Сакрэт поспеху — праца!
Рыхтавалася загадзя
Кацярына АКУШКА здавала ЦЭ па рускай і англійскай мовах, а таксама ЦТ па матэматыцы. Яскраваму поспеху папярэднічала вялікая праца. Дзяўчына праходзіла рэпетыцыйныя тэсціраванні: руская ішла добра, а вось вынік па матэматыцы і англійскай мове не спадабаўся — не набралася і 70 балаў. У засмучэнне гэта не прывяло, наадварот, дало стымул рыхтавацца яшчэ больш старанна, і ўжо на наступных этапах па мовах былі «сотні», а па матэматыцы 98 балаў. Дарэчы, Кацярына пачала хадзіць на РТ яшчэ ў 9 класе.

— У школе выкладчыкі адказна падыходзілі да сваёй працы і добра нас рыхтавалі, але пры гэтым я займалася з рэпетытарамі і вельмі шмат самастойна. Падрыхтоўку пачала загадзя, бо выдатна разумела, што толькі ад мяне залежыць, як я спраўлюся. Шчыра прызнаюся, вольнага часу было вельмі мала, часта заседжвалася дапазна. Мама, вядома, перажывала і перыядычна спрабавала адправіць мяне спаць, але я прызвычаілася даводзіць пачатыя справы да канца. Тым больш разумела, што без высокіх балаў у мяне не будзе шанцу паступіць туды, куды хачу.
Мінулым летам вырашыла паступаць у БДУ на спецыяльнасць «Сусветная эканоміка», а там прахадны бал — 395. Не скажу, што я сябе настройвала менавіта на 100 балаў па кожным ЦТ, паставіла мэту зрабіць усё магчымае. Складана апісаць словамі ўвесь спектр эмоцый, які адчула, калі даведалася вынік апошняга тэсціравання!
Намеры наконт паступлення ў ВНУ ў дзяўчыны не змяніліся, яна з нецярпеннем чакае пачатку вучобы ва ўніверсітэце. Кацярына таксама адзначыла, што на вынік уплывае і сістэмнасць. Толькі рэгулярныя заняткі могуць сфарміраваць трывалы падмурак для ведаў.
Дакладна ішла да мэты
А вось Ульяна ПАРФЁНЧЫК мэтанакіравана ішла да 100 балаў. У 11 класе вырашыла, што хоча атрымаць максімальны вынік па грамадазнаўстве, рускай і англійскай мовах. Для дзяўчыны ўвогуле звыкла ставіць сур’ёзныя мэты. Напрыклад, ужо ў першым класе вырашыла, што хоча скончыць гімназію з залатым медалём. Так і сталася.

— Вядома, хадзіла на РТ і здавала іх на 100 балаў. Гэта надавала ўпэўненасці ў сваіх сілах, але хваляванне ўсё роўна прысутнічала. Іспыты — вельмі адказны этап у жыцці кожнага чалавека. Я самастойна рыхтавалася і займалася з выкладчыкамі, каб быць абсалютна ўпэўненай у сваіх ведах. Звярталася таксама да рэпетытараў. Выказваю шчырую ўдзячнасць усім маім настаўнікам. Нейкага чароўнага сакрэту майго поспеху няма, гэта таямніца даступная кожнаму: упартая праца і імкненне дасягаць сваіх мэт. І я вельмі рада, што ў мяне атрымалася дасягнуць іх. Даказала ў першую чаргу сама сабе, што шмат на што здольная. Але пры гэтым старалася не толькі вучыцца, а размяркоўваць час так, каб хапіла на грамадскую дзейнасць і адпачынак.
Дзяўчына яшчэ ў 9 класе вырашыла, што жадае быць юрыстам. Ёй падабалася грамадазнаўства, ды і старэйшая сястра звязала сваё жыццё з гэтай сферай. Ульяна назірала за ёй, цікавілася. Ажыццявіць сваю мару Ульяна хоча ў БДУ на спецыяльнасці «Правазнаўства».
Мары, несумненна, спраўджваюцца, але недастаткова проста быць летуценнікам і ставіць высокія мэты. Важны інгрэдыент поспеху — упартая праца. Гэта з году ў год дэманструюць хлопцы і дзяўчаты па ўсёй краіне, паказваючы высокія вынікі на іспытах і ЦТ.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.