Галоўнай тэмай дыялогу ў Палацы культуры Маладзечна сёння стала бяспека краіны, яе абараназдольнасць і той баланс, які дазваляе жыць і працаваць пад мірным небам. На абмеркаванне былі вынесены пытанні забеспячэння абараназдольнасці ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі, а таксама тое, як дзяржава знаходзіць рэсурсы для адначасовай мадэрнізацыі прамысловасці, падтрымкі сацыяльнай сферы і падтрымання баявой гатоўнасці арміі, у тым ліку ў святле нядаўна прынятых законапраектаў, якія адлюстроўваюць абноўленую Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.
Андрэй Багадзель адзначыў, што паняцце «інфармацыйная вайна» сёння састарэла і трансфармавалася ў больш глыбокія формы — кагнітыўную і ментальную войны. «Кагнітыўная вайна накіравана не проста на ўтойванне або прадастаўленне інфармацыі, а на тое, як чалавек успрымае яе праз прызму сваёй свядомасці. Гэта ўздзеянне ажыццяўляецца з дапамогай тэхнічных сродкаў, штучнага інтэлекту, Інтэрнэту і, што самае галоўнае, мабільных тэлефонаў, якія збіраюць вычарпальную інфармацыю аб нашых размовах, інтарэсах і нават фінансавых транзакцыях, уключаючы даныя аб абмене валют, — растлумачыў ён. — Ментальная вайна носіць больш глабальны характар: яна працуе з ідэаламі, сімволікай і базавым прынцыпам «свой-чужы». У сучасных умовах нейтральнага боку проста не існуе: калі чалавек заяўляе аб сваёй апалітычнасці, яго аўтаматычна запісваюць у праціўнікі.
Педагог-псіхолаг спецыяльнага дзіцячага садка № 2 Маладзечна Вольга Курлянчык пацікавілася ў ваеннага эксперта, як абараніць сваіх дзяцей ад суб’ектыўнай інфармацыі.
Андрэй Багадзель падкрэсліў, што самае галоўнае ў нашым жыцці сёння — гэта выхаванне дзяцей. «Калі мы выхаваем іх правільна, у рамках нашых традыцыйных каштоўнасцяў і духоўных скрэпаў, яны будуць валодаць тым самым унутраным імунітэтам, які не дазволіць нікому маніпуляваць іх свядомасцю. Жанчына-маці, жанчына-педагог адыгрывае ў гэтым ключавую ролю, закладваючы падмурак гэтай абароны з самага ранняга ўзросту», — сказаў ён.
У гутарцы з журналістамі Вольга Курлянчык адзначыла, што сустрэча атрымалася вельмі змястоўнай і прыемнай. «Мы атрымалі вялікі аб’ём інфармацыі, якой да сённяшняга дня ў поўным аб’ёме не валодалі. Ад пачутага, шчыра кажучы, нават мурашкі па скуры пабеглі. Мяне як маці і педагога ў першую чаргу хвалявала пытанне бяспекі нашых дзяцей. Я, безумоўна, веру ў ваенную моц нашай дзяржавы, але мне было важна зразумець, як менавіта нам, цывільным асобам, варта дзейнічаць і рэагаваць у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, калі яна, не дай бог, адбудзецца. На гэтае пытанне я атрымала вычарпальны адказ, які цалкам задаволіў мяне», — падкрэсліла яна.
На сустрэчы тэхнік-тэхнолаг мясцовага прадпрыемства Карына Жыеўская папрасіла ваеннага эксперта вылучыць асноўныя прыкметы інфармацыйнай атакі, каб разумець, дзе праўда, а дзе хлусня, і не трапляцца на правакацыі.
Андрэй Багадзель звярнуў увагу на некалькі ключавых момантаў. «Каб пранікнуць у вашу свядомасць, праціўнік у першую чаргу імкнецца перагрузіць ваш мозг, давесці яго да моцнай стомы. Таму, каб не псаваць сабе мазгі, старайцеся крытычна ставіцца да спроб перагрузіць вас велізарным масівам інфармацыі», — адзначыў ён.
Па-другое, калі мозг перагружаны, атакуючыя пачынаюць мэтанакіравана ўздзейнічаць на эмоцыі. «А моцныя эмоцыі — страх, нянавісць, гнеў — па сутнасці, адключаюць крытычнае мысленне. Як толькі вы адчуеце, што вас перапаўняюць эмоцыі, ведайце: вамі пачалі маніпуляваць, і гэта стапрацэнтны факт. Вы можаце думаць, што застаяцеся сам-насам са сваімі думкамі, але гэта ілюзія. Як толькі вы гэта адчулі, трэба неадкладна адхіліцца ад крыніцы. Адыдзіце, выпіце гарбаты ці кавы, супакойцеся».
Па-трэцяе, калі нейкая інфармацыя здаецца занадта «чэпкай» або эмацыйна афарбаванай, яе трэба неадкладна пераправерыць. «Выкарыстоўвайце некалькі незалежных крыніц, пажадана з розных пунктаў гледжання. Гэта вельмі важна, таму што інфармацыя, асабліва ад блогераў, часта падаецца вельмі суб’ектыўна. З часам вам можа пачаць здавацца, што вы бачыце сітуацыю менавіта так, як яе апісвае аўтар, але вывучэнне дадатковых фактаў адразу ж адкарэкціруе ваш пункт гледжання. Каму можна давяраць? Ва ўмовах, калі ў інтэрнэце мноства сайтаў, адказнасць за дакладнасць інфармацыі перад вамі нясе толькі адна структура: дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. І гэта не проста словы, гэта замацавана юрыдычна. Дзяржаўныя СМІ нясуць поўную адказнасць за звесткі, якія распаўсюджваюцца. Ставіцца да іх легкадумна нельга, бо гэта, як правіла, найбольш вывераная і праўдападобная інфармацыя. Яна шматразова пераправяраецца, бо за распаўсюджанне заведама недакладных звестак у нас прадугледжаная не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць», — нагадаў ваенны эксперт.
На заканчэнне сустрэчы Андрэй Багадзель адзначыў, што было зададзена вельмі шмат цікавых і важных пытанняў. «Тэма аб ментальным і кагнітыўным уздзеянні, глыбокая і актуальная. Інфармацыі сёння вакол нас велізарная колькасць. Зразумела, што частка даных, якія датычацца нацыянальнай бяспекі, закрытая, але вывучэнне адкрытых крыніц пралье святло на вельмі многае. Асабліва гэта важна разумець бацькам: як правільна камунікаваць са сваімі дзецьмі і што на самай справе адбываецца з імі ў Інтэрнэце. Пачытайце пра гэта, разбярыцеся ў гэтых паняццях, каб усвядоміць, наколькі складаныя і выдасканаленыя метады сучаснага інфармацыйнага ўздзеяння. І тое, што інфармацыйная прастора — гэта паўнавартаснае поле бою, я не жартую. Гэтая сфера даўно ўзятая на ўзбраенне прафесійнымі ваеннымі структурамі. І кожны з нас у любы момант можа стаць мішэнню. І тут зноў уступае ў сілу наш сацыяльны кантракт: дзяржава адказвае за вашу бяспеку і абарону, але і яна мае права разлічваць на вашу падтрымку і адказнасць. Перш чым нешта патрабаваць ад дзяржавы, трэба сумленна задаць сабе пытанне: а што я раблю для гэтай дзяржавы?» — сказаў на заканчэнне ваенны эксперт.