26 мая выпускнікі будуць здаваць ЦЭ ў пісьмовай форме па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежнай мове (англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай), гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (найноўшы час), геаграфіі, грамадазнаўстве (па выбары навучэнца). 29 мая выпускнікі будуць здаваць ЦЭ па беларускай або рускай (на выбар) мовах. У гэтыя ж тэрміны пройдзе і цэнтралізаванае тэсціраванне.
Сёння мы нагадваем старшакласнікам правілы правядзення цэнтралізаванага экзамена, агучваем новаўвядзенні, а дапамагае ў гэтым намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Каржова.
Плюс адзін
— Акрамя традыцыйных спецыфікацый па 15 вучэбных прадметах, дададзеная новая — па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, — расказвае яна. — Змест экзаменацыйнай (тэставай) работы па гэтым прадмеце арыентаваны на адзінаццацікласнікаў, якія асвойваюць эксперыментальную вучэбную праграму.
Тэрміны
— Сёлета, як і летась, цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне будуць праходзіць у адзіныя тэрміны, — паведаміла Ірына Каржова. — Цэнтралізаваны экзамен выпускнікі нашых школ здаюць 26 і 29 мая, сертыфікаты па выніках здачы ЦЭ абітурыенты выкарыстоўваюць для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі. 2 і 5 чэрвеня можна прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне па профільным прадмеце. Далейшы шлях — у прыёмную камісію.
Не здаў, але не здаўся
— Навучэнцы, якія на ЦЭ атрымалі «0» балаў, у гэтым годзе атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымаць не змогуць, — кажа начальнік упраўлення. — Яны атрымаюць даведку аб навучанні. Ім неабходна будзе зарэгістравацца на ЦЭ ў наступным годзе. Аднак унесены змены ў нарматыўныя дакументы, якія дазволяць такім дзецям прайсці ЦЭ ў іншыя тэрміны — у жніўні. Асабліва падкрэслю, што гэта новаўвядзенне будзе дзейнічаць толькі з 2026 года.
Без гаджэтаў і настаўнікаў-прадметнікаў
— Сёлета забарона на выкарыстанне смартфонаў і сродкаў аўдыя-, відэа-, фотафіксацыі распаўсюджваецца на ўсёй тэрыторыі пункта правядзення ЦЭ, — папярэджвае прадстаўнік Мінадукацыі.
Паводле яе слоў, на такую меру прымусіў пайсці вопыт мінулых гадоў, калі некаторыя ўдзельнікі ЦЭ спрабавалі скарыстацца гаджэтамі, выходзячы з аўдыторыі, — у калідоры, прыбіральні... Таму мабільныя тэлефоны ці іншыя сродкі сувязі будуць здавацца тымі, хто экзаменуецца, яшчэ на этапе прапускнога кантролю. Пры гэтым выкарыстанне тэлефонаў у дварах пунктаў тэсціравання дазволена. Калі экзамен скончыўся, вы выйшлі з аўдыторыі ў двор пункта — калі ласка, карыстайцеся!

— Што датычыцца педагогаў-прадметнікаў, то гэта другое новаўвядзенне ў ЦЭ: на цэнтралізаваным экзамене яны больш прысутнічаць не будуць, — дзеліцца навіной Ірына Каржова. — У мінулыя гады прадметнікі разам з іншымі настаўнікамі ў аўдыторыі дапамагалі запаўняць бланкі, адказвалі на агульныя пытанні. Аднак пачалі з’яўляцца здагадкі, што яны падказваюць «сваім». Каб падобныя чуткі больш не ўзнікалі, было прынята рашэнне аб выключэнні прадметнікаў з ліку прысутных у аўдыторыі.
У школе, але не ў сваёй
— Для правядзення ЦЭ падрыхтавана 144 пункты, у ліку якіх 57 школ і гімназій, — расказвае далей намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення. — Калі цэнтралізаваны экзамен праходзіць на базе школы, то педагогі, якія на ім прысутнічаюць, не павінны быць яе супрацоўнікамі.
Закранула яна і пытанне дастаўкі дзяцей да месца правядзення ЦЭ — яны, як і ў ранейшыя гады, будуць прыбываць да пункта здачы цэнтралізавана, у суправаджэнні педагогаў.
— Месца збору — установа адукацыі, — дадала Ірына Каржова. — Выпускнікоў сельскіх школ будуць дастаўляць на ЦЭ на школьным аўтобусе. Час пачатку іспытаў — 11.00. Прыбыццё ў пункт ЦЭ не пазней, чым за 30 хвілін да пачатку экзамену.
Калі ўмяшалася хвароба
— Здараецца, што ў працэс здачы ЦЭ нечакана ўмешваюцца такія непрыемныя фактары, як, напрыклад, хвароба, — знаёміць з магчымай сітуацыяй прадстаўнік Мінадукацыі. — Што перш за ўсё трэба зрабіць выпускніку? Атрымаць адпаведны медыцынскі дакумент, каб можна было здаць экзамен у рэзервовы дзень. Рашэнне аб допуску на ЦЭ ў такіх выпадках прымаюць камісіі, створаныя галоўнымі ўпраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць значнасць прычыны адсутнасці на ЦЭ ў асноўны дзень.
У выпадку хваробы — гэта даведка ад урача.
Яна расказала, што летась 9 хлопчыкаў і дзяўчынак не змаглі завяршыць экзаменацыйную работу па прычыне дрэннага самаадчування, і падкрэсліла:
— Калі такое здараецца, аб гэтым трэба паведаміць педагагічнаму работніку, які знаходзіцца ў аўдыторыі. У кожным пункце ЦЭ прадугледжана работа медыка, які акажа дапамогу. У журнале, які знаходзіцца ў медыцынскім пункце, і ў пратаколе правядзення ЦЭ ў аўдыторыі будзе зроблены адпаведны запіс, які стане пацвярджальным дакументам дрэннага самаадчування і падставай для допуску на экзамен у рэзервовы дзень.
Пераводзім балы ў адзнаку
— Тэставы матэрыял па ўзроўні складанасці не змяніўся і па-ранейшаму змяшчае заданні пятага ўзроўню складанасці, — працягвае знаёміць з нюансамі начальнік упраўлення. — На сайтах РІКВ і Міністэрства адукацыі апублікаваны табліцы адпаведнасці першасных і тэставых балаў па ўсіх прадметах. Тут жа прадстаўлены шкалы пераводу балаў, атрыманых удзельнікамі ЦЭ па стабальнай шкале, у адзнаку па дзесяцібальнай. Напрыклад, каб атрымаць «дзявятку» па рускай або беларускай мове, трэба набраць ад 68 да 81 тэставага бала. Кожны абітурыент, які будзе здаваць ЦЭ або ЦТ, убачыць у асабістым кабінеце копію сваёй работы.
Катэгарычнае «Не»!
— Нагадаю, што забаронена ўдзельнікам ЦЭ і ЦТ: фальсіфікаваць даныя ў бланку рэгістрацыі і адказаў, мяняцца месцамі і экзаменацыйнымі матэрыяламі, прасіць падказку ў каго-небудзь, уносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння часу тэсціравання, мець пры сабе сродкі сувязі і электронную тэхніку, выносіць з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы, лісты для рабочых запісаў, пісьмовыя нататкі, фатаграфаваць экзаменацыйны матэрыял, размаўляць паміж сабой, — пералічвае прадстаўнік Мінадукацыі. — Удзельнік, які парушыў патрабаванні праходжання ЦЭ, пакідае аўдыторыю. Яго бланк адказаў не правяраецца.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД