Top.Mail.Ru

Вынікі маштабнай дзейнасці па заахвочванні грамадзянскай актыўнасці падвялі на Гомельшчыне

Цікавыя і крэатыўныя


Як аб’яднаць ініцыятыўных людзей, падтрымаць іх ідэі і дапамагчы ўвасобіць задуманае ў жыццё, паказаў ІІІ Форум грамадзянскіх ініцыятыў «Ад ідэі — да выніку», які прайшоў на Гомельшчыне. Удзельнікі прадставілі ўжо рэалізаваныя праекты і абмеркавалі новыя прапановы па развіцці сваіх населеных пунктаў.


Ідэя кожнага — поспех агульны

Форум аб’яднаў амаль 300 удзельнікаў. Сярод іх — прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, кіраўніцтва абласнога і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, дэлегацыі ўсіх раёнаў Гомельшчыны, а таксама замежныя партнёры.

Пра тое, якіх вынікаў можна дасягнуць дзякуючы грамадзянскай актыўнасці, расказалі прэзентацыі ўжо рэалізаваных праектаў. На выстаўцы «Ініцыятыва кожнага — агульны поспех» прадставілі 33 праекты-пераможцы конкурснага адбору грамадзянскіх ініцыятыў 2026 года, адабраныя са 120 заявак, што паступілі на конкурс з усіх раёнаў вобласці.

Сярод іх — праект «Жывое цяпло» ў Азершчынскім сельсавеце Рэчыцкага раёна. Тут стварылі клуб, дзе для сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў выкарыстоўваюць іпатэрапію, узаемадзеянне з коньмі. У аграгарадку Навасёлкі Веткаўскага раёна дзякуючы ініцыятыўнай групе закінутую крыніцу ператварылі ў добраўпарадкаванае месца. Пра патрыятычную ініцыятыву распавяла старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Акцябрскага раёна Аксана Галчынская. Іх ініцыятыва — турыстычны маршрут і рэканструкцыя гераічнага эпізоду Вялікай Айчыннай вайны — танкавага тарана браняпоезда.

Маладзёжную ініцыятыву з Буда-Кашалёва прадставіў член ініцыятыўнай групы Станіслаў Сільчанка. У горадзе адкрылася пляцоўка для велааматараў, дзе можна пакінуць веласіпед на паркоўцы, скарыстацца абсталяваннем для яго тэхнічнага абслугоўвання і зарадзіць мабільныя прылады.


Курс на развіццё

Свае ідэі прадставілі і выпускнікі адукацыйнага курса «Школа рэгіянальнага развіцця». Эксперты форуму вызначылі лепшыя праекты, на рэалізацыю кожнага з якіх выдзелена па 10 тысяч рублёў.

Святлана Папасёмава з аграгарадка Літвінавічы Кармянскага раёна прапанавала стварыць турыстычны маршрут па мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У аграгарадку Вялікі Бор Хойніцкага раёна Наталля Крыгер прадставіла праект захавання народнага абраду «Жыве ў Вялікім Бары абрад. Провады Русалкі». Дзяніс Гаўрылаў з Жыткавіцкага раёна звярнуў увагу на рэдкі палескі абрад «Меранне сарочак» і стварэнне ў аграгарадку Верасніца экскурсійнай пляцоўкі і фотазоны для аматараў этнаграфіі і турызму.

Ініцыятыва Алены Галаты «Льецца песня над ракой» аб’яднае стварэнне музейна-экспазіцыйнай прасторы ў вёсцы Азершчына і адкрытага харавога конкурсу памяці заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Т. К. Лапацінай.

Аксана Каўганава з Чачэрскага раёна прапанавала добраўпарадкаваць тэрыторыю каля возера і святой крыніцы ў аграгарадку Матневічы. Валянціна Блудчая з Брагінскага раёна прадставіла праект далейшага развіцця музейнага пакоя «Баявой славы» ў гарадскім пасёлку Камарын.

Акрамя таго, на выстаўцы «Турыстычная адысея па маршрутах Гомельшчыны» кожны сельскі Савет прадставіў цікавыя мясціны свайго краю.


Рэальныя справы

Прадстаўленыя праекты паказалі, наколькі рознымі могуць быць грамадзянскія ініцыятывы і колькі пытанняў мясцовага жыцця яны закранаюць. Вынікі гэтай работы і патэнцыял далейшага развіцця разгледзелі на пленарным пасяджэнні форуму.

Як адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, форум ужо трэці раз пацвярджае, што ў Гомельшчыны вялікі стваральны патэнцыял, і галоўная яго сіла — актыўныя жыхары рэгіёна. Цікавасць да конкурсу расце. У 2026 годзе на рэалізацыю 33 праектаў-пераможцаў накіравана амаль 840 тысяч рублёў, што ўдвая больш, чым годам раней. Пры гэтым каля 90 тысяч рублёў складаюць уласныя сродкі грамадзян.

Іван Крупко таксама адзначыў, што Гомельшчыне ёсць чым падзяліцца з калегамі, што абмеркаваць для ўдасканалення работы, каб лепшыя практыкі дапамагалі развіваць мясцовае самакіраванне ў краіне.

Як нагадала член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, за тры гады на Гомельшчыне рэалізавана 77 грамадзянскіх ініцыятыў. Важным складнікам гэтай работы стала «Школа рэгіянальнага развіцця», выпускнікамі якой сталі больш за 60 лідараў мясцовага самакіравання.


— Значная частка нашых праектаў ініцыявана і ўвасоблена ў жыццё менавіта ў сельскай мясцовасці. Як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка: «У сёлах неабходна ствараць умовы не горшыя, чым у горадзе, таму што без вёскі не будзе дзяржавы». Ствараючы сучасную інфраструктуру ў аграгарадках, мы захоўваем эканамічны і дэмаграфічны патэнцыял нашай зямлі, — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.

На пераемнасць пакаленняў у мясцовым самакіраванні звярнула ўвагу старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. Прыклад такой пераемнасці пакаленняў у мясцовым самакіраванні — конкурс «Вопыт старэйшых — энергія маладых», які аб’яднаў дзеючых дэпутатаў і прадстаўнікоў маладзёжных саветаў.

— Органы мясцовай улады, дэпутацкі корпус і грамадзянская супольнасць Гомельшчыны сёння адзіныя. І гэтае адзінства — патрабаванне часу. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі і дэпутацкага корпуса, заўсёды падкрэслівае ключавы прынцып нашай дзяржаўнай палітыкі: «Ініцыятыва павінна ісці знізу. Галоўнае — гэта чуць людзей, падтрымліваць іх імкненне зрабіць сваю малую радзіму больш прыгожай і камфортнай, уцягваць іх у рэальнае кіраванне дзяржавай праз канкрэтныя справы». Наш Прэзідэнт дакладна акрэсліў, што сіла Беларусі — у моцных рэгіёнах, а па-сапраўднаму моцнымі яны становяцца тады, калі ў іх развіццё ўкладзена стваральная энергія, любоў і душа іх жыхароў, — падкрэсліла Вікторыя Ладуцька.

Форум у Гомелі ў гэтым годзе зноў пацвердзіў свой статус міжнароднай пляцоўкі. Сваімі напрацоўкамі падзяліліся калегі з Рэспублікі Дагестан, а таксама ўдзельнікі з Бранскай, Варонежскай і Ніжагародскай абласцей Расійскай Федэрацыі.


Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю