Па ўсёй краіне ў большасці ВНУ выпускныя балі ўжо адшумелі і звыш 46 тысяч учарашніх студэнтаў разам з дыпломам атрымалі пуцёўку ва ўжо па-сапраўднаму дарослае жыццё. У хуткім часе яны зоймуць свае першыя рабочыя месцы ў новай для сябе якасці — маладых спецыялістаў.
Сёння ўвечары ў сталічным Футбольным манежы прагучыць заключны акорд — тут чакаюць на баль уладальнікаў чырвоных дыпломаў, актывістаў, пераможцаў і прызёраў прэстыжных міжнародных конкурсаў. Дарэчы, сёлета гэта традыцыйнае мерапрыемства змяніла фармат. На які? Арганізатары вырашылі трымаць інтрыгу да канца. Кажуць, што будзе цікава і незвычайна. Чакаць засталося нядоўга.
А нашы карэспандэнты паразмаўлялі з выпускнікамі ВНУ з розных рэгіёнаў краіны.
Прыносіць карысць радзіме
Выпускніца механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Сняжана КРАСНОВА:

— Я атрымала спецыяльнасць «Інжынер па ахове навакольнага асяроддзя». Па балах у мяне была магчымасць застацца ў Магілёве, але я вырашыла вярнуцца на малую радзіму ў Касцюковічы, на сваё роднае прадпрыемства — Беларускі цэментны завод, дзе я праходзіла дзве практыкі. Да таго ж яго кіраўніцтва падала на мяне імянную заяўку. Прадпрыемства сучаснае, перадавое ва ўсіх адносінах. І калектыў вельмі добры. Я нават яшчэ да атрымання дыплома выйшла працаваць на завод, а каб абараніць дыплом, узяла некалькі дзён за свой кошт.
Вучыцца была лёгка, цікава і зручна. І работа таксама падабаецца. Настрой узняты, ёсць жаданне рэалізаваць сябе на карысць радзімы.
«Ніякіх мінусаў»
Выпускніца тэхналагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Вольга ЯКАЎЦАВА:
— Крыху шкада развітвацца з роднай ВНУ — чатыры гады вучобы праляцелі як адзін дзень. Я атрымала спецыяльнась «тэхнолаг брадзільных вытворчасцяў і вінаробства» і ў якасці інжынера-хіміка еду працаваць у Мінскую вобласць, у ААТ «Вінакурня Нарач».
Настрой пазітыўны, баявы. Універсітэт даў мне грунтоўныя веды, якія я змагу прымяніць на практыцы. З прадпрыемствам таксама знаёмая — праходзіла на ім практыку. Усё спадабалася — і калектыў, і сам завод. Неабходнае абсталяванне для правядзення аналізаў там ёсць, мінусаў ніякіх не заўважыла.
І ўвогуле, Беларусь — выдатная краіна як для працы, так і для жыцця. Разам з першым працоўным месцам у мяне будзе магчымасць атрымаць і арэнднае жыллё — нам з сяброўкай па групе, якая размеркавалася на гэта ж прадпрыемства, выдзяляюць двухпакаёўку.
Прафесія цікавая, ёсць магчымасць развівацца і павышаць свой прафесійны ўзровень. І гэта таксама натхняе.
«Мы з жонкай гарадскія, але выбралі вёску»
Выпускнік Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Станіслаў ПАРФЯНЮК:
— Па заканчэнні ВНУ адчуваю багаты спектр эмоцый: лёгкі сум ад хуткага расстання са сваёй акадэміяй, пяццю гадамі студэнцтва і глыбокую удзячнасць сваім выкладчыкам, радасць ад таго, што хутка буду заўсёды побач са сваёй жонкай Крысцінай.

Сам я з Брэста, яна з Пінска, пазнаёміліся падчас вучобы ў Віцебску на ветурачоў. Цяпер яна працуе ў адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Мінскага раёна — ААТ «Ігнацічы». Туды ж размеркавалі і мяне. Я праходзіў там практыку, таму знаёмы і з людзьмі, і з будучым фронтам работы. Гаспадарка абяцае кампенсаваць нам выдаткі на арэнду жылля ў аграгарадку. Мы гарадскія жыхары, але выбралі вёску. Думаю, не расчаруемся.
Прыступаць да самастойнай работы не баюся: я атрымаў трывалую базу ведаў у аўтарытэтнай акадэміі з больш як 100-гадовай гісторыяй. Асабліва ўдзячны свайму выкладчыку, дацэнту кафедры хірургіі Уладзіміру Анатольевічу Хавайлу. Гэта адзін з вядучых спецыялістаў краіны ў галіне артапедыі. Ён захапіў гэтым кірункам ветэрынарыі і мяне. Уладзімір Анатольевіч дапамог мне добра падрыхтавацца, і дзякуючы яму летась я ўдала выступіў на профільных інтэрнацыянальных спаборніцтвах у Казахстане.
«Медыцына — гэта маё!»
Выпускніца лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дар’я КАНАПЛЯННІК:
— Пасля інтэрнатуры па спецыяльнасці «неўралогія» паеду працаваць па размеркаванні ў Жлобінскую цэнтральную раённую бальніцу. Сёння нават не магу прадставіць, што магла б абраць нешта іншае, акрамя медыцыны.

Вельмі ўдзячна сваёй маці Людміле за тое, што яна разгледзела ва мне будучага ўрача і параіла, куды паступаць. Хочацца сказаць дзякуй і ўніверсітэту за тое, што цягам усіх шасці гадоў я магла асвойваць гэту выдатную спецыяльнасць, вучыцца бясплатна, атрымліваць стыпендыю. За тое, што ў мяне была магчымасць убачыць розныя кірункі медыцыны, паспрабаваць сябе ў іх і вызначыцца, што маё, а што не. Вельмі важна, што нас адпраўлялі на практыку ў розныя паліклінікі і бальніцы. Гэта непасрэднае ўзаемадзеянне з урачамі, калектывам, пацыентамі. І менавіта на практыцы я адразу зразумела — гэта маё!
«Стаўце мэты і ідзіце да іх»
Выпускніца філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Аляксандра МАКСІМЕНКА:
— Я родам з Асіповічаў, але вучыцца вырашыла на малой радзіме бацькі — у Гомелі. Стаць педагогам марыла яшчэ ў школе — наша настаўніца па рускай мове настолькі цікава вяла ўрокі, што немагчыма было адарвацца!

Выбрала спецыяльнасць «руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)» і ўжо з першага курса пачала працаваць з дзецьмі. На лета ўладкоўвалася спачатку выхавацелям, а пасля — педагогам-арганізатарам у аздараўленчы лагер, а падчас навучальнага года сумяшчала вучобу ва ўніверсітэце і работу ў Гомельскай гімназіі № 58 імя Ф. П. Гааза.
Падчас вучобы сур’ёзна захапілася і навуковай дзейнасцю. Па размеркаванні застаюся працаваць у ГДУ імя Францыска Скарыны выкладчыкам-стажорам кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Мару прадоўжыць навуковую дзейнасць, стаць кандыдатам, а затым і доктарам навук.
Сёння ў Беларусі ёсць магчымасць не проста атрымаць дыплом, а сапраўды знайсці сябе ў прафесіі, паспрабаваць розныя кірункі, развівацца, ставіць перад сабой вялікія мэты і паступова да іх ісці.
Адказны крок
Выпускнік педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслаў ГРЫШКОЎ:
— Выбар кірунку ў жыцці — заўсёды адказны крок, і для мяне ключавым стала цікавасць да біялогіі і анатоміі яшчэ са школьных гадоў. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, спыніўся на медыцыне. Вырашыў паступаць у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, таму што ў ім мяне ўсё задаволіла. Спадабаўся і сам горад.

Спецыяльнасць «педыятрыя» аказалася вельмі цікавай і важнай. Усведамляеш, што праца з дзецьмі патрабуе асаблівага падыходу.
Мяне размеркавалі ў Барысаўскую ЦРБ, і гэта мяне цалкам задаволіла, нягледзячы на тое, што я сам з Салігорску. Спадзяюся, што змагу прымяніць атрыманыя веды і навыкі на карысць здароўя дзяцей.
«Праца ў сельгассферы не палохае»
Выпускнік факультэта ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Кірыл КАВАЛЁЎ:
— Першапачаткова я планаваў паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, але не хапіла балаў. У гэты час былі дадатковыя дні набору ў аграрным на ветэрынарную медыцыну. Падумаў — калі не медыцына для чалавека, дык буду дапамагаць жывёлам. І ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Заўсёды хацеў дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, нават нягледзячы на тое, што ў маёй сям’і не было ўрачоў.

Мэтавае накіраванне дало мне ўпэўненасць у наяўнасці працоўнага месца пасля заканчэння вучобы. Ты загадзя разумееш, што ў любым выпадку пяць гадоў у цябе будзе працоўнае месца. Табе даюць жыллё, транспарт — чаму б не пагадзіцца на такія ўмовы? Сам я са Слуцка, узяў мэтавае накіраванне ў мясцовай гаспадарцы, праца ў сяльгассферы мяне не палохае.
«Абараняць інтарэсы дзяржавы»
Выпускніца факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Журналістыка» Анастасія КІСЕЛЬ:
— Атрымала размеркаванне на ТРК «Гродна». Мне пашанцавала, таму што я патрапіла на тэлеканал яшчэ будучы студэнткай трэцяга курса ў якасці вядучай аўтарскай праграмы «Маладзёжны аргумент». Упэўнена, што змагу тут рэалізаваць усе свае ідэі.

Лічу, што кожны журналіст павінен быць універсальным ва ўмовах канвергентных рэдакцый. Наша місія — абараняць інтарэсы дзяржавы, працуючы ў дзяржаўных СМІ.
Я ўдзячна нашым выкладчыкам за тое, што яны на працягу ўсёй вучобы дапамагалі нам не толькі засвойваць факты і падзеі, але і разумець важнасць знаходжання ў інфармацыйным парадку дня. Сёння ён вельмі няпросты, але мы навучыліся быць у курсе ўсіх падзей. За ўніверсітэцкія гады гэта ўжо стала часткай нас, і мы гатовы заступаць на інфармацыйныя франты. І будзем рабіць усё магчымае для таго, каб нашы грамадзяне атрымлівалі праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю.
«Мару дапамагаць знаходзіць найлепшыя рашэнні...»
Асвойваць новыя тэхналогіі, пераймаць вопыт старэйшых калег і заўсёды памятаць, што за кожным даследаваннем стаіць чалавек. З такімі прынцыпамі ў нялёгкім адказным служэнні медыкаў рыхтуецца адправіцца на сваё першае месца працы Кацярына Савіцкая. Дзяўчына - выпускніца медыка-дыягнастычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта – размеркавана ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу.
– Два гады ўпартай вучобы, бяссонныя ночы і прарэшвання дзясяткаў варыянтаў заданняў ЦТ, – узгадвае свой шлях да заветнай мары – паступлення ў медуніверсітэт Кацярына. – Затое пасля гады вучобы далі мне значна больш, чым дыплом. Удзячная ўніверсітэту за фундаментальныя веды, за сяброў, за неверагодна насычанае студэнцкае жыццё. Тры гады ўзначальвала студэнцкі медыяцэнтр, уваходзіла ў студсавет універсітэта, займалася навуковай дзейнасцю, выступала на канферэнцыях, – з вялікім захапленнем расказвае выпускніца.
Кацярыну добра ведаюць ў гомельскім медуніверсітэце як актыўную ўдзельніцу студэнцкага валанцёрскага руху, дабрачынных праектаў БРСМ і прафкама. У ВНУ дзяўчына знайшла і сваё асабістае шчасце.
– На міжнародным форуме ў Пскове, куды мы паехалі ад нашага ўніверсітэта, пазнаёмілася з будучым мужам Максімам. Ён – анестэзіёлаг-рэаніматолаг, вучыўся на курс раней за мяне і скончыў лячэбны факультэт нашага ўніверсітэта ў мінулым годзе. Па размеркаванні муж працуе ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, куды размеркавалі і мяне, чаму, вядома, радая, - дзяліцца дзяўчына.
Сама Кацярыне будзе працаваць урачом прамянёвай дыягностыкі.
– Для мяне гэта вялікі гонар, але і вялікая адказнасць і выклік як для пачынаючага спецыяліста. Нацэлена паралельна добра асвоіць ультрагукавую дыягностыку, каб стаць прафесіяналам адразу ў двух сумежных кірунках. Мая мара – не проста ставіць дыягназы, а бачыць карціну цалкам, быць тым урачом, да якога прыходзяць па другое меркаванне і якому безумоўна давяраюць, – вызначыла для сябе малады спецыяліст.
Кацярына перадала свае пажаданні сённяшнім абітурыентам, якія толькі вырашаюцца з будучай прафесіяй.
– Жадаю цярпення і абавязкова – трымайце удар! Ведаю, як вам зараз страшна, складана, і наперадзе – тысячы старонак канспектаў, лекцыі з раніцы да ночы, бясконцыя залікі і іспыты. Але памятайце, што кожная вывучаная старонка – цаглінка ў падмурку вашага будучага майстэрства. Асабіста пераканалася, што любіць сваю справу і рабіць тое, што любіш, – галоўны сакрэт поспеху, – матывуе малады спецыяліст.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Алена ВІНАГРАДАВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Святлана ЯКАЎЛЕВА, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіваў суразмоўцаў