Удзельнікі ІІІ Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы — аб яе ролі і значнасці
Ваенны аналітык, галоўны рэдактар часопіса «Национальная оборона», дырэктар Цэнтра аналізу сусветнага гандлю зброяй Ігар КАРОТЧАНКА (Расія):
— На Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы прагучалі важныя рэчы, якія маюць значэнне для разумення ходу будучых падзей і вектараў развіцця. Аб’ектыўна Мінск — сёння тая пляцоўка, дзе Усход можа размаўляць з Захадам. Можа, адзіная, акрамя пляцоўкі ААН. І ў гэтым плане галоўны інтарэс заключаецца ў тым, каб зверыць свой пункт гледжання з меркаваннем вядучых сусветных аналітыкаў, якія прапаноўваюць сваё бачанне вырашэння крызісаў, што існуюць. Сённяшняя турбулентнасць, якая з’яўляецца вынікам безадказнай палітыкі найперш Захаду (канкрэтна Еўрасаюза, НАТА), патрабуе вывераных, дакладных рашэнняў. Без істэрыі, спакойна мы аналізуем абстаноўку і шукаем практычныя механізмы выхаду з таго тупіка, у які Захад загнаў сучасны свет сваёй безадказнай палітыкай. Пакуль ёсць шанц для здаровага дыялогу, у тым ліку з супрацьлеглым бокам, тымі заходнімі экспертамі, якія тут прысутнічаюць, мы будзем весці такі дыялог з разлікам на тое, што наш пункт гледжання будзе пачуты. Мы зможам выйсці на тыя ці іншыя прагматычныя меркаванні, якія адвядуць свет ад рызыкі Трэцяй сусветнай вайны
Прафесар філасофіі і геапалітыкі Ларэнца Марыа РЫЧЫНІ (Італія):
— Вынікі Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы будуць дыктаваць умовы ўсім структурам бяспекі Еўразіі. Удзельнікі канферэнцыі выступаюць супраць гегемоніі англасаксонскіх дзяржаў, якія хочуць дыктаваць гэтыя ўмовы. Уся структура бяспекі, якая выбудоўваецца ў Еўразіі, мае вялікае значэнне для Глабальнага Поўдня. Пазіцыя Беларусі наконт устанаўлення міру ў рэгіёне надзвычай важная, яна мае гістарычную сувязь. Беларусь выступае і як партнёр, і як пасрэднік паміж краінамі Далёкага Усходу, Глабальнага Поўдня і астатняй часткай Еўразіі. Дыпламатыя, якую апошнія некалькі гадоў выкарыстоўвае Беларусь на міжнароднай арэне, эфектыўная. Ініцыятывы, што прапаноўвае ваша краіна, уплываюць на змяненне структуры міжнароднай бяспекі.
Прафесар палітыкі і міжнародных адносін Бялградскага ўніверсітэта Срджан ПЕРЫШ (Сербія):
— Міжнародныя адносіны сёння вельмі дрэнныя. Хто вінаваты? Захад, ЗША, НАТА, Еўрасаюз. Вінаватыя таму, што хочуць геапалітычную гегемонію ў Еўразіі. А многія з іх не знаходзяцца на гэтым кантыненце. Асноўная задача ўсіх краін Еўразіі — стварыць саюз па бяспецы. Магутнасць Захаду зніжаецца, усе краіны Еўразіі павінны разумець, што цяпер гэта самая вялікая частка свету. Усе цывілізацыі, акрамя заходняй, знаходзяцца ў Еўразіі. Мультыпалярнасць, саюз цывілізацый павінны быць на першым месцы. Толькі яны павінны ствараць бяспеку ў Еўразіі. Без ЗША, без НАТА. Трэцяя міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы ў Мінску з’яўляецца крокам да гэтага.
Кіраўнік сектара Цэнтра сацыяльных даследаванняў Ільяс ГУСЕЙНАЎ (Азербайджан):
— Мінская канферэнцыя па еўразійскай бяспецы — вельмі добрая платформа для дыскусій, абмену меркаваннямі. Бясконцыя войны і праблемы, якія назіраюцца ў свеце, патрабуюць вырашэння. Для разумення сітуацыі патрэбен дыялог, знаходжанне кансэнсусу, агульнага меркавання. Мінск аб’ядноўвае ўсе гэтыя намаганні. Галоўным прыярытэтам мінскай канферэнцыі з’яўляецца выпрацоўка Хартыі шматпалярнага свету. Гэта вельмі важна, бо трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы, спецыфіку, ментальнасць розных рэгіёнаў, народаў. Эксперты прадстаўляюць пазіцыю сваёй краіны, таму ўсё гэта ўлічваецца ў будучыні. Беларусь спрабуе аб’яднаць усе намаганні дзеля міру. Мірныя ініцыятывы Мінска ўзмацняюць аўтарытэт краіны на міжнароднай арэне. Адкрытая беларуская душа жадае міру і бяспекі.
Міжнародны эксперт Ева ТЫЧКОЎСКА (Польшча):
— На змену русафобіі ў Польшчу прыйшла беларусафобія. Аднак усе палітычныя і эканамічныя рашэнні, якія прымаюцца ў нашай краіне, — на карысць Захаду, а не звычайных палякаў. Беларусы — цудоўныя людзі. Вы заўсёды за мір, за супрацоўніцтва з усімі краінамі. Вы — за тое, каб не было вайны, не было праблем. Беларусь меншая за Польшчу, але ўвесь час робіць стаўку на саюзніцкія адносіны, у тым ліку не адмаўляецца размаўляць і працаваць з намі. Беларусь заўсёды гаворыць пра каштоўнасці, дыялог і мір.
Старшыня Рабочай партыі Брытаніі Джордж ГАЛАУЭЙ (Вялікабрытанія):
— Бяспека на еўразійскім кантыненце — праблема № 1 у сучасным свеце. Адсутнасць бяспекі пагражае існаванню чалавецтва. Мы жывём у эпоху, калі амерыканскія ваенныя самалёты высаджваюцца з авіяносцаў у Паўднёва-Кітайскім моры, а НАТА пагражае Трэцяй сусветнай вайной на Украіне, Вільнюс закрывае граніцу, а мы знаходзімся тут, у Мінску, дзе абмяркоўваем пытанні мірнага суіснавання. Гэта насамрэч ідэальная метафара для аблогавага становішча, якое навязала свету імперыя НАТА.
Незалежны эксперт Кутатбек РАХІМАЎ (Кыргызстан):
Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы — адна з найважнейшых пляцовак, якія ёсць на стыку Азіі і Еўропы. Тое, што фармулюецца ў Мінску, носіць важны характар, бо Беларусь з’яўляецца пагранічнай тэрыторыяй паміж Еўропай і Еўразіяй. З аднаго боку, Беларусь ужо зрабіла свой выбар як еўразійская краіна, уступіўшы ў ШАС, будучы актыўным удзельнікам усіх знакавых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы. Адначасова Беларусь займае вельмі важную ролю ў агульнай канструкцыі ад Брэста да Уладзівастока. Прапановы вашай краіны, як правіла, актуальныя. Яны носяць своечасовы характар і месцамі нават апераджальны. Гэта вельмі немалаважна для разумення агульнай карціны таго, што адбываецца ў свеце.