Успамінаецца май 1966 года. Ад студэнцкага інтэрната да роднай вёскі Казімірава Асіповіцкага раёна — адлегласць невялікая: дзве гадзіны паездкі на аўтобусе і гадзіна пешшу праз лес і поле. Гэтым разам месца ў аўтобусе было нязручнае — спінай у бок руху.
Я любіла ў дарозе паглыбіцца ва ўспаміны і мары. Аднак тады не магла сканцэнтравацца з-за вельмі пільнага позірку зусім незнаёмай жанчыны сталага ўзросту, якая сядзела насупраць.
На імгненне на твары жанчыны з’явілася ўсмешка, а потым раптам на вочы навярнуліся слёзы. Яна злёгку нахілялася, як быццам хацела дакрануцца да мяне рукой. Я не вытрымала і спытала: «Чаму вы так на мяне глядзіце?» Жанчына ўздыхнула: «Прабачце, калі ласка. Вашы вочы вельмі нагадалі мне вочы адной з маіх любімых былых вучаніц...»
«Гэта ж мая мама!»
Я папрасіла расказаць пра яе. Жанчына пачала свой аповед: «Да вайны я выкладала рускую мову і літаратуру ў вёсцы Пасекі. Калі пачалася вайна, тыя, каго не паспелі прызваць у Чырвоную Армію, пайшлі ў партызаны альбо сталі сувязнымі. Я была сувязной партызанскай групы, якая з цягам часу перарасла ў партызанскі атрад Баразны. Мае абавязкі ўключалі атрыманне інфармацыі ад партызан і іншых сувязных аб перамяшчэнні захопнікаў да населеных пунктаў. Аб гэтым я павінна была хутка паведамляць насельніцтву, каб людзі маглі своечасова перайсці ў сховішча.
Аднойчы ў вёску прыйшлі фашысты, моладзь сагналі ў хлеў і зачынілі. На наступны дзень нашу групу пагналі ў Асіповічы. Немцы праз паліцая даведаліся, што я звязана з партызанамі, мяне павінны былі расстраляць. У той час у чыгуначным дэпо Асіповічы дзейнічала партызанская падпольная група. На вакзале фашысты рыхтаваліся адправіць беларускую моладзь у Германію па напярэдадні складзеных спісах, якія не правяралі перад пасадкай у таварныя вагоны. Карыстаючыся сітуацыяй, хлопцы штурхнулі мяне ў вагон. Нас было так шмат, што нават немагчыма было прысесці. Там апошні раз я ўбачыла сваю вучаніцу. Думаю, што яна загінула, на жаль. Маладая была, каля 18 гадоў. У Германіі нас прывезлі ў Эрфурт, адправілі ў месца размеркавання побач з канцлагерам Бухенвальд. Мы шмат працавалі, цяжка пра гэта ўспамінаць...»
Зрабіўшы паўзу, я спытала: «Як звалі вашу вучаніцу?» «Яня (Янька) Пятровіч, а мяне завуць Ганна Бернардаўна Радзіеўская, я працягваю працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Жорнаўскай СШ», — сказала суразмоўніца.
Ад хвалявання я не магла гаварыць і толькі ціха прашаптала: «Гэта ж мая мама! Яна жывая! Нас у бацькоў — пяцёра».
Трагічная гісторыя
Ганна Бернардаўна папрасіла расказаць, як мае родныя перажылі вайну і як яны жывуць у гэты час. Цяпер уважліва слухала яна. «У Германіі мама працавала на заводзе з іншымі сагнанымі дзяўчатамі, — пачала я аповед. — Мой бацька, таксама ваш былы вучань, Станіслаў Лукашэвіч, з красавіка 1942 года быў у партызанскім атрадзе Мікалая Піліпавіча Каралёва, Героя Савецкага Саюза. У сакавіку 1944-га група партызан трапіла ў фашысцкую засаду, і бацька апынуўся ў нямецкай няволі — у лагеры для ваеннапалонных паблізу горада Данцыг. Чырвоная Армія гнала фашыстаў на захад, польскія ахоўнікі гаварылі пра гэта паміж сабой. Бацька добра ведаў польскую мову. Праз некаторы час ён і яшчэ тры афіцэры Чырвонай Арміі ўцяклі. Бацька вярнуўся ў вызваленыя Асіповічы, быў узяты на службу ў вайсковую часць, якая прымала цягнікі з савецкімі грамадзянамі, што вярталіся з нямецкага палону. Аднойчы, калі дзяжурыў, на вакзале спыніўся цягнік, ён сустрэў каля вагона знаёмую дзяўчыну Яньку. Неўзабаве маладыя ажаніліся. Пасля вайны бацька скончыў партыйную школу ў Мінску, маці — курсы бухгалтараў. Іх працоўная дзейнасць працягвалася ў родных мясцінах».
Яшчэ я расказала сваёй спадарожніцы, што мы не толькі чыталі пра жахі вайны, але і шмат чулі ад бабулі Мальвіны. Пра тое, як яна ў лесе пасля перадачы прадуктаў і адрамантаванага адзення для партызан сустрэла лыжнікаў-фашыстаў. Яны спынілі каня, а ёй загадалі зняць целагрэйку, агаліць на марозе спіну і легчы на сані. Білі ствалом маладой елкі з абсечанымі галінкамі і пакінутымі сучкамі... Білі і смяяліся...
Немцы рэдка заходзілі ў вёску, толькі каб нарабаваць ежы. Вёска была малая, амаль з усіх бакоў лес, а перад ім — рэчка, дрэнная дарога, яшчэ, напэўна, іх стрымліваў страх сустрэчы з партызанамі. Апошні раз яны заехалі ў вёску па моладзь для адпраўкі ў Германію. Ім удалося схапіць толькі дваіх — Яньку і яшчэ аднаго хлопца.
Бабуля гаварыла пра частыя сустрэчы з партызанамі. Адзіны брат мамы Эдзік — партызан 752-й дыверсійнай групы пад камандаваннем Паўла Кажушка — у 19 гадоў загінуў ад фашысцкай кулі. Бацька і маці майго бацькі, яго брат Валодзя, сёстры Паліна і Сафія былі спалены жывымі 8 студзеня 1943 года разам з 228 мірнымі жыхарамі вёскі Асавок. З шасці членаў сям’і толькі бацька застаўся ў жывых.
Пра многае можна было яшчэ пагаварыць, але аўтобус пад’ехаў да месца прызначэння Ганны Бернардаўны. Развітваючыся, мы абняліся, пажадалі дабра і міру...
...Сярод нас ужо няма маіх бацькоў, бабулі Мальвіны, Ганны Бернардаўны, былых партызан і іх камандзіраў, але ёсць кніга «Памяць. Асіповіцкі раён», наша асабістая памяць, бязмежная ўдзячнасць і шанаванне, перададзеныя нашчадкам. Глыбока справядлівыя словы старажытных мудрацоў: «Калі вайна забываецца, то пачынаецца новая. Памяць — галоўны вораг вайны».
Валянціна КАВАЛЕЎСКАЯ
Фота з архіва аўтара