Top.Mail.Ru

Выхад альбомаў Тэйлар Свіфт, Гары Стайлза і іншых поп-выканаўцаў прыводзіць да росту колькасці ДТЗ са смяротным зыходам

Навукоўцы Гарвардскага ўніверсітэта высветлілі, што буйныя музычныя рэлізы ўплываюць на сітуацыю на дарогах.


Даследаванне навукоўцаў з Гарвардскага ўніверсітэта паказала, што колькасць аўтамабільных аварый са смяротным зыходам у ЗША павялічваецца на 15 % у дні выхаду новых альбомаў папулярных выканаўцаў.

Каманда даследчыкаў вывучыла статыстыку колькасці аварый у дні выхаду дзесяці альбомаў, якія выпушчаны ў перыяд з 2017 па 2022 год і набралі найбольшую колькасць праслухоўванняў на Spotify за адзін дзень. У іх лік увайшлі пласцінка Midnights Тэйлар Свіфт, альбом Scorpion, выпушчаны Дрэйкам, і Harry’s House Гары Стайлза. Навукоўцы таксама прааналізавалі колькасць смяротных выпадкаў на дарогах за дзесяць дзён да і пасля буйных рэлізаў.

Адзін з аўтараў даследавання, Вішал Патэль, растлумачыў, што незнаёмая музыка можа патрабаваць больш увагі і таму адцягваць кіроўцаў: «Вы разблакіруеце тэлефон, адкрываеце дадатак, знаходзіце рэліз, чытаеце спіс трэкаў, націскаеце на патрэбную песню. Гэта некалькі секунд, патрачаных на прагляд экрана».

Даследчыкі таксама высветлілі, што рост колькасці смяротных выпадкаў на дарогах быў большы сярод пэўных груп людзей: маладых вадзіцеляў, вадзіцеляў-мужчын і тых, хто ехаў у машыне адзін.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю