Top.Mail.Ru

Выканаўцы з народу і шансон: тры дні ў Мінску пад песні для душы

«Душэўны фестываль» у Мінску аб’яднае тысячы аматараў шчырай музыкі, песні і жывых зносін. Фестываль праходзіць трэці год запар, ствараючы асаблівую прастору, дзе сустракаюцца розныя пакаленні і музычныя жанры — ад шансона і поп-фолка да эстрады і дыскатэкі. З 15 па 17 красавіка арганізатары спадзяюцца прыцягнуць людзей простымі чалавечымі каштоўнасцямі, сярод якіх на першым месцы сям’я, любоў, клопат адзін пра аднаго.


У чацвер днём фестываль адкрые конкурс «Душа народная», які пройдзе ў Мінскім гарадскім палацы культуры. Ахвотныя могуць паназіраць за фіналам рэспубліканскага конкурсу народных выканальніцкіх мастацтваў. Таленавітыя вакалісты і інструменталісты краіны будуць змагацца за Гран-пры і права выступіць на галоўнай сцэне праекта.

Наступны дзень рыхтуе сустрэчы з выканаўцамі шансона. Сталічны Палац спорту ператворыцца ў пляцоўку для глыбокай і шчырай размовы па душах падчас канцэрту «Зорны шансон». Перад гледачамі выступяць вядомыя майстры жанру і маладыя выканаўцы: Аляксандр Малінін, Вікторыя Алешка, Яраслаў Сумішэўскі, Яўген Кемераўскі, Віка Цыганова, Сяргей Славянскі і іншыя.

Суботнія сустрэчы разлічаны на атрыманне эмоцый па максімуме: дзве маштабныя праграмы пройдуць у Палацы спорту. Па-першае, днём — вялікі канцэрт «Душа народная». Слоган чапляе: «Народнае — гэта модна». І хутчэй гэта датычыцца знакамітых беларускіх калектываў, такіх як «Бяседа». Таксама сярод удзельнікаў — Таццяна Куртукова, Прохар Шаляпін, гурт «Балаган Лімітэд» і іншыя. 

А вечарам Палац спорту ператворыцца ў вялікую танцпляцоўку. Тут прагучаць знакамітыя хіты 1990-х і 2000-х гадоў падчас праграмы «Танцпляцоўка з Душэўным радыё» і з яго голасам — DJ Дзмітрыем Санковічам. Танцаваць пад любімыя хіты можна да самай ночы.

Асаблівасць «Душэўнага фестывалю» ў тым, што на адной сцэне гарманічна суіснуюць кірункі, якія рэдка перасякаюцца ў звычайным жыцці. Тут кожны, у прынцыпе, можа знайсці нешта сваё, што можа парадаваць душу. Тэлевізійную версію галоўных канцэртаў пакажуць у эфіры тэлеканала АНТ. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю