Top.Mail.Ru

Выставачны праект да 180-годдзя Абая Кунанбаева адкрыўся ў Мінску

Найважнейшая асоба ў гісторыі Казахстана

Выстаўка «Не для забавы я складаю вершы...», прысвечаная 180-годдзю знакамітага казахскага паэта і філосафа Абая Кунанбаева, адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. З экспазіцыяй са збору Дзяржаўнага гісторыка-культурнага літаратурна-мемарыяльнага музея-запаведніка Абая «Жидебай-Бөрілі» (горад Семей, Казахстан) можна пазнаёміцца ў Мінску дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. 

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Дзмітрый Шляхцін, разважаючы пра асобу Абая Кунанбаева, падкрэсліў: 

— Яго, як і Янку Купалу, мы можам назваць прарокам сваёй нацыі — ён, сапраўды, шмат у чым вызначыў той шлях, па якім тая будзе ісці. Абай Кунанбаеў стварыў літаратурную мову, што немалаважна для любога народа, які прэтэндуе на сваю самадастатковасць і самастойнасць. Прадметы, прадстаўленыя на выстаўцы, дадуць любому наведвальніку магчымасць даведацца больш пра адну з найважнейшых фігур у гісторыі Казахстана. Гэта не проста паэт, літаратар, філосаф, гэта энцыклапедыст, які працаваў у многіх напрамках, перакладаў заходнюю і рускую класічную літаратуру на казахскую мову, каб стварыць неабходны базіс для далейшага развіцця нацыі. 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксылыкоў таксама звярнуў увагу на падабенства ўплыву твораў Янкі Купалы і Абая Кунанбаева на паслядоўнікаў: 

— Іх лёс і творчасць складаюць важныя старонкі гісторыі і культуры сваіх краін. Гэта вялікія літаратары, асветнікі і мысляры. Веліч Абая Кунанбаева заключаецца ў яго імкненні злучыць багатую казахскую паэтычную традыцыю з дасягненнямі сусветнай культуры, сучаснымі ідэямі асветы і гуманізму. Яго паэтычнае майстэрства, філасофскі погляд на свет зрабілі неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. 

На выстаўцы «Не для забавы я складаю вершы...» можна ўбачыць арыгіналы твораў, рэчы і прадметы побыту, якія захоўваюцца ў казахскім музеі. Сярод экспанатаў — домбра Абая, першы зборнік паэта, выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе, пераклады яго тэкстаў на розныя мовы свету.

Яўгенія Шыцька

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю