Top.Mail.Ru

Вынікі VIII Міжнароднага мастацкага пленэру

«Святасць зямлі беларускай»

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» пачала сваю работу выстаўка па выніках VIII Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі беларускай», прысвечанага 850-годдзю з дня смерці прападобнай Ефрасінні. 

У пленэры прымалі ўдзел мастакі з Беларусі, Расіі і Малдовы. Сярод іх былі такія вядомыя майстры, як Глеб Отчык, Анатоль Отчык, Галіна Конанава, Аксана Еўдакіменка, Юрый Язан, а таксама маладыя мастакі (Ганна Садоўская, Марта Шчэрбіч). Часткай праекта стаў рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка. Арганізатары пленэру — Беларуская Праваслаўная Царква, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз журналістаў«, ТАА «БелінжынірынгбудІнвест». 

На выстаўцы «Святасць зямлі беларускай» прадстаўлена 33 работы ў розных жанрах: пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя і сімвалічныя кампазіцыі. Большасць прысвечана жыццёваму шляху прападобнай Ефрасінні Полацкай. Светлы вобраз апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай — гэта сімвал міралюбнасці, пакоры, лагоднасці і любові да бліжніх. Падзвіжніцкая дзейнасць святой Ефрасінні, заснаванне кляштараў і храмаў, якія сталі цэнтрамі асветы ў Полацкім княстве, стварэнне па яе просьбе духоўнай святыні Беларусі — напрастольнага Крыжа-каўчэга, пераклад і стварэнне рукапісных копій богаслужэбных кніг — вызначальныя і знакавыя падзеі ў гісторыі культуры Беларусі. 

Выстаўка дзейнічае да 5 кастрычніка. Спяшайцеся пабачыць! 

Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю