Top.Mail.Ru

Выдадзена анталогія гераічнай памяці

Незвычайная кніга, складзеная з твораў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, пабачыла свет: зборнік «Каб камяні маглі гаварыць...» па праву можна назваць анталогіяй болю і гневу, анталогіяй памяці пра гераічныя і драматычныя падзеі ў Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе. 


Пад адной вокладкай сабраны вершы, урыўкі з розных паэтычных і празаічных твораў, у якіх паэты, празаікі, драматургі выклалі сваё бачанне таго, што адбывалася ў Брэсцкай крэпасці, чаму яна носіць імя «крэпасць-герой». Адкрывае кнігу знакаміты верш Роберта Раждзественскага: «...Знічка ў чыстым небе не міргае. / І да плыні поўнач ледзь ільне... / А над Брэстам цішыня такая, / Нібы свет аглух на той вайне. / На граніцы, на роднай зямлі / На світанні сірэны завылі. / Сталі мёртвыя побач з жывымі / І навек у бяссмерце пайшлі...» Пераклаў на беларускую мову гэтыя радкі Іван Калеснік. У кнізе памяці — урывак з рамана расійскага празаіка Мікалая Чаркашына «Брэсцкія вароты», вядомыя вершы Льва Ашаніна, Сяргея Астравога, паэтычныя творы Алеся Бачылы, Сымона Блатуна, Еўдакіі Лось, Юрася Свіркі, Пімена Панчанкі, а таксама нашых сучаснікаў — Віктара Шніпа, Таццяны Дземідовіч, Таццяны Яцук, Ніны Загорскай... Сваімі развагамі пра Брэст падзяліўся і в’етнамскі паэт Май Ван Фан (яго радкі пераклала паэтэса з Брэстчыны Настасся Нарэйка). Сярод аўтараў кнігі — і ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці добра вядомы ў Беларусі дзіцячы пісьменнік Алесь Махнач.

Зборнік «Каб камяні маглі гаварыць...» — добры падручнік мастацкага, выхаваўчага характару ў справе героіка-патрыятычнага выхавання моладзі, школьнікаў.

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю