З надыходам сапраўднага лета і цёплых дзён вадаёмы становяцца галоўным месцам адпачынку для шматлікіх жыхароў і гасцей цэнтральнага рэгіёна. Каб прадухіліць трагедыі і забяспечыць бяспеку на вадзе, спецыялісты МНС сумесна з іншымі ведамствамі праводзяць актыўныя прафілактычныя рэйды на рэках, азёрах і штучных вадасховішчах. «Звязда» высветліла, якая работа праводзіцца ратавальным ведамствам рэгіёна падчас ліпеньскіх спякотных дзён.
Валожынскі раён: прафілактыка на сушы, вадзе і ў паветры
Ратавальнікі Валожыншчыны арганізавалі комплексны прафілактычны рэйд на водных акваторыях раёна. Разам з работнікамі пракуратуры і мясцовага РАУС яны наведалі папулярныя месцы адпачынку — пляж «Сакаўшчына» і Валожынскае вадасховішча. З адпачывальнікамі праводзіліся тлумачальныя гутаркі, падчас якіх ратавальнікі падрабязна нагадалі аб ключавых правілах бяспекі.
— Каб адпачынак на вадзе прыносіў толькі радасць і задавальненне, важна ведаць і выконваць пэўныя правілы бяспекі. Перш за ўсё, купанне варта праводзіць толькі на спецыяльна абсталяваных пляжах. Акрамя таго, вельмі небяспечна плаваць і ныраць у незнаёмых для адпачынку месцах. Вада можа хаваць нечаканасці, такія як падводныя камяні, моцныя плыні або абрывістыя берага, якія могуць стаць прычынай сур’ёзных траўмаў. Недапушчальнасць купання ў стане алкагольнага ап’янення: алкаголь зніжае рэакцыю і каардынацыю, што можа прывесці да трагічных наступстваў. Асаблівая ўвага да дзяцей: не пакідаць дзяцей без нагляду каля вады, нават на кароткі час, дзеці павінны купацца толькі пад наглядам дарослых, — нагадалі ратавальнікі Валожыншчыны.

Таксама работнікі МНС актыўна папярэджвалі аб захаванні правіл паводзін на вадзе з паветра з дапамогай квадракоптара, які апавяшчаў аб правілах бяспекі.
— З дапамогай квадракоптара з прыладай маўленчага апавяшчэння мы ўпэўненыя, што людзі пачуюць карысную інфармацыю і задумаюцца пра сваю бяспеку, — пракаментаваў старшы інжынер Валожынскага райаддзела па НС Алег Калітнік.
Мінскі раён: штодзённыя рэйды на Заслаўскім і Драздах
У Прысталічным рэгіёне прафілактычныя мерапрыемствы праходзяць штодня. На вадасховішчах Заслаўскае і Дразды, дзе адпачывае вялікая колькасць людзей, ратавальнікі праводзяць гутаркі з бацькамі і дзецьмі. Работнікі МНС нагадваюць аб неабходнасці нагляду за дзецьмі, захаванні абмежаванняў па купанні за буйкамі.
— Не адпускайце дзяцей адных у ваду. Заходзіце ў ваду разам з імі, і памятайце, што алкаголь і купанне несумяшчальныя, — настойваюць ратавальнікі.
Бярэзінскі раён: работа на месцах нядаўніх здарэнняў
- Рэйд па месцах адпачынку ў Беразіно прайшоў сумесна з актывістамі раённага аддзялення маладзёжнага грамадскага аб’яднання ратавальнікаў і пажарных (БМГАРП) і прадстаўнікамі камітэта ГА «БРСМ». Асаблівая ўвага надавалася пляжу на вуліцы Ульянава, дзе незадоўга да рэйду адбыўся інцыдэнт з 17-гадовым падлеткам, які страціў сілы і ледзь не стаў ахвярай.
Работнікі АСВОД своечасова аказалі яму дапамогу на лодцы, медыцынская дапамога не спатрэбілася. Падчас рэйду ратавальнікі наведалі два абсталяваныя і адно забароненае месца для купання. З адпачывальнікамі праведзены гутаркі, раздадзены памяткі і буклеты.
Крупскі раён: водны патруль на «Сяляве»
Жыхары і госці Крупшчыны імкнуцца правесці каля вады выхадныя, асабліва на берагах рэспубліканскага заказніка «Сялява». Тут ратавальнікі актыўна патрулююць акваторыю і берагавую лінію, сочаць за выкананнем правілаў і нагадваюць адпачывальнікам аб неабходнасці выконваць меры бяспекі. У перыяд масавага адпачынку патруль забяспечвае прафілактыку, папярэджваючы няшчасныя выпадкі.
У складзе рэйдавай групы выехалі начальнік Крупскага раённага аддзела па НС Дзмітрый Гурыновіч, старшыня раённага аддзялення АСВОД Юрый Панкоў, прадстаўнікі Барысаўскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах. На падыходзе да «Залатога Рога» спецыялісты заўважылі лодку з сямейнай парай. Камізэлькі ёсць — добра! Сяргей Мытнік, дзяржаўны інспектар Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах, просіць прад’явіць дакументы. У адказ чуем: «На беразе». Патрабаванне «Плыць да берага» не абмяркоўваецца. Ідзём за імі. Праверка дакументаў, пратакол і папярэджанне — рухаемся далей.
— У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў задача дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах заключаецца ў ажыццяўленні кантролю за выкананнем правілаў эксплуатацыі маламерных судоў і забеспячэннем бяспекі на водных аб’ектах, — паведаміў Сяргей Мытнік. — Мы правяраем наяўнасць неабходных дакументаў у судакіроўцаў, тэхнічны стан судоў, правілы перавозкі пасажыраў, праводзім тлумачальную працу. З кожным годам нашы грамадзяне праяўляюць усё большую свядомасць. Парушальнікаў становіцца менш. Ды і на гэтае возера з году ў год прыязджаюць, у асноўным, адны і тыя ж людзі. Таму многія суда мы ўжо ведаем
Работнікі АСВОД і МНС пры наведванні зон адпачынку звярталі ўвагу на абсталяванне стэндаў з ратавальным рыштункам, наяўнасць інфармацыйных таблічак, праверылі нясенне дзяжурства матросамі на пасадах. З адпачывальнікамі прадстаўнікі ведамстваў праводзілі тлумачальную працу і ўручалі карысныя памяткі і буклеты. З прычыны невысокай тэмпературы вады і моцнага ветру людзі купаліся толькі на «Камсамольскім беразе». Дзеці плавалі ў камізэльках і пад наглядам бацькоў.

Калі рэйдавая група высадзілася ў зоне адпачынку «Шып», шасцігадовы хлопчык самотна стаяў на беразе. Дзмітрый Гурыновіч, узяўшы дзіця за руку, павёў у лагер, дзе яго бацькі займаліся бытавымі справамі.
— Дзіця не павінна быць адно каля вады! — заявіў начальнік раённага аддзела па НС. — Гэта небяспечна.
— Ён жа не купаецца і ў ваду адзін ніколі не пойдзе, — упэўнена адказала мама.
Дзмітрый Гурыновіч прывёў пераканаўчыя довады таго, што дзіця павінна быць на адлегласці выцягнутай рукі, каб у выпадку бяды дарослыя маглі прыйсці яму на дапамогу. Пры правядзенні тлумачальнай працы акцэнт быў зроблены і на тое, што ў стане алкагольнага ап’янення заходзіць у ваду катэгарычна нельга, а надзімныя матрацы — небяспечны «плыт», які можа каштаваць жыцця.
Мядзельскі раён: дзецям і дарослым — пра бяспеку
Па шляху на турыстычную стаянку «Качэргі» рэйдавая група сустрэла некалькі лодак, на борце якіх знаходзіліся аматары парыбачыць. Ні для каго не сакрэт, што рыбакі, адпраўляючыся за чарговым уловам, узбройваюцца вудамі і іншымі снасцямі, але чамусьці забываюць ратавальныя камізэлькі. Часта гэта прыводзіць да вельмі сумных наступстваў. У нашым выпадку «злосных парушальнікаў» не знайшлося, таму рухаемся да «пункта прызначэння». Узброіўшыся наглядна-выяўленчай прадукцыяй па бяспечных паводзінах на вадзе, «прафілактычны дэсант» правёў гутарку з адпачывальнікамі.
— Адпачынак, няхай гэта будзе на вадзе або проста на прыродзе, у нас нязменна суправаджаецца ужываннем спіртных напояў, — адзначаюць удзельнікі рэйду. — А ладная доля алкаголю, як вядома, не толькі пазбаўляе чалавека адэкватнага мыслення і паводзін, але і надае ўпэўненасці ў сваёй поўнай непатапляльнасці. Настойліва людзі накіроўваюцца да вады — астудзіцца, працверазець, паплаваць. Але алкаголь і вада — рэчы несумяшчальныя, а прыказка «п’янаму і мора па калена», на жаль, далёкая ад ісціны.
— Мы гэта выдатна разумеем, — чуем у адказ. — У інтэрнэце кожны дзень пішуць пра тое, што дзесьці хтосьці патануў, а калі гінуць дзеці — гэта ў сто разоў страшней.
— Мы бачым, што вы гэта разумееце, але ўсё ж купаецеся ў неабсталяваным для гэтага месцы, — адзначаюць ратавальнікі.
— Але ж гэта месца не забаронена для купання?
— Так. Забараніць тут купацца мы не можам, але папярэдзіць і нагадаць асноўныя правілы «бяспечнага купання» абавязаныя. Бо адпачынак на вадзе патрабуе захавання правілаў бяспекі. Усё ж купацца рэкамендуецца толькі на абсталяваных пляжах, дзе ёсць усе сродкі для ратавання і аказання першай дапамогі. У незнаёмых месцах дно можа несці небяспеку ў выглядзе пабітага шкла, карчоў і іншага смецця. Нельга купацца ў забалочаных месцах і там, дзе ёсць ціна і багавінне. Лепш за ўсё выбіраць вадаёмы з пясчаным дном або галькай. Не заплывайце за буйкі — шанцы на выратаванне рэзка памяншаюцца, калі чалавек знаходзіцца далёка ад берага. Строга забараняецца купацца ў вадзе ў нецвярозым стане.
Стаўбцоўскі раён: данесці да кожнага — вада не даруе памылак
На жаль, не ўсе імкнуцца прытрымлівацца правілаў: хтосьці працягвае спадзявацца, што «бяда абміне іх бокам», а хтосьці проста не валодае неабходнымі ведамі ў поўнай меры. І тых, і іншых ратавальнікі папярэджваюць: вада памылак не даруе. Каб пазбегнуць трагедыі, і дарослым, і дзецям трэба запомніць пэўныя правілы паводзін на вадзе. Менавіта з гэтай мэтай ратавальнікі сумесна з зацікаўленымі асобамі праводзяць рэйды ў месцах «воднага адпачынку». Не выключэннем з’яўляюцца і выхадныя дні. Напрыклад, 4 ліпеня прафілактычныя рэйды прайшлі ў вёсках Кругліца, Падгорнае, Жукаў Барок — месцах, дзе любяць бавіць вольны час і жыхары, і госці Стаўбцоўскага раёна ў цёплы летні дзень.
— Галоўная мэта нашых мерапрыемстваў — данесці да свядомасці кожнага простую думку: вада, як і любая стыхія, не даруе памылак і самаўпэўненасці, — адзначаюць ратавальнікі. — А выкананне правілаў бяспечных паводзін на вадаёмах дазволіць вам расслабіцца і захаваць добры настрой.
А правілы паводзін на самай справе даволі простыя: як ужо было адзначана вышэй, купацца варта толькі на спецыяльна абсталяваных пляжах. Неабходна пазбягаць купання ў адзіночку, а таксама падчас навальніцы, моцнага ветру і ў начны час. Трэба ведаць напэўна: алкаголь — не той «сябар», з якім можна адпачываць каля вады. Не спрабуйце ўразіць прысутных спаборніцтвамі па заплывах на доўгія дыстанцыі або скачках у ваду. Памятаеце, што забаронена выкарыстоўваць дошкі, бярвёны, надзіманыя матрацы, аўтамабільныя камеры і іншыя дапаможныя сродкі для плавання.
Уздзенскі раён: першыя «купальныя» выхадныя, МНС — на варце бяспекі

— Месцамі для купання ва Уздзенскім раёне вызначаны Лашанскае вадасховішча — паблізу вёскі Крывелі, вадаём у аграгарадку Возера і прыродны вадаём ва Уздзе каля аўтавакзала, — расказвае начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 1 г. Узда Аляксандр Канановіч. — Наша задача на пятніцу, суботу і нядзелю — у рамках мерапрыемстваў па папярэджанні гібелі людзей на вадзе наведаць месцы масавага адпачынку грамадзян і месцы, забароненыя для купання, але якія карыстаюцца папулярнасцю. Для эфектыўнага агляду водных акваторый задзейнічаем існуючы на ўзбраенні Уздзенскага раённага аддзела па НС беспілотны лятальны апарат: з яго дапамогай сочым за становішчам на вадзе, у выпадку выяўлення таго ж купання ў забароненых месцах — выязджаем на месца.
«Маршрут воднай бяспекі» пачынаецца з вадасховішча Лоша, пад’езды да якога з бакоў розных вёсак выкарыстоўваюць сотні людзей. Напрыклад, праз вёску Сенажаткі вы прыбываеце да ўладкаваных месцах для рыбнай лоўлі або пікнікоў, а праезд праз Крывелі вядзе да ўстаноўленага месца для купання з шыкоўным пляжам і, зразумела, пастом АСВОДа. Аднак ёсць і тыя, хто вырашыў купацца ў неўстаноўленых месцах Лошы: «з паветра» з дапамогай дрона відаць усё. Ратавальнікі рэзюмуюць вынікі аблёту берагавой лініі вялізнага вадасховішча і на легкавым спецтранспарце перасоўваюцца па кропках «дыслакацыі» парушальнікаў правілаў паводзін на водах. Грунтоўныя тлумачальныя гутаркі завяршаюцца выключна паразуменнем: адпачывальнікі абяцаюць больш у ваду ў забароненых месцах не заходзіць, засвоіўшы ўсе рызыкі і небяспекі
На множных сходах да берагоў рэк Уса і Нёман адпачывальнікаў і рыбакоў менш — але гэта толькі пачатак сезона. Усім, хто прыехаў на адпачынак «на прыроду», ратавальнікі нагадваюць правілы купання і адпачынку каля вады, паведамляюць аб трагічных выпадках, якія адбыліся на вадаёмах з дарослымі і дзецьмі, уручаюць тэматычныя памяткі і брашуры.
— Рэйды, у якія мы накіроўваемся штодня, становяцца шмат у чым выратавальнымі, — адзначае Аляксандр Канановіч. — Асабліва для тых, хто парушае важныя правілы, купаючыся ў забароненых і небяспечных месцах, пакідаючы малых без нагляду каля вады, ужываючы алкагольныя напоі. Важна выратаваць кожнага — да таго, як ён ступіць у водную роўнядзь.

фота МНС