Перадавыя тэхналогіі хірургічнага лячэння захворванняў шклопадобнага цела і сятчаткі з мінулага года магчымыя ў рэгіёнах.
У міжраённых цэнтрах стала даступнай так званая хірургія малых разрэзаў — тут пачалі выконвацца катарактальныя хірургічныя аперацыі. А колькасць складаных высокатэхналагічных умяшанняў на органах зроку павялічылася ў краіне на 36 %. Новыя тэхналогіі, у прыватнасці лазернае лячэнне, становяцца ўсё больш даступныя. Напрыклад, пры глаўкоме ў нашай краіне такія ўмяшанні выконваюцца бясплатна.
Высокая даступнасць
У Беларусі афтальмалагічная дапамога аказваецца на амбулаторна-паліклінічным раённым, міжраённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Самым высокатэхналагічным абсталяваннем аснашчаны рэспубліканскія афтальмалагічныя цэнтры. Адзін з іх размешчаны ў 10-й клінічнай бальніцы, гэта ж база кафедры афтальмалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ. Тут у тым ліку аказваецца тэрміновая афтальмалагічная дапамога, за суткі з неадкладнымі станамі звяртаецца да 200 пацыентаў.
Як расказала галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры афтальмалогіі Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў аховы здароўя БДМУ Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ, амбулаторна-паліклінічную афтальмалагічную дапамогу ў краіне летась атрымала больш за 2,5 мільёна чалавек, што сведчыць аб яе даступнасці. Вядучымі прычынамі слепаты, зніжэння зрокавых функцый з’яўляюцца памутненне крышталіка, катаракта, глаўкома, захворванні сятчаткі, вочнага дна і траўмы органа зроку.
Самае распаўсюджанае захворванне, якое патрабуе хірургічнай дапамогі, — катаракта. За мінулы год катарактальныя хірургічныя аперацыі склалі амаль 60 % усіх хірургічных умяшанняў на органе зроку.
— Гэта хірургія малых разрэзаў, і працэнт такіх хірургічных аперацый павялічыўся за кошт таго, што дапамога цяпер аказваецца не толькі на рэспубліканскім, абласным і амбулаторным узроўнях, але падключаюцца і міжраённыя аддзяленні, — заўважыла Таццяна Імшанецкая.
Трэба адзначыць, што развіццю катарактальнай хірургіі дапамагае афтальмалагічная навука, якая ў нашай краіне практыка-арыентаваная. Задзейнічаны кафедры вочных хвароб усіх вядучых ВНУ нашай краіны.
Пад абаронай дзяржавы
Яшчэ адно распаўсюджанае захворванне, якое пагражае стратай зроку, — глаўкома.
— У нашай сацыяльна арыентаванай краіне пацыенты з глаўкомнай паталогіяй знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. На дыспансерным уліку стаіць больш за 100 тысяч чалавек, прычым ім бясплатна прадастаўляецца медыкаментознае лячэнне, лекавыя прэпараты, хірургія, у тым ліку і лазерная. Пры неабходнасці праводзіцца трансплантацыя дзякуючы Мінскаму навукова-практычнаму цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і створанаму там спецыяльнаму аддзяленню. Мы не маем праблем у атрыманні донарскага матэрыялу, — падкрэсліла Таццяна Імшанецкая.
Летась у краіне на 36 % павялічылася колькасць складаных афтальмалагічных умяшанняў. Такі значны прырост стаў магчымы за кошт укаранення ў рэгіёнах перадавых тэхналогій хірургічнага лячэння захворванняў шклопадобнага цела і сятчаткі. У нашай краіне выконваюцца абсалютна ўсе хірургічныя ўмяшанні, якія толькі магчымыя на органе зроку.
Менш гаджэтаў — больш карысці
Дзіцячая афтальмалогія ў нашай краіне не адстае ад дарослай, маецца ўсё самае перадавое абсталяванне і тэхналогіі, якія ёсць на сёння ў сусветнай афтальмалагічнай практыцы. Амаль 100 % дзяцей знаходзіцца на дыспансерным уліку, гэта значыць, яны абавязкова праходзяць штогадовую дыспансерызацыю па праверцы зроку. Як паведаміла галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар кафедры афтальмалогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА, каля 80 % дзяцей, якія звяртаюцца па амбулаторную дапамогу, — з анамаліямі рэфракцыі.
— Гэта ў асноўным блізарукія дзеці, прычым блізарукасць у іх так званая школьная, ці набытая. Звязана гэта з тым, што дзеці сёння выкарыстоўваюць розныя гаджэты, але не заўсёды па прызначэнні, — адзначыла Вікторыя Красільнікава.
На жаль, многія дзеці адносяцца да групы рызыкі. Гэта малыя з рознымі прыроджанымі захворваннямі, прычым частка з іх зможа быць вылечана. Менавіта для такіх дзяцей са складанай афтальмалагічнай паталогіяй на базе 10-й сталічнай бальніцы тры гады таму было адкрыта спецыялізаванае дзіцячае афтальмалагічнае аддзяленне. Яно ўнікальнае тым, што, нягледзячы на невялікія памеры (усяго 20 ложкаў), тут аказваецца высокатэхналагічная дапамога. Дзеці ва ўзросце да 18 гадоў атрымліваюць увесь комплекс дыягностыкі і афтальмалагічнага лячэння, у тым ліку тут выконваюцца самыя складаныя аперацыі.
Алена КРАВЕЦ.