Top.Mail.Ru

Выбарчыя камісіі Беларусі і Кыргызстана выводзяць супрацоўніцтва на новы ўзровень

Выбарчыя камісіі Беларусі і Кыргызстана выводзяць супрацоўніцтва на новы ўзровень. Гэта прадугледжана падпісаным сёння ў Мінску пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж цэнтральнымі выбарчымі органамі дзвюх краін, паведаміла БелТА.


Паводле слоў старшыні ЦВК Беларусі Ігара Карпенкі, падпісанне пагаднення адкрывае новыя перспектывы для двухбаковага ўзаемадзеяння і ўмацавання прафесійнай дзейнасці камісій.


«Мы ўзаемадзейнічаем у рамках і Кансультатыўнага савета кіраўнікоў выбарчых органаў краін СНД, і іншых міжнародных арганізацый, такіх як Сусветная асацыяцыя выбарчых органаў. Але двухбаковае пагадненне адкрывае дадатковыя магчымасці не толькі для абмену інфармацыяй, абмену вопытам, тэхналогіямі, вывучэння і ўкаранення гэтых тэхналогій, але і для больш цесных кансультацый для ўзаемадзеяння ў рамках дзейнасці міжнародных структур, у якіх мы актыўна працуем», — сказаў Ігар Карпенка.


Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Кыргызскай Рэспублікі Тынчтык Шайназараў адзначыў, што пагадненне — фундамент, дакумент, які дасць магчымасць умацаваць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў частцы прафесійнай дзейнасці выбарчых камісій.

Паводле яго слоў, існуючы ў Беларусі вопыт работы ЦВК з моладдзю і насельніцтвам па асвеце, уключанасці моладзі ў грамадска-палітычнае жыццё Беларусі будзе выкарыстаны ў Кыргызстане.

Старшыня ЦВК Беларусі выказаў перакананасць у тым, што знаходжанне ў Мінску калег з Кыргызстана было карысным для іх з пункту гледжання аналізу той работы, якая праводзіцца ў Беларусі па прававой асвеце грамадзян, навучанні патэнцыяльных арганізатараў выбараў. «Сапраўды, нам ёсць што абмяркоўваць. Упэўнены, што сённяшняя падзея — падпісанне пагаднення — адкрые новыя перспектывы для нашага ўзаемадзеяння», — сказаў ён.

У прыватнасці, паводле слоў Ігара Карпенкі, ужо ёсць дамоўленасць аб тым, каб запрасіць прадстаўнікоў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Кыргызскай Рэспублікі на чарговую канферэнцыю, якую будзе праводзіць акадэмічная супольнасць Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю