У мінулыя выхадныя ў горадзе над Бугам прайшоў Кубак наймацнейшых спартсменаў паміж камандамі Беларусі і Расіі. Ён па праве лічыцца адным з асноўных стартаў летняга лёгкаатлетычнага сезона.Гаспадары на родным стадыёне выступілі дастойна — у скарбонцы беларусаў 38 медалёў, з якіх 11 залатых, 14 сярэбраных і 13 бронзавых. Уразілі нашы лёгкаатлеты і якасцю, паказаўшы прыгожыя выступленні і добрыя вынікі.
У сектары для штурхання ядра Алег Тамашэвіч ва ўсіх шасці спробах штурхнуў снарад за 20 метраў. Яго вынік у 20,98 метра пераўзысці не змог ніхто. Разам з тым гэта яшчэ не мяжа дасканаласці. У жаночай частцы спаборніцтваў ужо шмат гадоў роўных няма Алене Дубіцкай. У Брэсце перамогу ёй прынёс вынік 18,43 метра. Але ўсё яшчэ ёсць куды імкнуцца.
У сектары для скачкоў у даўжыню найлепшыя вынікі паказалі Аляксей Дудзінскі — 8,16 метра — і Арцём Гурын — 8,12 метра. Дарэчы, Арцём упершыню ў кар’еры пераадолеў адметку ў 8 метраў.
На дыстанцыі 1500 метраў Вячаслаў Скудны перамог з вынікам 3:37,05. І ўсяго на дзве сотыя секунды ад яго адстаў таварыш па камандзе Ілья Карнавухаў, чый вынік 3:37,08. Гэта шматабяцальная заява на далейшы ход сезона.
У сектары для кідання кап’я ўсё было досыць прадказальна — тут перамагла Таццяна Халадовіч, якая закінула снарад на 60,59 метра. На другім месцы — яшчэ адна беларуска Юлія Макеева з вынікам 58,04 метра. Кап’ё Аляксея Каткаўца паляцела на 82,14 метра, але гэтага хапіла толькі для другога
месца.
У спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе Ганна Церлюкевіч усю дыстанцыю задавала тэмп, але на заключных кругах сіл не хапіла. Аднак хапіла сіл абнавіць асабісты рэкорд на 10 кіламетрах — 43:18,60 — і заняць трэцяе месца.
У змешанай эстафеце 4×400 беларусы Міхаіл Міхноўскі, Аляксандра Хільмановіч, Раман Валодзькін і Кацярына Жываева перамогу не аддалі. Даніла Глузд, Мікіта Жыгар, Максім Грабарэнка і Дзяніс Блізнец узялі верх і ў мужчынскай эстафеце 4×100 метраў. А Раман Антохін, Аляксандр Уласюк, Станіслаў Вінічук і Рэнат Шугай занялі другое месца.
У кіданні дыска залаты і бронзавы медалі засталіся ў Беларусі. Пераможцам стаў Уладзіслаў Пучко — 63,91 метра, бронзу атрымаў Яўген Багуцкі — 61,62 метра. У кіданні молата Аляксандр Шымановіч паказаў найлепшы вынік сезона — 77,01 метра, але гэтага хапіла толькі на другое месца.
У дзесяціборцаў нічога новага не здарылася. На верхніх пазіцыях размясціліся беларусы Максім Андралойць і Віталій Жук. З вынікам 8291 бал перамог Максім Андралойць. У асобных відах ён яшчэ аднавіў і ўласныя рэкорды: у скачках у даўжыню і ў кіданні кап’я. Віталій Жук у дзесяці відах набраў 7901 бал — гэта яго найлепшы вынік у гэтым сезоне і за апошнія два гады.
У сектары для трайнога скачка Настасся Дрозд паказала вынік у 14,13 метра, гэтага хапіла толькі на трэцяе месца. Але для спартсменкі гэта асабісты рэкорд. У мужчынскай частцы спаборніцтваў безумоўная перамога дасталася Максіму Несцярэнка, які скокнуў на 17,01 метра.
Варта заўважыць, што многія лідары беларускай каманды ў Кубку наймацнейшых не выступалі, а некаторыя вынікі пераможцаў не ў поўнай меры адлюстроўваюць іх магчымасці. Але і летні лёгкаатлетычны сезон яшчэ не заканчваецца. Таму «каралева спорту» яшчэ пакажа, на што здольная.
Валерыя СЦЯЦКО.
Фота БФЛА.