладдзю на зразумелай і даступнай мове. Нельга проста забараняць, трэба тлумачыць, прыводзіць рэальныя прыклады небяспекі, паказваць альтэрнатывы», — упэўнена Аліна Рацькова. 

Ключавым інструментам новага кірунку стане ўнікальная інтэрактыўная прэзентацыя, распрацаваная членамі Маладзёжнага савета спецыяльна для правядзення адкрытых дыялогаў з навучэнскай і працоўнай моладдзю.

«Мы пастараліся зрабіць матэрыялы максімальна інфарматыўнымі і карыснымі. Гэта не сумная лекцыя, а жывая размова, — адзначыла Аліна Рацькова. — Сабрана вычарпальная інфармацыя: статыстыка, фота- і відэаматэрыялы. Мы развенчваем сем асноўных міфаў аб вэйпах. Гэта той выварат, які моладзь павінна ўбачыць на свае вочы, каб зразумець, хто і як зарабляе на іх здароўі».

У адрозненне ад сухой статыстыкі, гэтыя матэрыялы закліканы выклікаць эмацыянальны водгук і паказаць рэальныя пагрозы, якія хаваюцца за яркім пакаваннем і салодкімі водарамі вэйпаў.

Падчас сустрэч спікеры праекта адкажуць на самыя актуальныя пытанні: чым вэйп адрозніваецца ад звычайнай цыгарэты, у чым небяспека вадкасцяў для курэння, якія медыцынскія і прававыя наступствы чакаюць спажыўцоў. Асаблівы акцэнт зроблены на развянчанні папулярных міфаў. Слухачам наглядна дакажуць, што вэйпы не з’яўляюцца бяспечнай альтэрнатывай звычайным цыгарэтам, шкодныя для навакольных (пасіўнае курэнне), не дапамагаюць кінуць курыць, могуць выбухаць, не вырашаюць псіхалагічныя праблемы, насамрэч не танней, калі лічыць выдаткі на здароўе, небяспечныя з-за адсутнасці дакладнага кантролю за складам вадкасцяў.

Новы этап праекта абяцае быць маштабным не толькі па змесце, але і па геаграфіі. Члены Маладзёжнага савета плануюць ахапіць кожны раён краіны.

Інфармацыйна-прафілактычны праект «Маладзёжны шчыт» працуе з 14 лістапада 2023 года. Першапачаткова ён быў накіраваны на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркатычных рэчываў і прафілактыку наркаманіі сярод моладзі. За гэты час у яго рамках ужо праведзена больш за 410 сустрэч членамі Маладзёжнага савета. Цяпер гэта работа будзе ўзмоцнена новым кірункам па барацьбе з вэйпінгам.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю