Top.Mail.Ru

Вынікі работы Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі за 2024–2026 гады падвялі на яго заключным пасяджэнні ў Мінску

Удзельнікаў мерапрыемства чакала насычаная праграма: моладзь азнаёмілася з выставачнай экспазіцыяй і прыняла шэраг ключавых рашэнняў, а завяршылася сустрэча ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання ў Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 


Каштоўныя ўрокі і цікавы вопыт

Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі вядзе сваю дзейнасць з сакавіка 2025 года. Ён стаў правапераемнікам Маладзёжнага савета (парламента), створанага ў ліпені 2020-га, і з’явіўся ў выніку яго рэарганізацыі. Галоўная мэта гэтага кансультатыўна-дарадчага органа, які працуе на грамадскіх асновах, — садзейнічаць заканадаўчай дзейнасці ў галіне забеспячэння правоў і законных інтарэсаў моладзі.



Падчас работы савет прымаў самы актыўны ўдзел у шэрагу ключавых кірункаў. У тым ліку — актыўна ўдзельнічаў у мерапрыемствах Савета Рэспублікі, развіваў рэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва, працаваў над заканадаўчымі ініцыятывамі, праводзіў уласныя маладзёжныя праекты і мерапрыемствы. 

Дарэчы, з некаторымі з іх можна было азнаёміцца на выставачнай экспазіцыі перад заключным пасяджэннем. У ім прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА: «У вас сфарміравалася сур’ёзная грамадзянская пазіцыя ў адносінах да сваёй дзяржавы і народа. Вы дакладна разумееце, што неабходна рабіць сёння, каб заўтра наша Беларусь заставалася такой жа шчаслівай, суверэннай і незалежнай», — адзначыла Наталля Качанава.



Прычым закранае моладзь, як падкрэсліваюць арганізатары, шмат самых разнастайных тэм: ад умацавання інстытуту традыцыйнай сям’і і сумесных ініцыятыў з Беларускай праваслаўнай царквой да маштабных патрыятычных праектаў і пошукавых работ. Кожны з кірункаў работы падрабязна асвятліла старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна РАЦЬКОВА. 

Паводле яе слоў, члены Маладзёжнага савета былі актыўна задзейнічаны ў розных пасяджэннях Савета Рэспублікі, экспертна-кансультатыўных саветах, а таксама ў сесіях раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў. Як адзначыла Аліна Рацькова, савет арганізаваў каля 3700 уласных ініцыятыў, паўдзельнічаў у 2500 мерапрыемствах і 442 асабістых прыёмах грамадзян. І гэты вопыт, падкрэсліла старшыня, стаў для маладых людзей адным з самых каштоўных урокаў: «Мы такія маладыя, энергічныя, у нас заўжды было шмат ідэй, смелых планаў, і ў нас верылі. Самае галоўнае — ставіць канкрэтныя задачы і даводзіць іх да рэальнага выніку, адказваючы за кожную справу», — падкрэсліла Аліна Рацькова.

«Каманда будучыні нашай краіны — гэта мы!»

Нядзіўна, што менавіта такія словы гучаць у гімне Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі — яны яскрава перадаюць настрой яго ўдзельнікаў. Як падкрэсліў старшыня камісіі па рэгіянальнай палітыцы і ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Яўген ПУНІНСКІ, падчас работы Маладзёжнага савета яго ўдзельнікі сталі адзін аднаму і сям’ёй, і самымі лепшымі сябрамі.


Паводле яго слоў, за два гады работы Маладзёжны савет атрымаў доступ да шырокага кола магчымасцяў. У яго рамках сабраліся менавіта тыя маладыя людзі, якія гатовыя працаваць дзеля дабрабыту сваёй дзяржавы, заўсёды працягнуць руку дапамогі таварышу, атрымаць масу парадаў і карысных урокаў ад людзей старэйшага ўзросту. «У нас самая сапраўдная „Фабрыка зорак“, таму што кожны з нас унікальны, — падкрэсліў Яўген Пунінскі. — У нашых хлопцаў і дзяўчат гараць вочы, ім не ўсё роўна, што адбываецца вакол іх».

Па словах удзельнікаў, пляцоўка дала ім шмат магчымасцяў для росту: тут моладзь развівае не толькі камунікатыўныя навыкі і прамоўніцкае майстэрства, але і набывае сур’ёзны арганізатарскі вопыт. Ён уключае зносіны з высокапастаўленымі людзьмі і замежнымі гасцямі, вядзенне дакументацыі, а таксама падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў рознага маштабу.


Старшыня камісіі па інфармацыйнай палітыцы, тэхналогіях і сувязях з грамадскасцю Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Дар’я КУДРАШОВА расказала, што ў савеце яна зусім нядаўна — каля васьмі месяцаў, аднак за гэты час паспела пазнаёміцца з вялікай колькасцю таленавітых людзей, папрацаваць з цудоўнай камандай: «Такая платформа дае вельмі шмат шанцаў, шмат магчымасцяў для самарэалізацыі і паказвае, хто ты ёсць насамрэч. Напрыклад, я разам са сваёй камандай стварыла праект па кібербяспецы — ён стаў вынікам нашай сумеснай работы з УУС Брэстчыны, — адзначыла Дар’я Кудрашова. — Маладзёжны савет — гэта сапраўды сям’я. Тут ты разумееш, чаго ты варты, раскрываеш свае таленты».

Аміна НАЗАРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю