Ідэі родам з рэгіёнаў: БРСМ і Міністэрства адукацыі падтрымаюць найлепшыя стартапы
Вынікі рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў падвялі 13 сакавіка ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Установы адукацыі і абласныя камітэты БРСМ падвялі вынікі рэалізацыі праектаў мінулага года, а таксама прадставілі пераможцаў 2026 года. Мерапрыемства прайшло пад патранажам БРСМ і Міністэрства адукацыі.
Ідэі нараджаюцца ў рэгіёнах
Як заўважыў сакратар ЦК БРСМ Павел АЛЕКСА, асноўнае новаўвядзенне пятага сезона конкурсу — рэгіянальны адбор. На працягу 2025 года абласныя камітэты маладзёжнай арганізацыі акумулявалі і ацэньвалі праекты, дзякуючы чаму на рэспубліканскі этап выйшла каля 160 заявак.
Галоўным крытэрыем для ацэнкі праектаў з’яўляецца карыснасць для грамадства і запатрабаванасць для моладзі, а таксама практычная рэалізуемасць. Напрыклад, малыя архітэктурныя формы, спартыўныя пляцоўкі, асаблівыя навучальныя класы і адукацыйныя праекты, а таксама сацыяльныя, валанцёрскія праграмы і гісторыка-патрыятычныя праекты.
Сам жа БРСМ падтрымлівае праекты па такіх напрамках, як маладзёжныя крэатыўныя прасторы, ЗЛЖ і спорт, навука і інавацыі, інфармацыйныя тэхналогіі СМІ. Асаблівая ўвага надаецца рабоце з пачаткоўцамі-блогерамі і развіццё інфармацыйнай прасторы.
«Мы разумеем, што сёння маса праектаў, якія ўзнікаюць у маладых людзей, мноства ініцыятыў маюць патрэбу ў падтрымцы з боку дзяржавы і грамадскіх аб’яднанняў. Вельмі важна, што такі інструмент ёсць — гэта магчымасць прафінансаваць ініцыятывы і вылучыць сродкі для рэалізацыі тых задумак, якія могуць стаць працоўнымі праектамі», — падкрэсліў Павел Алекса.
Ад кінатэатраў і сумеснага навучання да гістарычнай памяці і краязнаўства
Большасць ініцыятыў 2025-2026 гадоў сфакусавана вакол тэм дадатковай адукацыі, каворкінгаў і проста месцаў сустрэчы моладзі. Юных акцябрат, піянераў і членаў БРСМ аб’ядноўваюць «Прыступкі росту» — праект Жлобінскага педагога Аліны БАЙКАЧОВАЙ.
Ідэю адпачынку пад адкрытым небам і месца сустрэч прапанавала кіраўнік Баранавіцкага раённага камітэта БРСМ Людміла Віннік. Педагог расказала, што ў 2025-м яны з камандай рабят распрацавалі і апрабавалі некалькі канцэпцый перасоўнага кінатэатра. Галоўнай задачай было сумясціць кампактнасць усіх элементаў — ад мяккіх падушак да перасоўнага надзіманага экрана.
Навучэнец 9 класа Жыровіцкай сярэдняй школы, супрацоўнік музея Жыровіцкага манастыра Арсеній ШНАЙДЭР расказаў аб выніках развіцця свайго праекта - пераможцы 2025 года «Святыні зямлі беларускай». У рамках гэтага адукацыйнага праекта, у сценах музея Жыровіцкага манастыра, была арганізавана інфармацыйная пляцоўка, якая расказвае аб 9 найбольш важных праваслаўных храмах на тэрыторыі Беларусі.
У Смаргонскім раёне маладым маці прапануюць творчыя майстар-класы без адрыву ад выхавання дзяцей. Арганізатары праекта «Мама ў справе» вырашылі змагацца з сацыяльнай ізаляцыяй і эмацыянальным выгараннем у маладых мам. Для гэтага была арганізавана шматфункцыянальная прастора, дзе можна навучыцца асновам рамёстваў, прайсці майстар-класы па кераміцы і фатаграфіі для прасоўвання сваіх вырабаў у сацыяльных сетках. Вялікая ўвага нададзена інтэрактыву «Кампетэнцыі будучыні». Смаргоншчына даказвае, што маладая маці здольная спалучаць асабістыя амбіцыі ў творчасці, нават бізнесе, з выхаваннем дзяцей.Дзякуючы рэгіянальнаму этапу адбору, мноства аўтараў і змаглі расказаць пра гісторыю і патэнцыял развіцця родных раёнаў, гарадоў. Ва Уваравіцкім раёне Гомельскай вобласці моладзь упарадкоўвае старажытную крыніцу, побач са старадаўнім гарадзішчам і брацкай магілай часоў Вялікай Айчыннай вайны. Была акультурана тэрыторыя, устаноўлены альтанкі для адпачынку. Значнае для гісторыі раёна месца стала яшчэ адным пунктам прыцягнення гасцей і жыхароў раёна.

Не толькі рэалізаваць, але і развіваць
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі - начальнік упраўлення па справах моладзі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ нагадала, што адна з галоўных мэт конкурсу — развіццё новых і ўжо рэалізаваных праектаў папярэдніх гадоў.
«Хочацца, каб гэтыя праекты і пляцоўкі, што вы рэалізавалі, пастаянна выкарыстоўваліся нашай моладдзю. Дапамагалі ў творчасці, прафесійных навыках. Каб проста рабяты маглі дзе-небудзь сабрацца і пагутарыць».
Аб развіцці важнага валанцёрскага праекта расказаў намеснік кіраўніка пошукава-выратавальнага атрада «Пульс» Дзмітрый ЯКУБЧЫК. Пошукавікі ўжо другі сезон з’яўляюцца ўдзельнікамі конкурсу — у 2024 годзе была прадстаўлена канцэпцыя самога пошукавага атрада і створаны падмурак для яго дзейнасці — выдзелены сродкі на закупку неабходнага абсталявання і пошукавых дронаў. Сёлета валанцёры пайшлі далей і распрацавалі навучальныя курсы для прыцягнення моладзі ў пошукавы рух у выглядзе бесперапыннага адукацыйнага працэсу — валанцёры будуць станавіцца інструктарамі і навучаць новую моладзь. Дзмітрый падкрэсліў, што дзяржава аказала істотную падтрымку руху, таму што ў асноўным такія выратавальныя атрады трымаюцца за кошт уласных сродкаў удзельнікаў.
Таксама тэматыку навучання захаванню жыцця падтрымлівае праект педагога з Чачэрска Анастасіі СЕРЫКАВАЙ. Яе паласа перашкод «Выратавальнік», выкананая ў выглядзе канатнага гарадка, дазваляе не толькі правесці час на свежым паветры за заняткамі спортам, але і асвоіць навыкі ратавальнікаў-альпіністаў.
Падводзячы вынікі, арганізатары адзначылі, што поспехі ўдзельнікаў конкурсу - гэта надзейны падмурак для новых здзяйсненняў. Ганаровыя сведчанні аб рэалізацыі ўручылі 31 праекту. Аднак для іх стваральнікаў узнагароды — толькі пачатак шляху і зялёнае святло ў займальны шлях рэалізацыі прадстаўленых праектаў, а таксама сведчанне таго, што такія творчыя і смелыя ідэі сапраўды патрэбныя грамадству і краіне.