Місія назіральнікаў ад СНД — найбольш шматколькасная міжнародная місія, якая вяла назіранне за выбарамі Прэзідэнта Беларусі. У склад місіі ўваходзіла 296 прадстаўнікоў з сямі дзяржаў Садружнасці. На працягу датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў назіральнікі ад місіі СНД наведалі 2383 выбарчыя ўчасткі ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Ажыццяўляць маніторынгавую дзейнасць у нашай краіне місія ад СНД пачала 19 снежня. За паўтара месяца работы назіральнікі мелі добрую магчымасць назіраць за падрыхтоўкай да выбраў, за правядзеннем датэрміновага галасавання і галасавання ў асноўны дзень, што дазволіла даць аб’ектыўную ацэнку галоўнай электаральнай падзеі.
«Тыя ацэнкі, да якіх мы прыйшлі ў выніку назірання за выбарамі, грунтоўныя і аб’ектыўныя, — падкрэсліў кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД, Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. — Мы глыбока ўпэўнены ў тым, што наша выніковая ацэнка адказвае рэаліям. І ўсе іншыя ацэнкі, асабліва здалёку, не маюць ніякай падставы. Выбары былі адкрытымі, дэмакратычнымі».
Па словах Генсека СНД, назіральнікамі ад Садружнасці грубых парушэнняў у ходзе правядзення выбараў заўважана не было. «Мы не ставілі сваёй задачай выявіць пэўныя недахопы, упушчэнні, маўчаць аб іх, а потым пасля выбараў размахваць імі, як некаторыя заходнія назіральнікі робяць, — удакладніў Сяргей Лебедзеў. — Калі мы дзесьці бачылі нейкія ўпушчэнні, мы адразу ж звярталіся да адпаведных кіраўнікоў, як правіла, старшыняў участковых выбарчых камісій, і ўказвалі на іх».
Кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД падкрэсліў: «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праведзены ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, былі свабоднымі, празрыстымі, канкурэнтнымі, адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў. Выбары забяспечылі права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабоду выяўлення».
Генсек СНД адзначыў высокую яўку на выбарах. «Выбаршчыкі сваёй актыўнасцю пацвердзілі зацікаўленасць у захаванні міру, стабільнасці, дабрабыту ў сваёй краіне», — рэзюмаваў Сяргей Лебедзеў.
Фота Лізаветы ГОЛАД