Top.Mail.Ru

Выключна машыннае мысленне адназначна не вырашыць усіх жыццёвых праблем

Памочнік, але не замена

Штучны інтэлект сёння ўсюды. Пра што б ні зайшла размова, абавязкова будзе згаданы ШІ і яго значэнне. Да канца не вядома і не зразумела, ці зможа машынны розум замяніць ці нават пераўзысці чалавека. Тым не менш машынны інтэлект пакарыў ужо чалавечыя сэрцы і розум. І ўсё часцей даводзіцца чуць ад кіраўнікоў рознага ўзроўню: маўляў, нам неабходны спецыялісты ў гэтай галіне і трэба ствараць канкурэнтныя ўмовы для іх прыцягнення. І плаціць ім калі не на ўзроўні багатых краін, то, прынамсі, супастаўныя заробкі... Спрачацца не буду: ШІ — вельмі перспектыўны кірунак. Не выключана, што ён зменіць наша жыццё. Відавочна, як і любая навінка, прычым вельмі магутна раскручаная, ідэя лічбавага розуму зачароўвае калі не ўсіх, то вельмі многіх. Аднак не варта і празмерна захапляцца ШІ. Спецыялісты ў гэтай сферы патрэбныя. Але для ўстойлівага развіцця краіны і тэхналагічных прарываў неабходны інтэлектуальныя сілы ва ўсіх навуковых кірунках. І вылучаць выключна вузкіх спецыялістаў не зусім правільна з пункту гледжання справядлівасці. І не зусім рацыянальна з пазіцыі эканомікі.

Усе прарыўныя інавацыі нашага часу глыбока міждысцыплінарныя, грунтуюцца на базе шырокага спектра навуковых кірункаў. Дарэчы, штучны інтэлект — яркі таму прыклад. ШІ — вынік доўгіх фундаментальных пошукаў у галіне фізіялогіі, псіхалогіі, матэматыкі, мікраэлектронікі... Так бы мовіць, на масавы экран ШІ выйшаў адносна нядаўна. А яго ключавыя гіпотэзы і тэорыі былі сфармуляваны яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Ужо тады вучоныя задумваліся, як навучыць электронныя машыны думаць. Тыя самыя ЭВМ, якія былі грувасткімі і па сённяшніх мерках не вельмі магутнымі. Будзе некарэктна сцвярджаць, што машынная думка — дасягненне нашага часу. Проста нашаму пакаленню пашчасціла (ці наадварот — не пашанцавала) убачыць адчувальны вынік карпатлівай работы некалькіх пакаленняў даследчыкаў і навукоўцаў у розных сферах.

Дарэчы, машынны мозг не ўпершыню захоплівае розумы і ўяўленне чалавецтва. За больш чым 70-гадовую гісторыю ШІ не раз ужо перажываў перыяды пакланення і нябачанага энтузіязму. Тады ўсе пачыналі марыць аб тэхналогіях электроннага мозгу, моладзь рвалася ў даследчыкі камп’ютарнага «начыння», урады і прыватныя кампаніі выдаткоўвалі на пошукі ў гэтай галіне вялікія фінансавыя рэсурсы. Праўда, потым надыходзілі перыяды расчаравання. Людзі ж чакаюць сапраўднага цуду, калі ШІ вызваліць іх ад неабходнасці працаваць рукамі і нават думаць. Машынны мозг возьме на сябе ўсе нашы функцыі, якія захочам яму дэлегаваць: будзе вынаходзіць новых робатаў, якія стануць вырабляць усе неабходныя нам тавары, выконваць бытавыя работы. Ды і ў цэлым здзяйсняць усе пажаданні чалавека. А ён зможа атрымліваць асалоду ад жыцця ў поўным гультайстве. Дзеянні навукоўцаў не заўсёды адпавядалі грамадскім запытам. І тады людзі пачыналі больш холадна ставіцца да электроннага розуму

Нельга выключаць, што цяперашні ўсплёск захаплення тэхналогіямі машыннага мыслення — чарговы віток навуковай моды. Чалавецтву ўласціва верыць у светлую будучыню. Ці гэта таблеткі неўміручасці, палёты да іншых зорак, кланіраванне насельнікаў Юрскага перыяду... Зараз павальным захапленнем з’яўляецца ШІ. Гадоў дваццаць таму ў многіх была ўпэўненасць, што «ўсё будзе інтэрнэт», а традыцыйны гандаль, кінатэатры ды і ў цэлым многія сферы ў афлайн знікнуць у прынцыпе. Але рэальнасць аказалася больш складанай і неадназначнай, чым смелыя здагадкі.

Беларусь таксама прайшла перыяд вялікага захаплення ІТ. Некалі здавалася, што разумныя і таленавітыя праграмісты стануць лакаматывамі тэхналагічнага прарыву ўсёй эканомікі. Але высветлілася, што для рэалізацыі сур’ёзных праектаў, стварэння перадавых рашэнняў недастаткова толькі людзей, якія ўмеюць прафесійна генерыраваць праграмныя коды. Для гэтага патрэбныя спецыялісты з шырокім спектрам ведаў. Скажам, тыя ж праекты па лічбавізацыі вытворчасці. Праграмісты могуць творча аўтаматызаваць бізнес-працэсы. Але для пачатку неабходна іх выбудаваць. А для гэтага неабходныя кампетэнцыі: у тэхналогіях, арганізацыі вытворчасці, кіраванні, эканоміцы... Інакш кажучы, цэлая каманда і спецыялістаў, і даследчыкаў. Неабходна і адпаведнае навуковае суправаджэнне. Лічбавыя тэхналогіі ўжо незаменныя ў фармацэўтыцы, пры стварэнні новых матэрыялаў, праектаванні машын, абсталявання... Практычна ўсюды мэтазгодна выкарыстоўваць ІT-тэхналогіі. Але без біёлагаў, хімікаў і іншых спецыялістаў лічбавыя гуру не змогуць стварыць новыя прэпараты. Без інжынераў — інавацыйную тэхніку. Лічбавізацыя дазваляе паскорыць працэс навуковых пошукаў, распрацоўкі інавацый, але не можа замяніць спецыялістаў у гэтых галінах.

І калі мы хочам дасягнуць устойлівага развіцця, то неабходна берагчы і прымнажаць у цэлым інтэлектуальны капітал краіны. Па шырокім спектры ведаў. І, як бачыцца, было б няправільна занадта яскрава вылучаць нейкія асобныя кірункі. У тым ліку, і ў сферы ШІ. Так, сёння гэта вельмі перспектыўны і модны кірунак. Але выключна машыннае мысленне адназначна не вырашыць усіх жыццёвых праблем. Прынамсі, у агляднай перспектыве. Штучны інтэлект, несумненна, можа кіраваць шматлікімі працэсамі. Напрыклад, той жа малочнатаварнай фермай ці якой-небудзь тэхналагічнай лініяй. Але і алгарытмы ШІ, і алгарытмы яго навучання пішуць людзі. Электронны мозг неабходна навучыць кіраваць жывёлагадоўчым комплексам. І настаўнікамі будуць спецыялісты, якія разумеюць тэхналогію гадавання буйной рагатай жывёлы. Так, электроніка возьме на сябе ўсю паўсядзённую руціну, аднак навучыць яе павінны спецыялісты ў пэўных сферах дзейнасці.

Словам, нам неабходна павышаць у цэлым інтэлектуальны патэнцыял. Менавіта ў ім крыецца ўстойлівасць краіны. ШІ таксама заслугоўвае ўвагі. Магчыма, крыху большай у сілу сваёй навізны. Але адназначна не ва ўрон іншым кірункам высокакваліфікаванай дзейнасці.

Інтэлект Штучны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю