Экспазіцыя з шасці рэдкіх узораў савецкага танкабудавання 1930-х гадоў стала магчымай дзякуючы сумеснай акцыі ваенных ведамстваў Беларусі і Расіі. На пляцоўцы прадстаўлены лёгкія колава-гусенічныя хуткаходныя танкі БТ-2 і БТ-7, два лёгкія Т-26, сярэдні Т-28, а таксама цяжкі пяцівежавы танк Т-35 выпуску 1938 года — адзіны ў свеце экзэмпляр, які захаваўся да нашых дзён. Уся гэта рэдкая тэхніка была дастаўлена ў Брэст з Цэнтральнага музея Узброеных Сіл і Цэнтральнага парка «Патрыёт» Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Як расказаў навуковы супрацоўнік Цэнтральнага музея Узброеных Сіл Расіі Канстанцін ДАРОНІН, выставу гістарычнай ваеннай тэхнікі ў Брэсце ўдалося арганізаваць літаральна за тыдзень. Асновай экспазіцыі сталі ўзоры бранятанкавай тэхнікі.

Гаворачы аб адным з экспанатаў — цяжкім пяцівежавым танку Т-35, які ў свеце захаваўся ў адзіным экзэмпляры, навуковы супрацоўнік адзначыў, што машына была распрацавана ў 1933 годзе, а ў серыйную вытворчасць трапіла ў 1934-м. «Пяцівежавая кампаноўка забяспечвала максімальную агнявую моц: тры вежы абсталёўваліся гарматамі — галоўная 76-мм, дзве 45-мм і дзве кулямётныя вежы, — удакладніў Канстанцін Даронін. — Т-35 быў пастаянным удзельнікам маскоўскіх ваенных парадаў. Да пачатку вайны танкі гэтай мадыфікацыі знаходзіліся ў Заходняй Украіне ў складзе 8-га механізаванага корпуса. На жаль, усе яны былі страчаны ў першыя тыдні баёў — у асноўным з-за паломак, перагрэву і знясільваючых маршаў».
Прадстаўлены на выставе экзэмпляр пасля эвакуацыі з Кубінкі апынуўся на палігоне ў Казані, затым — у другім Саратаўскім танкавым вучылішчы, адкуль і вярнуўся ў музей. Унікальнасць машыны яшчэ і ў тым, што яна на хаду, абсталявана родным рухавіком.

Побач прадстаўлены яго «сабрат» — таксама шматвежавы, трохвежавы танк Т-28. «Па класіфікацыі ён адносіўся да сярэдніх, аднак выкарыстоўваўся ў часцях прарыву, у цяжкіх танкавых палках і брыгадах, — звяртае ўвагу навуковы супрацоўнік Цэнтральнага музея Узброеных Сіл Расіі. — Яго зорная гадзіна — савецка-фінляндская вайна 1939–1940 гадоў. Гэта была адзіная машына, здольная эфектыўна змагацца з умацаваннямі сярэдняй трываласці і пракладваць шлях пяхоце. Аднак бранявая абарона да таго часу ўжо састарэла: трапленне нават 37-мм, а часам і 20-мм снарада выводзіла танк са строю і нярэдка прыводзіла да дэтанацыі боекамплекта».
Сярод экспанатаў ёсць і танк Т-28 1935 года выпуску. У свеце захавалася ўсяго тры арыгінальныя Т-28: два ў Фінляндыі і адзін тут. Машына выраблена на Кіраўскім заводзе ў Ленінградзе.
Плануецца, што выставу рэтратэхнікі можна будзе ўбачыць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» і напярэдадні 3 ліпеня ў Мінску.
Паводле ТГ Мінабароны
Фота ТГ Мінабароны