Top.Mail.Ru

«Найвышэйшы бал». Удзельнікі «ІНАПРАМ. Беларусь» ацанілі Мінскі выставачны цэнтр

Мінскі міжнародны выставачны цэнтр заслугоўвае найвышэйшы бал. Такое меркаванне выказалі расійскія ўдзельнікі міжнароднай прамысловай выставы «ІНАПРАМ. Беларусь». Пра гэта паведамляе БелТА.


«Вельмі моцна ўражаны. У гэтым Мінскім міжнародным выставачным цэнтры мы як экспанент прымаем удзел першы раз. Калі ставіць адзнаку — гэта, вядома, найвышэйшы бал. Шмат прасторы, усё граматна спланавана, няма чэргаў, натоўпаў ні на ўваходзе, ні на выхадзе», — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па ўзаемадзеянні з органамі ўлады і карпаратыўных камунікацыях АТ «ТМХ» Арцём Ледзянёў.

«Трансмашхолдынг» — вядучы ў Расіі і СНД распрацоўшчык і вытворца рухомага саставу для чыгуначнага і гарадскога рэйкавага транспарту, а таксама сярэднеабаротных рухавікоў рознага прызначэння. Уваходзіць у чацвёрку лідараў сусветнага транспартнага машынабудавання. На стэндзе «ТМХ» прадстаўлена сістэма дыспетчарызацыі, укараненне якой прапрацоўваецца ў Мінскім метрапалітэне. Акрамя таго, прадэманстравана работа цэнтральнага дыспетчарскага пункта кіравання Зялёналужскай лініі Мінскага метрапалітэна. 

Арцём Ледзянёў таксама дадаў, што Беларусь — адна з яго любімых краін для наведвання. Ён рэгулярна прыязджае сюды не толькі па рабоце, але і з сям’ёй. 

Яшчэ адзін удзельнік выставы — ФДУП «НАМІ». «Новы Мінскі міжнародны выставачны цэнтр вельмі прыгожы і сучасны. Беларускі бок дапамог вырашыць усе пытанні, каб мы размясціліся тут. Першы раз у Беларусі я пабываў у 2005 годзе. Заўсёды езджу сюды з задавальненнем. Тут вельмі гасцінныя і добрыя людзі», — падзяліўся меркаваннем генеральны дырэктар ФДУП «НАМІ» Фёдар Назараў.

ФДУП «НАМІ» прадставіў на выставе розныя кірункі высокіх тэхналогій. Адзін з іх — аўтамабіль на вадародных паліўных ячэйках. «Па сутнасці, гэта электрамабіль з генерацыяй электрычнасці на борце. Гэта цалкам хадавы прататып. Там устаноўлены тры электрычныя рухавікі: два — на задняй восі, адзін — на пярэдняй. Пад капотам устаноўлены вадародныя паліўныя ячэйкі. Гэта адзін з варыянтаў развіцця электрамабільнасці ў будучыні. Тут нашмат большы запас ходу, чым на класічных электрамабілях. У дадзены час вадародная інфраструктура не вельмі развіта, але наша задача з гэтым аўтамабілем — развіццё такіх кампетэнцый», — расказаў начальнік упраўлення прадуктовым маркетынгам ФДУП «НАМІ» Міхаіл Кандрацьеў.

Таксама на стэндзе прадстаўлена электрамеханічная трансмісія. «Гэта электраматор, які ўстаноўлены ў нашым аўтамабілі. Акрамя таго, наведвальнікі могуць убачыць беспілотны бокс. Калі ўстанавіць яго на аўтамабіль, то з яго можна зрабіць беспілотны транспарт. Аднак трэба ўстанавіць і іншыя кампаненты. Тут мы паказваем нашы кампетэнцыі ў беспілотнасці», — падсумаваў Міхаіл Кандрацьеў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю