Розныя этапы гісторыі краіны будуць адлюстраваны ў экспазіцыі новага Нацыянальнага гістарычнага музея, работы па будаўніцтве якога, згодна з адпаведным указам Прэзідэнта, павінны пачацца сёлета. Пакуль гаворка пра праект — мяркуецца, што сам будынак будзе займаць каля 20 тысяч квадратных метраў. Разглядаецца і сімвалічнае ўвасабленне ў прасторы — у выглядзе карты Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.
Акрамя таго, у маі гэтага года ва ўрад збіраюцца ўнесці прапановы па музеефікацыі і развіцці археалагічнага комплексу на рацэ Менцы.
Паводле Вадзіма Лакізы, ёсць нават папярэдняя архітэктурна-планіровачная канцэпцыя, што падрыхтавалі архітэктары, грунтуючыся на ідэях даследчыкаў, якія працавалі на археалагічным комплексе на рацэ Менцы — найбуйнейшым у рамках зацверджанай урадам канцэпцыі фарміравання найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў на 2023–2030 гады.
У выніку раскопак выяўлена, што ў горада, які існаваў у X—XІ стагоддзях, была абарончая сцяна вышынёй 5-6 метраў з дубовымі канструкцыямі. Пасля таго як яе раскапалі, узнікла неабходнасць яе закансерваваць. Разам з вучонымі пра гэта клапоцяцца ў адной з гомельскіх арганізацый, якая займаецца кансервацыяй. Каардынатарам работы па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам выступае Міністэрства культуры Беларусі. Некаторыя артэфакты ўжо можна было ўбачыць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ў Дзень беларускай навукі выстаўляліся рыдлёўка Х стагоддзя і драўляныя канструкцыі.
- Аднак у працы археолагаў ёсць істотная праблема — чорныя капальнікі.
Па словах Вадзіма Лакізы, Нацыянальная акадэмія навук прапануе адзін з радыкальных варыянтаў вырашэння: поўную забарону выкарыстання металадэтэктараў (з магчымасцю іх выкарыстання толькі ў навуковых або спецыяльных мэтах). Па даручэнні ўрада распрацаваны план па супрацьдзеянні незаконнаму пошуку і абароту археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Беларусі на 2024–2027 гады, згодна з якім павінен быць створаны механізм закрыцця сайтаў, праз якія прадаюць знойдзеныя аматарамі артэфакты, якія, згодна з законам, з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы.
Фота Лізаветы ГОЛАД