Інтэрактыўны выставачны праект «Змярканне Сярэднявечча» прадставілі ў Археалагічным музеі «Верхні горад» у Мінску, паведамляе БелТА
Наведвальнікаў чакае займальнае падарожжа ў свет таямнічага і змрочнага Сярэднявечча (XII-XVI стагоддзя), дзе асаблівая ўвага надаецца гісторыі правасуддзя, метадам дазнання і прыладам катаванняў, якія прымяняліся ў Еўропе ў перыяд інквізіцыі і палявання на ведзьмаў.
На выставе прадстаўлены рэканструкцыі самых распаўсюджаных прылад інквізіцыі, выкананыя з гістарычнай дакладнасцю: маскі ганьбы, дыба, скрыпка пляткарак, слуп ганьбы, іспанскі бот, гарота, ведзьміна збруя, груша пакут і інш экспанаты, створаныя па тэхналогіях таго часу, суправаджаюцца гравюрамі, малюнкамі і карцінамі, якія паказваюць іх у дзеянні, а таксама падрабязнымі гістарычнымі каментарыямі.
Гэты праект не носіць застрашлівы характар і падыходзіць для наведвальнікаў школьнага ўзросту (у суправаджэнні дарослых). Выстава спадабаецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй. Акрамя таго, яна з’яўляецца кантактнай: можна пакратаць экспанаты.
Экспазіцыя працягне працу да 18 студзеня 2026 года.