Выстава «Купалаўка. Гісторыя ў асобах» адкрылася 20 мая ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Экспазіцыя стала сумесным праектам тэатра з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркавана да Года беларускай жанчыны.
Перад публікай раскрыліся старонкі жыцця знакамітых артыстак па-за межамі сафітаў. У аснове экспазіцыі — асабістыя лісты па ўліку кадраў, аўтабіяграфіі, анкеты, характарыстыкі, дакументы аб узнагароджаннях і прысваенні ганаровых званняў.
Па словах дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандра Шастакова, экспазіцыя гэта ўжо другі сумесны творчы праект з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.
— Тэатр і любая іншая ўстанова культуры быццам бы будынак, але будынак — гэта толькі частка нашай гісторыі, якую фарміруюць тыя людзі, якія служылі нашаму тэатру, — адзначыў ён.
У кожным рукапісе, які прадстаўлены на выставе, захоўваецца асабісты характар, яго можна прасачыць праз почырк, словы, якімі самі гераіні выставы ацэньвалі свае творчыя дасягненні і ўклад у нацыянальную культуру. Значнае месца ў экспазіцыі адведзена і дакументам часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія адлюстроўваюць удзел «купалавак» у партызанскім руху, іх мужнасць і стойкасць у гады, калі прыйшлося апрануць салдацкі шынель замест сцэнічнага касцюма.
У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк дадаў, што ў будучым сумесных выставачных праектаў будзе яшчэ шмат.
— Нам ёсць што паказаць, ёсць пра што расказаць. Гэты выставачны праект важны, складаны, але ён вельмі лёгка ствараўся, дзякуючы падтрымцы купалаўцаў. І я хачу сказаць, што гэта наш абавязак як архівістаў не проста захаваць ўнікальную дакументальную спадчыну, але і, папулярызаваць яе, — заключыў ён.
Таксама падчас мерапрыемства ўсе прысутные змаглі пачуць успаміны народнай артысткай БССР Марыі Захарэвіч і народнай артысткі Беларусі Зінаіды Зубковай. Менавіта яны — сучасніцы гераінь экспазіцыі, калегі па сцэне і сведкі галоўных падзей іх жыццяў.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара