На творчай выстаўцы народных умельцаў і мастакоў Гродзенскага раёна, якая адкрыецца ў абласным цэнтры 29 ліпеня, будзе прадстаўлена больш за 120 унікальных работ. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
У экспазіцыі будзе прадстаўлены шырокі спектр напрамкаў народнай творчасці: мастацкая кераміка, разьба па дрэве, ручное ткацтва, роспіс велікодных яек (пісанак), выраб велікодных верб, народных музычных інструментаў, лялек і многае іншае, што адлюстроўвае прыгажосць роднай прыроды, народныя святы, абрады і побыт.
Цэнтральнае месца на выстаўцы займаюць работы народнага майстра Беларусі па саломапляценні Ірыны Шавельскай. Майстар стварыла мноства арыгінальных сувеніраў, якія ўпрыгожваюць выставы, фестывалі і музейныя экспазіцыі Гродзеншчыны. Ірына Францаўна самастойна авалодала разнастайнымі тэхнікамі работы з саломкай: пляценне па спіралі, плоскае пляценне, аб’ёмная пластыка, аплікацыя.
Гонар Гродзенскага раёна — падвойнае ткацтва Ядвігі Райскай з вёскі Адэльск, самай славутай ткачыхі гродзенскіх покрываў. Яе кампазіцыі маюць цэнтральны малюнак і аблямоўку па краях з разетак, галінак з лісцем і кветкамі, геаметрычных элементаў і матываў, стылістыка якіх бярэ пачатак ад арнаменту мадэрну пачатку ХХ стагоддзя.
Значнае месца на выстаўцы адводзіцца творчасці знакамітага майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча — народнага майстра Рэспублікі Беларусь, музыканта і рэстаўратара. Вынікам яго шматгадовай плённай работы стала адкрыццё на базе Адзельскага цэнтра культуры і народнай творчасці музейнага пакоя драўляных музычных інструментаў, дзе сабрана звыш 130 вырабаў: падвойныя флейты, дудачкі, трэмбіты, трашчоткі, паляўнічыя рогі, старажытны бубен і многае іншае. Унікальная калекцыя драўляных акарын у выглядзе птушак і рыб — адзіная ў Еўропе. Інструменты Мар’яна Скрамблевіча «жывуць і спяваюць» у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і ў многіх краінах свету.
У экспазіцыі выстаўкі можна будзе ўбачыць калекцыі беларускіх лялек ад Ірыны Рынкевіч, вышыўку Наталлі Кавальковай і Марыі Ракевіч, мастацкую кераміку Таццяны Рублеўскай і Таццяны Сяргейчык, беларускія паясы Вадзіма Удзянецкага і Вольгі Авакумавай, Святланы Тур і Яўгена Мармыша.
Выстаўка творчых работ майстроў Гродзенскага раёна «Сіла традыцый — сіла творчасці» пройдзе ў АМЦНТ з 29 ліпеня па 28 жніўня.