Top.Mail.Ru

Галоўнакамандуючы сабраў нараду, на якой падвёў вынікі комплекснай праверкі Узброеных Сіл

Дэталёвы разбор праверачных мерапрыемстваў з давядзеннем асноўных праблемных пытанняў кіруючаму складу Узброеных Сіл і іншых структур сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі адбыўся ў прысутнасці амаль 300 афіцэраў.

Сярод удзельнікаў нарады ў Палацы Незалежнасці былі як члены Савета Бяспекі, кіраўнікі сілавых структур, вышэйшы камандны састаў Узброеных Сіл, так і камандзіры злучэнняў, якія непасрэдна прыцягваліся да праверкі. 

Нагадаем, маштабная раптоўная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая па даручэнні Прэзідэнта праводзілася з 16 студзеня, доўжылася амаль два з паловай месяца. Першачарговай мэтай праверкі было ўбачыць аб’ектыўную карціну, рэальны стан войскаў, ацаніць дзеянні ваеннаслужачых. Кіраўнік дзяржавы прыводзіў у баявую гатоўнасць воінскія часці асабіста, абыходзячы Міністэрства абароны і Генеральны штаб. Мерапрыемствы насілі раптоўны характар. Усе этапы праверкі знаходзіліся пад пастаянным кантролем Галоўнакамандуючага. 

«Мы не хочам вайны»

Пачынаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць і планава, але ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі была праведзена такая маштабная праверка Узброеных Сіл. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што задача была пастаўлена адна — паглядзець, як будуць дзейнічаць прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць часці ва ўмовах ваеннага часу.

«Мне гэтыя праверкі ва ўмовах мірнага часу — трата грошай, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Лішніх грошай у нас няма. Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. На тое мы і Узброеныя Сілы стварылі. На тое мы іх утрымліваем. На тое народ адлічвае ад сваіх невялікіх заробкаў і грашовага забеспячэння грошы для таго, каб нас з вамі ўтрымліваць. І ў гэтай аўдыторыі і не толькі ў гэтай людзі павінны разумець: мы абсалютна супраць вайны».

Асабліва, па яго словах, супраць вайны нашы афіцэры, салдаты, Узброеныя Сілы. «Бо мы ведаем, што такое вайна, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не хочам вайны. Але армія для таго і прызначана. Калі раптам хтосьці вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэлы зброі — мы адкажам. Да гэтага і рыхтуемся».


«Калі мы будзем гатовы ваяваць, нас будуць баяцца і сюды ніхто не палезе»

Галоўнакамандуючы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл праводзілася маштабна і як ніколі вельмі жорстка. Дастаткова актыўна праверачныя мерапрыемствы асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. «Адразу скажу: асвятлялася так, як, можа быць, большасці з вас хацелася б, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Бо ўсю гадасць, якая ў нашай арміі ёсць (а яе звышдастаткова), не хацелася паказваць перш за ўсё нашым патэнцыйным праціўнікам, а, можа быць, і ворагам».

Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў нарады да шчырай размовы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папрасіў не дапускаць усялякіх размоў наконт таго, што праверка пройдзе, кіраўніку дзяржавы даложаць аб яе выніках і будзе ўсё нармальна, як заўсёды. 

«Як заўсёды, мужыкі, не будзе, — папярэдзіў беларускі лідар. — Не будзе! І хачу вас папярэдзіць, чаму не будзе са мной. Бо я пад вас падладжвацца не намераны. Вы будзеце падладжвацца пад Галоўнакамандуючага. Калі вы хочаце ў будучай вайне (не дай Бог яна будзе) застацца жывымі. А калі мы будзем і далей так працягваць, як некаторыя з нас, не толькі мы жывымі не застанёмся, але і нашы падначаленыя. Я гэта бачу па сучасных боесутыкненнях і войнах».

Асаблівую увагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на мэту праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. «Я чалавек ваенны і вельмі добра ведаю, што ў нас адбываецца ў арміі: як было тады і як яно цяпер, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І ўсе нашы касякі, адкуль яны ўзяліся, адкуль яны адбываюцца, — я гэта ўсё ведаю. Для мяне было важна праверыць: вы ў стане выжыць у гэтай вайне? На жаль, сітуацыя такая, што без вас жа я ваяваць не змагу. Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовы ваяваць. І калі мы будзем гатовы ваяваць, нас будуць баяцца (гэта немалаважна) і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта. Думаю, вы яе добра разумееце».

Прэзідэнт канстатаваў, што падчас праверкі яе ўдзельнікі былі пастаўлены ва ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных выклікаў. «Я б яшчэ больш дакладна сказаў — да вайны, — удакладніў Галоўнакамандуючы. — Без скідак на надвор’е, час сутак і іншыя фактары, якія ўскладняюць сітуацыю выканання баявых задач. Якое надвор’е было, вы памятаеце». 

Да кантрольных мерапрыемстваў, па словах кіраўніка дзяржавы, былі прыцягнуты воінскія часці і падраздзяленні пастаяннай гатоўнасці Заходняга, Паўночна-заходняга аператыўных камандаванняў, Сіл спецыяльных аперацый, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. 

«Далей будзе больш, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Далей па маім распараджэнні мы будзем падымаць асобную часць і, як я гавару, у вайне, даўкамплектоўваць яе, калі гэта патрэбна, і па-сапраўднаму вучыцца ваяваць».


«Былі мабілізаваны ўсе»

Па патрабаванні Галоўнакамандуючага Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю правяралі стан узбраення і тэхнікі ў злучэннях і вайсковых часцях цэнтральнага падпарадкавання.

«Яшчэ больш шчыра скажу: былі задзейнічаны ўсе рычагі, якія сёння існуюць у руках Галоўнакамандуючага, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас жа „дыктатура“, вы разумееце. У руках Прэзідэнта — вялізныя рычагі. Таму Камітэт дзяржкантролю (гэта яго хлеб) павінен ведаць, што адбываецца з ваеннай уласнасцю і маёмасцю. Камітэт дзяржкантролю перш за ўсё забяспечвае кантроль... Падзеж жывёлы і іншае — гэта потым. Але перш за ўсё — уласнасць, дзяржаўная маёмасць. У якім яна стане. Другая яго задача — расходванне дзяржаўных сродкаў, дзяржаўнага бюджэту. Куды яны трацяцца, з якой эфектыўнасцю?».

З гэтай мэтай, па словах кіраўніка дзяржавы, да мерапрыемстваў праверкі боегатоўнасці і быў прыцягнуты Камітэт дзяржаўнага кантролю. Паколькі Прэзідэнт праінфармаваны, што да гэтага часу хлусня ў арміі не зжыта, прадстаўленыя КДК звесткі дапамаглі сфарміраваць аб’ектыўнае ўяўленне аб становішчы ў арміі. 

«Таму для таго, каб ведаць, дзе вы хлусіце, а дзе не, і як ідзе наша праверка, былі мабілізаваны ўсе спецыяльныя падраздзяленні Камітэта дзяржбяспекі, ААЦ, пракуратуры, Следчага камітэта — усе, — патлумачыў беларускі лідар. — Асабліва органы контрразведкі КДБ, якія забяспечваюць контрразведвальнае суправаджэнне. Былі мабілізаваны ўсе. Але я ж разумею, што яны таксама ў пагонах, і карпаратыўнасць у вас салідная. Таму я ад іх патрабаваў: мне на стол самую пярвічную інфармацыю».

Па словах кіраўніка дзяржавы, узровень задач, тэмп іх пастаноўкі і выканання абумоўлены сур’ёзнасцю геапалітычнай абстаноўкі, якая пагаршаецца падзеямі і пагрозамі, што фарміруюцца ў непасрэднай блізкасці да нашых граніц. І не толькі ля нашых граніц. 

«Я чалавек дасведчаны, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе падзеі, якія адбываюцца ў свеце. — Вы ведаеце, што мы вядзём перагаворы з амерыканцамі. І вопыт майго жыцця і работы, у тым ліку службы ў арміі, дазваляюць мне зрабіць адпаведныя высновы з усмешак, абдымашак, цалавашак і іншае з амерыканцамі — ажно да Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Я ўжо не гавару пра Кітай і Расію. У мяне даўнія з кіраўніцтвам (гэтых краін. — „Зв“.) адносіны, і не толькі з кіраўніцтвам».


«Сітуацыя памянялася»

Прэзідэнт падкрэсліў, што зараджанасць Узброеных Сіл на адбіццё ворага, гатоўнасць імгненна рэагаваць на любы агрэсіўны рух у бок нашых рубяжоў — гэта безальтэрнатыўная гарантыя міру і бяспекі дзяржавы. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што часта гаворыць генералам, што яму ад іх патрэбна галоўнае — каб яны папярэдзілі Галоўнакамандуючага аб верагодным або фактычным нападзенні на Беларусь. 

«Калі мы пра гэта нічога ведаць не будзем, вайна для нас будзе скончана, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта таксама з вопыту спецыяльнай ваеннай аперацыі». 

Асобна Прэзідэнт пракаментаваў і даклады кіраўнікоў сілавых ведамстваў, звязаныя з адсутнасцю канцэнтрацыі войскаў праціўніка на рубяжах нашай дзяржавы. 

«Хлопцы, Бог з вамі, яны што — дурні? Будуць канцэнтраваць дзесьці, як у Вялікую Айчынную вайну, перад наступленнем войскі? — задаў рытарычныя пытанні Галоўнакамандуючы. — Сітуацыя памянялася. Хто, да прыкладу, у Польшчы, у Літве, НАТА, калі яны раптам з намі захочуць ваяваць, не вызначыць пункт, у раёне Кобрына, дапусцім, збору і канцэнтрацыі Узброеных Сіл? Пункт на карце пакажуць і будуць заходзіць да нас батальённымі тактычнымі групамі, невялікімі групоўкамі. Як мы бачым сёння ва Украіне. І калі трэба, сканцэтруюцца ў кірунку галоўнага ўдару.»

Прэзідэнт не выключае і таго, што групоўка ў некалькі тысяч дзесьці пад Варшавай сканцэнтруецца і калонамі рушыць да нас. «Можа быць, але такі даклад перад пачаткам аперацыі я ад Генштаба і не прыняў бы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Сітуацыя памянялася. Яны не дурні. Яны ведаюць, чаго ад нас хочуць, і ведаюць, на што мы звернем увагу».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА




Даслоўна

«Мэта праверкі — зрабіць зрэз гатоўнасці і здольнасці Узброеных Сіл абараніць сваю краіну»

«Напэўна, упершыню за ўвесь час існавання суверэннай Беларусі па рашэнні Галоўнакамандуючага праводзілася такая маштабная праверка, — канстатаваў у размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. — Падымаліся і правяраліся 44 воінскія часці пастаяннай гатоўнасці. Праверка насіла раптоўны характар. Ніхто не чакаў: дзе, каго, калі падымуць і з якімі распараджэннямі ад Галоўнакамандуючага прыедуць». 

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што галоўная мэта маштабнай праверкі — не толькі праверыць і паставіць пэўную адзнаку воінскім часцям, якія падлягалі праверцы. «Мэта праверкі — зрабіць зрэз гатоўнасці і здольнасці Узброеных Сіл абараніць сваю краіну, адстаяць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, — заявіў дзяржсакратар. — Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Ваенна-палітычнае становішча сёння вельмі дынамічнае. На жаль, тэндэнцыі несуцяшальныя. Тое, што адбываецца сёння ў ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне, на Блізкім Усходзе, у іншых кутках свету — усё гэта гаворыць аб тым, што любой краіне, каб пазбегнуць гэтага, трэба мець падрыхтаваныя прафесійныя Узброеныя Сілы, іншыя структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы, якія здольныя абараніць нацыянальныя інтарэсы краіны. І на гэта робіць упор Прэзідэнт, наш Галоўнакамандуючы».

Таму, паводле слоў дзяржсакратара, і была арганізавана такая праверка, падчас якой былі правераны ўсе роды і віды войскаў. «Выснова адназначная — сёння людзі ў пагонах здольныя і гатовыя абараніць сваю краіну, — заявіў Аляксандр Вальфовіч. — Але, вядома ж, гэта праверка выявіла мноства праблемных пытанняў, звязаных з прымяненнем новых форм і спосабаў вядзення баявых дзеянняў, з прымяненнем новых сродкаў паражэння, узброенай барацьбы. Беспілотная авіяцыя, беспілотныя лятальныя комплексы, наземныя сродкі ўзброенай барацьбы, новыя віды ўзбраення, радыёэлектронная барацьба — усе гэтыя новыя сродкі ўзброенай барацьбы накладваюць свой адбітак на вядзенне ваенных баявых дзеянняў. На гэтым рабіўся ўпор, у тым ліку і па супрацьдзеянні дыверсійна-разведвальным групам праціўніка, незаконным узброеным фарміраванням». 

Па выніках маштабнай праверкі праблемныя пытанні былі ўскрытыя. «Гэтыя праблемныя пытанні, вядома, маюць закрыты характар, — удакладніў Аляксандр Вальфовіч. — Пра іх нельга гаварыць услых, гэта не робіць ніхто ў свеце. Таму сёння, вядома ж, была закрытая нарада. Але на гэту нараду рашэннем Прэзідэнта былі прыцягнутыя ўсе члены Савета Бяспекі, усе вышэйшыя службовыя асобы і, вядома ж, усе кіраўнікі нашага ваеннага ведамства: да камандзіра брыгады, палка, іх намеснікі — тыя людзі, якія непасрэдна займаюцца падрыхтоўкай Узброеных Сіл, у тым ліку прадстаўнікі спецпадраздзяленняў іншых структур сілавога блока».

Па словах дзяржсакратара, адбылася шчырая, прынцыповая, жорсткая мужчынская размова. «Прэзідэнт запатрабаваў без перабольшвання далажыць усе нюансы і праблемныя пытанні: што атрымалася, што не атрымалася, на што трэба звярнуць увагу, — канкрэтызаваў ён. — Паставіў выразныя задачы мне, міністру абароны яшчэ раз прааналізаваць, далажыць яму канкрэтныя прапановы, як выправіць сітуацыю па тых праблемных пытаннях, па камусьці, хто не здольны кіраваць, прыняць кадравыя рашэнні, бо вайна памылак не даруе».

Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што на любым месцы любы камандзір павінен адпавядаць тым крытэрыям ацэнкі, якія выносяцца перад чалавекам у пагонах. «Па-першае, быць прафесійна падрыхтаваным, здольным выканаць баявую задачу, прыняць адпаведныя кіраўніцкія рашэнні і павесці за сабой асабовы склад у бой для таго, каб наш беларускі народ жыў у міры і спакоі, — перакананы кіраўнік Дзяржсакратарыята. — Калі ўсе будуць бачыць невялікія, кампактныя Узброеныя Сілы, здольныя разгарнуцца ў самы кароткі час і выканаць задачы па абароне свайго суверэнітэту і беларускага народа, я думаю, што не асмеляцца да нас, на нашу зямлю прыйсці з нядобрымі думкамі. Хоць рыхтавацца трэба да ўсяго. І правільна: рыхтуючыся да вайны, ты павінен быць упэўнены ў тым, што вайны не будзе».

Такія задачы, па словах дзяржсакратара, былі пастаўлены Прэзідэнтам. 


«У якасці даручэння было агучана праверкі не заканчваць»

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль ГЕРАСІМАЎ падкрэсліў, што падчас маштабнай праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл разглядаліся абсалютна ўсе аспекты. «Гэта і захоўванне, і ўкамплектаванне, і стан тэхнікі, забяспечанасць запчасткамі, боепрыпасамі, — канкрэтызаваў ён. — Гэта была шматпланавая работа. Так, недахопы былі выяўлены, але мы падзялілі гэта на дзве часткі. Усё, што можна было зрабіць да гэтага моманту, мы зрабілі. Ёсць два планы: адзін падпісаны міністрам абароны, другі мы зрабілі з Дзяржсакратарыятам для вядзення абсалютна ўсіх пытанняў па ўсіх воінскіх часцях і далей будзем адсочваць поўную ліквідацыю ўсіх недахопаў». 

Васіль Герасімаў прывёў словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што асноўная задача Камітэта дзяржкантролю — гэта ўласнасць і бюджэтныя сродкі. «З кожным годам мы трацім усё больш і больш бюджэтных сродкаў на ўтрыманне Узброеных Сіл. Таму ў якасці даручэння было агучана праверкі не заканчваць. У нас ёсць свой план па далейшых кантрольных мерапрыемствах», — рэзюмаваў старшыня КДК.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю