Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Белазор асабіста сустрэў Дар’ю Памазаву і аднагрупніцу нашай гераіні з паралельнага патоку, таксама маладую спецыялістку, Ангеліну Масюковіч, і ўручыў ім «Сертыфікат маладога спецыяліста»
Дар’я расказвае, што на «АграМАЗ» яна прыйшла па парадзе сяброўкі, якая тут праходзіла вытворчую практыку ў мінулым годзе і засталася вельмі задаволеная.
«Уражанне аб калектыве, кіраўніцтве і самой гаспадарцы вельмі добрае. Тут усё акуратна, чыста, жывёлы дагледжаныя — адразу відаць, што за імі сапраўды добра глядзяць. Гэта і стала вырашальным фактарам пры выбары месца працаўладкавання», — падзялілася Дар’я.
Варта адзначыць, што Дар’я Памазава мае Падзяку Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта «За высокія паказчыкі ў вучобе, узорныя паводзіны, актыўны ўдзел у жыцці каледжа». Дзяўчына не толькі выдатна вучылася, але і актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. Яна была старастай групы, удзельнічала ў маладзёжных прафсаюзных форумах, рэалізоўвала творчы патэнцыял на сцэне каледжа і стала чэмпіёнкай рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагабор’і. Дзяўчына была ўдастоена стыпендыі Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу.

«У ветэрынара — ніводнай вольнай хвіліны»
Ферма «Васілеўшчына» — гэта ў асноўным малочны статак і хлявы з бычкамі да года. Усяго — каля дзвюх з паловай тысяч жывёл. Абслугоўваюць іх тры маладыя фельчары, усе прыбылі з адной навучальнай установы, вучыліся разам. Ангеліна Масюковіч (якая і параіла Дар’і прыехаць сюды) і аднагрупнік Дар’і Станіслаў Дасюлін працуюць на суседніх фермах гаспадаркі.
— Мы разам вучыліся, разам прыехалі на практыку і вось адпрацавалі ўжо першыя месяцы, — расказвае Дар’я.
Дзень ветэрынара пачынаецца з агляду. «Абыходзім комплексы, размаўляем з аператарамі, правяраем стан жывёл. Як толькі бачым, што рагуля адчувае сябе дрэнна — адразу пачынаем лячэнне: уколы, капельніцы, назіранне».
— Вось нядаўна ў каровы была алергія на антыбіётык, — успамінае дзяўчына. — Жывёла пачала задыхацца, быў анафілактычны шок. Я хутка зрэагавала, увяла неабходныя лекі — карова жывая, праз некалькі дзён яшчэ і цялушачку нам прынесла (усміхаецца). Гэта быў напружаны момант, але я не страціла галаву.
Былі ўжо ў практыцы маладога фельчара і складаныя роды ў каровы: плод ляжаў няправільна. Дар’я не стала рызыкаваць, патэлефанавала галоўнаму ветэрынару. Прыехаў, дапамог, разам выратавалі карову.
— Я часта звяртаюся да галоўнага ветэрынара гаспадаркі. Толькі месяц, як я тут, а вопыт — набіраецца. У нас гаспадарка добрая, кіраўніцтва падтрымлівае. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Рыгоравіч Белазор часта заходзіць на ферму, пытаецца, якія праблемы, гэта ўражвае.
Жыллё, пад’ёмныя і экскурсіі
Маладым спецыялістам у «АграМАЗе» дапамагаюць з першых дзён. Тым, хто здымае жыллё, кампенсуюць арэнду. Дар’я здымае метры ў вёсцы Любушаны, гэта цэнтр гаспадаркі, дзе размяшчаецца яе адміністрацыйны будынак. Як падзялілася малады спецыяліст, яна спадзяецца на хуткае наваселле: у планах гаспадаркі — будаўніцтва 12-кватэрнага дома для супрацоўнікаў. Дзяўчына ўжо атрымала пад’ёмныя, далі тры аклады. У прадпрыемства даволі насычанае карпаратыўнае жыццё: яно арганізоўвае паездкі — у Мінскі заапарк, дэльфінарыўм, запрашае ў цырк.
— Нам, траім маладым спецыялістам, далі асобны прасторны кабінет. Але мы ў ім не заседжваемся, кожны дзень на нагах — з васьмі раніцы да пяці вечара, а часам і даўжэй. Але я ні разу не пашкадавала, што звязала жыццё з вёскай. Адчуваю сябе тут карыснай, гэта галоўнае.
Завочна — у Віцебск
Дар’я плануе паступаць у Віцебскую акадэмію завочна, з фінансавай падтрымкай гаспадаркі. Яна кажа: «Там мае родныя, звыклае асяроддзе, але тут я ўжо знайшла сваё месца. Буду вучыцца і працаваць, бо без практыкі тэорыя — пустая».
На пытанне, ці страшна працаваць з буйнымі жывёламі, яна адказвае: «Я займалася спортам з дзяцінства — лёгкай атлетыкай, турызмам, танцамі. Бегаю хутка (смяецца)». Для Дар’і гэта гаспадарка ўжо добра знаёмая, бо праходзіла тут дзве практыкі — тэхналагічную і дыпломную. За гэты час паспела прывыкнуць да мясцовасці, завесці сяброў. Дарэчы, тут яна пазнаёмілася са сваім хлопцам — мясцовым, бярэзінцам, Аляксандрам, супрацоўнікам «Гаргазу». Усе яго родныя жывуць побач, маці працуе бухгалтарам у «АграМАЗе», таму дзяўчыну прынялі пад сваё сямейнае, дружнае крыло. І наша гераіня адчувае сябе тут упэўнена, бо, як мяркуе, знаходзіцца на сваім месцы.
Надзея ЗУЕВА
Фота з асабістага архіва гераіні
У тэму
Новая змена для АПК
Пытанням прыцягнення і замацавання маладых кадраў у сельскай гаспадарцы ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Сёння для галіны спецыялістаў рыхтуюць 4 ВНУ, у якіх навучаецца 19 тысяч студэнтаў. Праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэалізуюць 33 каледжы, прафесійна-тэхнічную — 58 навучальных устаноў.
Пры падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі акцэнт робіцца на фарміраванне практыка-арыентаванага асяроддзя: — 60-70 працэнтаў ад агульнага аб’ёму вучэбных гадзін маюць практычны складнік. Яшчэ ў пачатку навучання ў верасні першакурснікі праходзяць азнаямленчую практыку, якая дазваляе атрымаць першае уяўленне аб будучай прафесіі. Гэтае дае магчымасць ў тым ліку вызначыцца «выпадковым» абітурыентам. Лепш, калі яны адсеюцца ў самым пачатку: самі не страцяць уласны час, а дзяржава не выдаткуе грошы на тых, хто не збіраецца працаваць у АПК.
Прыгледзецца да аграрных прафесій, а таксама зняць у сучасных падлеткаў некаторыя стэрэатыпы, звязаныя з жыццём і працай ў вёсцы, дапамагае і профільная адукацыя. У гэтым навучальным годзе на базе 479 школ рэспублікі функцыянавалі агракласы, у якіх навучалася 4,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат. Іх выпускнікі маюць перавагі пры паступленні ў ВНУ сельскагаспадарчага кірунку. Падчас навучання ў школе дзеці не толькі на паглыбленым узроўні вывучаюць пэўныя дысцыпліны, на факультатыўных занятках яны знаёмяцца з будучай прафесіяй, наведваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Для прадпрыемстваў агракласы — магчымасць прыгледзець і вырасціць для сябе будучыя кадры дзякуючы мэтавай падрыхтоўцы. Па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях залічэнне мэтавікоў можа праводзіцца без уступных іспытаў. Акрамя таго, такія студэнты могуць атрымліваць стымулявальныя даплаты да стыпендыі.
У мэтах павышэння прэстыжнасці работы ў сельскай гаспадарцы на дзяржаўным узроўні рэалізуецца шэраг праграм і мерапрыемстваў, арыентаваных на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, вытворчага патэнцыялу, стварэнне новых вытворчасцяў у сельскай мясцовасці. Маладым спецыялістам прадастаўляюцца дадатковыя стымулы і гарантыі. Даплаты да заробку яны атрымліваюць на працягу пяці гадоў. За такі перыяд моладзь ужо паспявае «абжыцца» на новым месцы — выдзяляюцца льготныя крэдыты на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці.
Атрыманае ад гаспадаркі жыллё можна выкупіць на вельмі выгадных умовах. Так, калі яно на сяле ўзводзілася самой гаспадаркай з дзяржпадтрымкай, непагашаны льготны крэдыт пераходзіць на новых гаспадароў (работнікам гаспадарак даецца растэрміноўка плацяжу да 40 гадоў пад 1 працэнт гадавых).
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ