Top.Mail.Ru

Выбраць прафесію маладому чалавеку трэба дапамагаць яшчэ ў школе

Выбар прафесіі — адно з самых значных рашэнняў у жыцці кожнага маладога чалавека, якое вызначае будучыню, а таксама ўплывае на развіццё эканомікі краіны. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе пытанню ўсебаковай падтрымкі моладзі вялікую ўвагу. На нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы ў верасні 2023 года Прэзідэнт Беларусі заявіў, што найбольш таленавітыя, перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваныя ў нас, на Радзіме. Для гэтага кіраўнік дзяржавы даручыў забяспечыць нашай моладзі ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне.



Сёння сістэма адукацыі Беларусі ўдзяляе асаблівую ўвагу фарміраванню ў школьнікаў усвядомленага стаўлення да выбару жыццёвага шляху, укараняючы сучасныя формы прафарыентацыі, уключаючы супрацоўніцтва з прадпрыемствамі рэальнага эканамічнага сектара. У аснове гэтых працэсаў — інавацыйныя падыходы, лічбавыя інструменты і практычная накіраванасць навучання, якія дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з запатрабаванымі спецыяльнасцямі і зрабіць выбар, які адпавядае іх інтарэсам і здольнасцям.

На хвалі сучаснасці

Як адзначыла намеснік начальніка вучэбнага цэнтра бесперапыннай прафесійнай адукацыі ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы» Юлія БУДЗЬКО, за апошні час рынак працы зведаў значную трансфармацыю: «Перспектыўнымі становяцца зусім новыя для нас прафесіі. Часам іх нават называюць „прафесіямі будучыні“ — камп’ютарныя лінгвісты, робататэхнікі, спецыялісты па штучным інтэлекце, дапоўненай рэальнасці, воблачных тэхналогіях і не толькі, здольныя вырашаць прынцыпова новыя задачы. Установы адукацыі хутка рэагуюць на выклікі рынку працы і адкрываюць набор на падрыхтоўку па запатрабаваных спецыяльнасцях».

Больш за 1,2 тысячы спецыяльнасцяў і кваліфікацый даступныя абітурыентам для паступлення ў Беларусі. З іх прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 122, сярэдняй спецыяльнай — 247, вышэйшай — 501 і 360 спецыяльнасцяў для падрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцяў Рэспублікі Беларусь абнаўляецца двойчы ў год, што дазваляе аператыўна рэагаваць на змены эканомікі: выключаць незапатрабаваныя кірункі і ўводзіць новыя. Так, напрыклад, па ініцыятыве Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у адпаведнасці з заяўкамі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў была ўведзена спецыяльнасць «Экалагічныя інавацыі і бізнес-праектаванне» з атрыманнем ступені магістра. Дадзены кірунак быў падтрыманы Нацыянальнай акадэміяй навук. Адметнай асаблівасцю гэтай спецыяльнасці з’яўляецца фарміраванне кампетэнцый у спецыяліста па распрацоўцы бізнес-мадэляў, укара-ненні новых тэхналогій у галіне прыродакарыстання, аднаўляльных крыніц энергіі ў рамках развіцця ключавых элементаў зялёнай эканомікі.

Шукай прафесію ў дзённіку

Адсутнасць сістэмнай падтрымкі і інавацыйных падыходаў з боку педагогаў падчас дапамогі вучню ў выбары прафесіі можа прывесці да пэўных наступстваў, такіх як тармажэнне развіцця асобы, а таксама да эканамічных страт, калі студэнт пасля вучобы працаваць па прафесіі не будзе. На гэта звярнула ўвагу загадчык кафедры псіхалогіі, зместу і метадаў выхавання ДУА «Акадэмія адукацыі», кандыдат сацыялагічных навук Наталля ЗАЛЫГІНА. Паводле яе слоў, праводзіць работу па прафесійна-адукацыйным самавызначэнні трэба не толькі са школьнікамі, але і з іх бацькамі. «Выключна сваімі сіламі такую дзейнасць па падтрымцы прафесійна-адукацыйнага самавызначэння школа ажыццявіць не можа. Таму кожная ўстанова адукацыі стварае цяпер сваю сетку ўзаемадзеяння», — дадала Наталля Залыгіна.

Акадэмія адукацыі ў сваю чаргу таксама ўносіць уклад у гэтую справу, забяспечваючы педагогаў праграмай, якая дазваляе праводзіць прафарыентацыйную работу на высокім узроўні. Для абітурыентаў па заказе Міністэрства адукацыі быў распрацаваны «Дзённік прафесійнага самавызначэння», пры дапамозе якога можна не толькі зразумець свае інтарэсы, здольнасці і нават улічыць стан здароўя, але і скласці дакладны план: ад паступлення да кар’ернага росту. Атрымліваецца, гэта своеасаблівы навігатар па пошуку прафесіі.

Выбар прафесіі па прызванні

У гэтым навучальным годзе ў краіне адкрыта 967 класаў педагагічнай накіраванасці, дзе навучаюцца 9315 старшакласнікаў. Іх колькасць пастаянна павялічваецца, што адлюстроўвае павялічаную цікавасць да прафесіі настаўніка. Прыкладам паспяховага функцыянавання педагагічных класаў падзяліўся намеснік дырэктара сталічнай сярэдняй школы № 155 Міхаіл ІГНАТОВІЧ. «Педагагічныя класы — свайго роду творчая лабараторыя для будучага педагога. Гэта не проста дасканалае вывучэнне прадметаў, а мэтанакіраванае паглыбленне ў педагагічнае асяроддзе. Наш шлях пачаўся ў 2018-м з адкрыццём першага профільнага класа. За сем гадоў было выпушчана 14 такіх. Дзейнасць навучэнцаў не абмяжоўваецца вывучэннем праграмы, яны ўдзельнічаюць у арганізацыі дзён самакіравання, выхаваўчых мерапрыемствах, а таксама актыўна ўзаемадзейнічаюць з вядучымі ВНУ. Навучэнцы не толькі атрымліваюць цэласнае ўяўленне аб прафесіі педагога, але і развіваюць ключавыя навыкі ХХІ стагоддзя: крэатыўнасць, уменне працаваць у камандзе, крытычнае мысленне». Сёння імідж педагога знаходзіцца на досыць высокім узроўні ў грамадстве. Настаўнікаў, якія падыходзяць да сваёй справы з душой і поўнай аддачай, любяць і паважаюць. Таму маладое пакаленне з вялікай цікавасцю глядзіць і выбірае гэтую прафесію яшчэ ў школе.

Яна ВАЛАСАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю