Паважаныя вяскоўцы, маладыя гарэзніцы ды асілкі са Здзітава, што ў Спораўскім сельсавеце, засведчылі: узрост можа ўпрыгожваць і натхняць. Асабліва, калі гэта ўзрост роднай вёскі, дзе сёння налічваецца 545 жыхароў, якія сабраліся на свята ў яе гонар.
Яно было прысвечана юбілею: 1020 гадоў — і гэта новыя звесткі, якія карэкціруюць ранейшыя веды, замацаваныя на валуне, што быў устаноўлены каля вясковага клуба ў 1998-м. Тады яшчэ першай крыніцай, дзе згадваецца Здзітава, лічыўся Іпацьеўскі летапіс ад 1252 года. Але пазней было ўстаноўлена: Здзітава ўпамінаецца ва «Уставной грамоте об учреждении Туровской епископии» 1005 года. Праўда, археолагі маглі б паспрачацца і засведчыць, што першыя людзі тут пасяліліся ў эпоху неаліту — непадалёк ад вёскі ёсць першабытная стаянка Горбаў-1...
- Гэта вельмі маляўнічыя мясціны! А яшчэ і гераічныя: у вайну тут на балотах быў штаб партызан Брэстчыны. Пра гэта даведаліся ворагі і вясной 1944-га ўзялі ў акружэнне партызан і 10 000 мірных жыхароў. Сем дзён доўжылася супрацьстаянне, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Здзітаўская абарона». Пра тыя падзеі нагадвае мемарыяльны комплекс, што ўслаўляе партызан, якія выстаялі!..
Удзельнікам тых падзей быў Мікалай Васільевіч Жуковіч, найстарэйшы жыхар вёскі — цяпер яму 97 гадоў. А самаму малодшаму жыхару сённяшняга Здзітава — Уладзіславу Пракурату — 1 год, ён чацвёртае дзіця ў сям’і. У вёсцы жыве некалькі шматдзетных сем’яў. Ёсць моладзь, і наогул шмат актыўных вяскоўцаў, якія з задавальненнем падключыліся да арганізацыі свята. Старшыня Спораўскага сельсавета Наталля Чайчыц адзначае:
— Свята вёскі дазволіла згуртаваць людзей і заахвоціць найбольш актыўных, напрыклад тых, хто дапамагаў у добраўпарадкаванні населенага пункта. Каля ракі Драгабуж надта насваволілі бабры, а нераўнадушныя людзі ачысцілі тэрыторыю. Навучэнцы Здзітаўскай сярэдняй школы на чале з дырэктарам сёлета ўзялі на сябе расчыстку забалочанага ўчастка. А 5 ліпеня ў вёсцы адкрылі экасцежку. У гэтай ініцыятыве актыўна ўдзельнічалі людзі пажылога ўзросту. Неабыякавыя рупліўцы ў паважаным узросце — цудоўны прыклад для моладзі.