Словы пра жывапісца Уладзіміра Кожуха.
Вучнёўства
Валодзя Кожух хадзіў у выдатніках. Ён быў такім ідэальным вучнем, як той Ван Дэйк у мэтра Рубенса. Валодзя мог напісаць карціну, як яго настаўнік і нават лепей за настаўніка, бо меў лёгкую руку маньерыста. У вучэльні Кожух напісаў дыплом пад Альгерда Малішэўскага. Дыплом доўгі час вісеў на калідоры, і навучэнцы захапляліся каларытам, выбудаваным на смарагдавых, зялёных, пурпуровых і чырвоных колерах. У інстытуце нейкі час Валодзя ўсё яшчэ знаходзіўся пад уплывам Малішэўскага, але дыпломная карціна «Свята ўраджаю» пісалася не пад Малішэўскага, а пад Пятра Крохалева. За той дыплом Кожуха хвалілі і нават падаравалі яму цэлы дом у вёсцы, каб малады мастак змог там жыць, працаваць і вучыць тамтэйшых дзяцей маляванню. З вёскі Валодзя вярнуўся ў Мінск, каб зноў пайсці ў вучні. Гэтым разам ён паступіў у акадэмічную майстэрню да Міхаіла Савіцкага, дзе напісаў палатно «Чэрвень. 1941 год». Каб я не бачыў, як пісалася тое палатно, а нехта мне сказаў, што гэта новая карціна самога Савіцкага, я мог бы і паверыць. Дарэчы, калі ў Міхаіла Савіцкага пыталі пра вучняў, дык ён казаў, што самым здольным сярод іх быў, безумоўна, Валодзя Кожух. Праўда, Савіцкі яшчэ і дадаваў колькі слоў пра сваё расчараванне найлепшым вучнем, бо ён, замест таго каб пісаць сацыяльна значныя карціны, пачаў рабіць малафарматныя карцінкі ў салон на продаж. Самае цікавае ў вучнёўстве Валодзі Кожуха тое, што ён змог пахадзіць у любімых вучнях вельмі розных мастакоў.
Часопісы
У маім мастакоўскім дзяцінстве сярод іншых радасцяў быў і балгарскі часопіс «Карцінная галерэя». Яго рускамоўная версія прадавалася ў шапіках «Саюздруку». Да першага студзеньскага нумара дадавалася яшчэ і кардонная папка, каб у яе можна было назбіраць увесь гадавы камплект. У «галерэі» друкавалі Мадыльяні і Пікаса, балгарскіх жывапісцаў, вядомых і маладых: Русева, Яранава, Баяджыева, востраслоўныя показкі ды гісторыі ў стылі Данііла Хармса. Калі я прыйшоў працаваць у часопіс для школьнікаў «Бярозка», прапанаваў для некалькіх разгортак узяць за прыклад напрацоўкі, зробленыя рэдакцыяй «Карціннай галерэі». Спадзяваўся, што некалі і ў Беларусі мы зможам рабіць дзіцячы часопіс для будучых мастакоў. Для такой разгорткі я і выбраў постаць Валодзі Кожуха, і напісаў пра яго эсэ на дзве старонкі і дадаў рэпрадукцый. Атрымалася першая публікацыя ўласна пра Кожуха, да мяне ніхто пра Валодзю эсэ не пісаў і не друкаваў. Рэпрадукцыі з яго карцін друкавалі, прозвішча згадвалі, але публікацыя ў «Бярозцы» стала першым літаратурным партрэтам маладога жывапісца. Дзякуючы гэтай публікацыі завязалася наша з Кожухам сапраўднае сяброўства, якое для мяне ўсё яшчэ і не скончылася.
Адзнака
Не трэба мець вялікага розуму, каб навучыцца адрозніваць праўдзівую высокую адзнаку ад ліслівай пахвальбы. Праўдзівасць, як і глупства, заўжды здзіўляе. Гэтак і я не чакаў, што Валодзя Кожух пахваліць мой маленькі нацюрморт з чырвоным крэслам і шэрай драпіроўкай. Ён пахваліў, я здзівіўся. Кожух сказаў, што гэта мая ўдача. Тая ўдача выйшла з трагедыі. Я чакаў натуршчыцу Тамару, а яна патэлефанавала і сказала, што зламала нагу і не зможа прыходзіць, пакуль не паправіцца. Калі паправіцца? Бог ведае калі. Я напісаў пустое крэсла і назваў нацюрморт «Дзень, калі натуршчыца зламала нагу». Зразумела, што атрымаўся перабор з літаратуршчынай, бо карціна зрабілася ілюстрацыяй да шматслоўнай назвы, а гэта кепска. Назва мусіць быць нейтральнай: яна належыць раме, а не карціне. І ўсё ж нацюрморт атрымаў ухвалу ад Валодзі Кожуха, што для мяне каштоўна.
Сустрэчы
Большасць маіх сустрэч з Кожухам былі выпадковымі. Адбывалася іх шмат, бо хадзілі мы з ім аднымі дарогамі. Заходжу ў кнігарню, а там ён купляе важкі том з прозай Фердынанда Селіна, і мы паўгадзіны гутарым пра бескампрамісную прозу французскага лекара, парыжаніна і мізантропа. Іду праспектам Незалежнасці і бачу Валодзю Кожуха з альбомам фотаздымкаў Дзяніса Раманюка. Валодзя паказвае кастрычніцкія краявіды, наздыманыя на Палессі ўсюдыісным Дзянісам і кажа, што падобныя здымкі натхняюць на жывапіс. Хто б мог падумаць, што Раманюк натхняў Кожуха... Прынамсі, для мяне гэта было навіной. На выставах мы з Кожухам адно віталіся, бо не хацелі прылюдна спаборнічаць у вастраслоўі і крытычных заўвагах пра творы калег. Цяпер, калі нашы сустрэчы засталіся ў далёкім мінулым, я больш цаню не запланаваныя, але выпадковыя, у іх была сапраўдная наканаванасць, а не спланаваны разлік і злабадзённая патрэба, было мастацтва без замоў і прымусу, чыстае мастацтва.
Партрэты
Ёсць у мяне такі запіс: «У метро краем вока бачыў мастака Кожуха. Сівая барада, высокі лоб, правільны нос, светлыя вочы... І ўся гэтая веліч, уся леанардаўская манументальнасць была правільна пасаджана на шырока разгорнутыя плечы. Партрэт! Бяры і малюй, не памылішся. З узростам усе мастакі робяцца падобнымі да... Не да карцін вялікіх майстроў і не да малюнкаў геніяў... Яны робяцца падобнымі да натуршчыкаў з мастацкага вучылішча». Пазней я сустрэў Валодзю Кожуха, і мы дамовіліся, што ў яго майстэрні намалюем адзін аднаго з натуры. Сумеснае маляванне ўсё адкладалася і даадкладалася да сыходу Валодзі ў свет цішыні і маўчання. Звычайна я стараюся не пераймацца тым, чаго не зрабіў, тым, чаго не дасягнуў і не набыў. Не склалася дык не склалася, але крыху крыўдна, што я не маю свайго партрэта ад Кожуха, мог жа мець, а не займеў. Не лёс. Суцяшаюся тым, што малюю Валодзю і пішу пра яго сяброўскія словы.
Парадоксы
У творчасці Кожуха для мяне ёсць дзве загадкі. Ён заўсёды ішоў у рэчышчы традыцый. Усе яго пошукі і знаходкі заўжды мелі трывалы грунт з музейных экспанатаў. Таму Валодзю Кожуха можна, не памыліўшыся, назваць кансерватарам, які няспешна крочыў эвалюцыйным шляхам. Разам з гэтым ён цікавіўся і нават захапляўся творчасцю авангардыстаў, хваліў і падтрымліваў Людмілу Русаву з яе радыкальным мінімалізмам і непрыняццем халтуры. Другой загадкай для мяне стаў пераход Кожуха ад суровага стылю да манернай дэкаратыўнасці, якую часам называюць этнамадэрнам. Падобны пераход рабілі і яго папярэднікі Віктар Папкоў і Барыс Забораў. Толькі ў Заборава і Папкова — сталічных хлопчыкаў — не было правінцыяльнай каржакаватасці, местачковай арганікі, любові да вясковай земляной гаспадаркі. Для Папкова і Заборава суровы стыль быў меней натуральным, чым для Кожуха. Таму шмат хто кажа, і я сярод іх, што найвышэйшымі дасягненнямі Кожуха сталі палотны, напісаныя ў маладосці.
Хлеб
Валодзя Кожух адгукаўся на самыя розныя прапановы. Яго запрасілі паспяваць у хоры, які сабралі з сотні мастакоў. Ён пахадзіў на рэпетыцыі і паспяваў. Кожуха папрасілі паўдзельнічаць у праекце «Мастакі і Чарнобыль», Валодзя з’ездзіў у зону радыяцыйнага забруджвання і напісаў цыкл карцін пра чарнобыльскую трагедыю. Жывапісец Шура Грышкевіч загарэўся ідэяй зрабіць вялікую выставу, прысвечаную хлебу. Выстава задумвалася як праект, які мусіў з выставы перарасці ў музей хлеба. Грышкевіч дамаўляўся з мастакамі, якія павінны былі намаляваць хлеб, дамаўляўся з гісторыкамі, якім прапаноўвалася напісаць эсэ пра хлебаробства ў Беларусі, дамаўляўся з пякарнямі і хлебазаводамі, каб яны прывезлі на выставу сваё самае-самае і найлепшае з найлепшага. Далёка не ўсе мастакі пагадзіліся ўдзельнічаць у праекце бясплатна. Гісторыкі адно паківалі галовамі: маўляў, зробім, ды нічога і не зрабілі. Добра, што Валодзя Кожух напісаў некалькі выдатных палотнаў з боханамі хлеба. Таму ў Мастацкім музеі ўсё ж зладзілася, няхай сабе і не такая вялікая, як задумвалася, выстава, прысвечаная хлебу, які ўсяму галава.
Жывіца
Валодзя напісаў эцюд з соснамі і выставіў яго на інстытуцкім праглядзе. Невялічкае квадратнае палатно мяне страшэнна ўразіла. Шчыльныя колеры. Вечарова-ружовае неба. Смарагдавыя да сінечы шаты соснаў. Вохрыста-залатыя ствалы на цёмна-бронзавым пагорку. Падавалася, што намаляваны краявід пах не алеем і лакам, а натуральнай жывіцай. Мне захацелася схадзіць у той краявід. Проста пайсці, зайсці і пастаяць у ім. Раней ніводная карціна не нараджала падобнага жадання. Зразумела, што я ўяўляў вандроўкі па намаляваных картах і выдумляў нейкія свае прыгоды ў кніжных гравюрах і малюнках, але пастаяць у натуральным краявідзе, які натхніў мастака напісаць карціну, такога раней не было — дакладна. Мо гэта здарылася таму, што я адразу пазнаў гэты мінскі куток. Я шмат разоў праходзіў праз яго і каля яго, але ніколі не спыняўся. Я не бачыў яго карціннасці, яго велічнасці і значнасці. Для мяне гэта быў самы просты пагорак з соснамі, за якім узвышаўся безаконны будынак холадакамбіната. Эцюд Валодзі Кожуха кардынальна змяніў той краявід для мяне. Кавалак дзіцячага парку стаў геніяльнай карцінай. Безыменны пагорак я пераназваў для сябе ў пагорак Кожуха. У горкія хвіліны я прыходжу туды, слухаю шум соснаў, дзіцячыя галасы, бразгат трамваяў... Мне там добра. Мая душа на тым пагорку наталяецца водарам жывіцы.
Адам ГЛОБУС