Top.Mail.Ru

Вырашаць важныя для народа пытанні разам — традыцыя беларусаў

Калектыўная адказнасць прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп




Так лічыць дэлегат УНС, доктар гістарычных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК і праводзіць цікавую паралель з падзеямі больш чым стагадовай даўнасці:

  • — Усебеларускі народны сход — гэта калектыўная адказнасць прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп, якія сваімі ж суграмадзянамі надзелены паўнамоцтвамі вызначаць будучыню краіны. Здаецца, што гэта маладая традыцыя. Насамрэч, гэта не так. Калі не гаварыць пра Полацкае веча, а пра рэчы больш блізкія і прадметныя, то варта згадаць Першы Усебеларускі з’езд 1917 года. Менавіта тады, калі Беларусь разрывалі на часткі, калі была пагроза нашай тэрытарыяльнай цэласнасці, увогуле стаяла пытанне, ці будзе існаваць беларуская дзяржаўнасць, беларусы знайшлі ў сабе сілы і волю, стварылі аргкамітэт, заручыліся падтрымкай у тым ліку Леніна і Сталіна і правялі ў снежні 1917 года ў Мінску Усебеларускі з’езд. На ім былі прадстаўлены ўсе сацыяльныя групы беларусаў без выключэння. У тэатры імя Янкі Купалы, дзе праходзіў з’езд, былі ўсе: і акадэмік Карскі, і беларусы-генералы, а не толькі шэрыя шынялі і сялянскія світкі. Тое, што БССР потым узнікла і стала рэальнай формай савецкай беларускай дзяржаўнасці, было яшчэ і вынікам пазіцыі беларускіх бежанцаў. Тады мільённы беларускі голас заявіў, што няма Паўночна-Заходняга краю, а ёсць Беларуская рэспубліка і яна павінна быць. 

Для мяне Усебеларускі з’езд, як і УНС, — гэта сімвал беларускага адзінства. У 1917-м групы ўсіх палітычных арыентацый сабраліся для таго, каб вырашыць найважнейшую калектыўную справу. Усебеларускі народны сход — працяг той традыцыі. Аднак мы павінны шчыра сказаць: такія рэчы ўзнікаюць тады, калі існуе пэўная пагроза, прычым рэальная, існаванню краіны, яе суверэнітэту і эканамічнаму развіццю. Калі згадаць гісторыю, то першы УНС (1996 год) па ініцыятыве Прэзідэнта вырашаў найважнейшыя праблемы: краіна была ў дзікім крызісе. Ключавыя пастулаты той праграмы — экспарт, харчаванне, жыллё. І калі агучваліся гэтыя рэчы, якія цяпер здаюцца натуральнымі, у гэта ніхто не верыў...

У выніку мы стварылі кіруемую дзяржаву, знішчылі арганізаваную злачыннасць, мы стварылі адзіны (не ў крыўду нікому) рэальна існуючы сярэдні клас, у нас мінімальны разрыў паміж даходамі самых багатых і самых бедных. 

Нам з вамі пашанцавала жыць у вялікі гістарычны час, мы ствараем найноўшую гісторыю сваёй Радзімы. Гэта вельмі значны для Беларусі і беларусаў гістарычны перыяд — мы набылі сваю суверэнную дзяржаўнасць і за апошнія крыху больш за трыццаць гадоў даказалі ўсім, што Беларусь — самадастатковая, незалежная краіна, народ якой сам вызначае свой шлях і якая суверэнная ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Гэта значыць, такія пытанні, як наша ўнутраная і знешняя палітыка, з кім нам сябраваць, як выбудоўваць нашы эканамічныя ўзаемаадносіны і палітычныя саюзы, вырашаюцца ні ў чужых «абкамах», ні ў нейкіх іншых краінах. Найважнейшы цэнтр прыняцця рашэнняў — гэта наш Мінск, наш Прэзідэнт, наш Урад, наш Парламент, наш Усебеларускі народны сход.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю