У Магілёве мантуюць галоўную навагоднюю ёлку рэгіёна, паведаміла БелТА.
Галоўны сімвал Новага года ўстанаўліваюць работнікі гарадскога дарожна-маставога прадпрыемства на плошчы Леніна насупраць будынка аблвыканкама. Спачатку збіраюць металічны каркас, на якім мацуюць штучныя зялёныя лапкі.
Па планах, мантаж канструкцыі скончаць ужо сёння. «У вышыню ёлка складае 32 метры, яшчэ два метры — гэта будзе зорка, якая ўпрыгожыць верхавіну канструкцыі, — адзначыў дырэктар МГКУ „Дарожна-маставое прадпрыемства“ Аляксандр Варанчукоў. — Каб уявіць памер галоўнай навагодняй ёлкі вобласці, можна сказаць, што яна будзе вышэйшая за дзевяціпавярховы дом».
Упрыгожаць навагодняе дрэва піксельнай гірляндай, гэта больш за 1 тыс. яркіх і праграмуемых лямпачак. Цырымонія запальвання агнёў пройдзе 15 снежня.
На плошчы Леніна ўстановяць не толькі навагоднюю ёлку. Зыходзячы з канцэпцыі светлавога афармлення абласнога цэнтра да свят, тут будуць зіхатлівыя аркі і аб’ёмныя шары, а яшчэ — сані, алені і гадзіннікі. Дададуць сёлета і новыя элементы — казачныя кветкі з падсветкай у колерах нацыянальнай сімволікі.