Дарагія суайчыннікі! Паважаныя госці!
Я перш за ўсё хацеў бы павіншаваць усіх нас з перамогай на выбарах!
Гэта перамога не толькі мая, Прэзідэнта, але і мільёнаў нашых беларусаў.
26 студзеня мы пераадолелі чарговае гістарычнае скрыжаванне. Прайшлі яго ўпэўнена і мудра, не павярнуўшы з дарогі, па якой ідзем трэць стагоддзя. Гэта шлях міру і стваральнай працы, нацыянальнага адзінства і патрыятызму, справядлівасці і шырокіх магчымасцяў для кожнага — усё тое, што мы называем дзяржавай для народа. Гэта наш беларускі шлях!
Як і ў самым яго пачатку, мы зноў большасцю выбралі сваю незалежнасць, пераемнасць палітычнага курсу і ўпэўненую будучыню. Паказалі сталасць беларускай нацыі. Перамогу нашага адзінства.
Прысягаць краіне і беларускаму народу ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі — найвялікшая адказнасць. Сёння мы ўсе прыносім клятву вернага служэння Айчыне і нікому не дазволім сцерці стваральны след у гісторыі — наш і нашых папярэднікаў.
Мы з вамі стварылі суверэнную дзяржаву. Нам ёсць чым ганарыцца.
Што ведалі ў свеце аб Рэспубліцы Беларусь нейкія тры дзясяткі гадоў таму? Амаль нічога. Каму мы былі цікавыя? Мабыць, нікому. А сёння? Сёння наша краіна загучала на ўвесь свет, сёння мы маем значэнне!
Таму да нас прыкавана ўвага. І далёка не ўсім даспадобы наша незалежнасць, асабліва наша сумленная і адкрытая пазіцыя на міжнароднай арэне.
Мы паказалі электаральны суверэнітэт на справе. За гэтыя гады нам удалося сфарміраваць стандарт правядзення выбараў, які можа служыць міжнародным эталонам.
Да сваіх перамог мы дашлі разам!
Дзякую ўсім выбаршчыкам за аддадзеныя мне галасы. За вашу веру ў прынцыпы і каштоўнасці, якія ляжаць у аснове дасягненняў суверэннай Беларусі. Нашых з вамі дасягненняў.
Цешыць падтрымка моладзі, яе ўцягнутасць у палітычнае жыццё. Гэта каштоўна. Дзеці не бачылі разруху першых гадоў станаўлення краіны. Ім аб’ектыўна цяжка разважаць аб правільнасці выбранага намі тады шляху. Але яны гатовы прадоўжыць яго. Мы вырасцілі годную змену. Нам ёсць каму перадаць эстафету.
Дзякуй маім давераным асобам. Вы не толькі прадстаўлялі інтарэсы і праграму дзейнага Прэзідэнта, але і аператыўна вырашалі хвалюючыя пытанні.
Я ўдзячны мясцовым органам улады, асабліва выбарчым камісіям, органам правапарадку. Мы правялі выбары годна. За гэтым поспехам стаіць ваша найвялікшая праца. Работа не аднаго дня і не аднаго месяца.
У авангардзе электаральнай кампаніі — настаўнікі, медыкі, як заўсёды, у большасці сваёй — нашы любімыя жанчыны. Вялікі вам дзякуй!
Асобную падзяку хачу выказаць арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Яны стварылі атмасферу свята і згуртавалі нас яшчэ больш.
Свой высокі прафесіяналізм паказалі сродкі масавай інфармацыі. У нацыянальным медыяполі сфарміраваны сур’ёзны парадак дня без хайпу, без спекуляцый, усялякіх шоу і скандалаў. Дзяржаўныя СМІ з’яўляюцца для беларусаў асноўнай крыніцай інфармацыі.
Сёння хачу звярнуцца і да сваіх сапернікаў — кандыдатаў, якія вылучылі сябе на пасаду Прэзідэнта. Дзякуючы вам мы паказалі ўзор сапраўднай чыстай канкурэнцыі. Без унутраных інтрыг, маніпуляцый з боку знешніх сіл.
Дзякуй і тым, хто ў такі палітычны і прававы фармат не ўпісваецца, але працягвае з-за мяжы вучыць нас жыццю, адпрацоўваючы гранты заходніх «дэмакратый». Расследаванне новай адміністрацыі Трампа выявіла абуральныя выпадкі фінансавання USAID і NED дзяржпераваротаў і каляровых рэвалюцый па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі ў 2020 годзе. Памятаеце гэты мяцеж.
Дзякуючы вам, хто прадаў Радзіму за гэтыя гранты, а дакладней — насуперак, мы сталі мацнейшымі. Таму што беражом мір, які вы ставіце пад пагрозу. Забяспечваем дабрабыт, які вы ставіце пад удар, выпрошваючы ў сваіх гаспадароў санкцыі і бомбы. Вы навучылі нас шанаваць і адстойваць тое, што мы маем.
Людзі ўсё бачаць. У вас няма і не будзе падтрымкі. У вас няма будучыні. Вам і вашым куратарам няма чаго супрацьпаставіць нашаму адзінству. Скажу больш. Паўсвету марыць пра нашу «дыктатуру» — дыктатуру рэальных спраў і інтарэсаў нашых людзей.
І са свабодай слова ў нас усё ў парадку. Дэмакратыі ў нас больш, чым у тых, хто называе сябе яе эталонам. Кожны ў Беларусі мае канстытуцыйнае права і магчымасць выказацца. Але не трэба заклікаць знішчыць усё, што створана шматлікімі пакаленнямі беларусаў.
Мы не дазволім выкарыстоўваць свабоду слова як дубіну для разбурэння ўласнай краіны. Да чаго гэта можа прывесці, мы бачым. Мы праз многае прайшлі, пракладаючы свой суверэнны шлях. І спробы перавярнуць нашае жыццё, бясконцая крытыка нашага курсу, нападкі на нашых людзей, якія займаюць цвёрдую дзяржаўную пазіцыю, — гэта цана незалежнасці дзяржавы. Цана дабрабыту нашага народа!
Беларуская дзяржаўная мадэль развіцця стала выклікам сістэме псеўдаліберальных каштоўнасцяў. І тое, што мы не адступаем і не прагінаемся, адкрыта раздражняе нашых праціўнікаў і ворагаў.
Таму на нас абрушылі вадаспад санкцый. Нячыстая, несумленная эканамічная канкурэнцыя ў самым прымітыўным выглядзе. Ды і не толькі эканамічная... Але нават у гэтых умовах мы нямала зрабілі, рушылі наперад, асвоіўшы новыя кампетэнцыі.
У краіне паўнацэнна развіваецца касмічная галіна. Калі пачыналі з вытворчасці абсталявання для касмічнай тэхнікі, то сёння ўдзельнічаем у міжнародных даследчых праграмах, запускаем спадарожнікі, рыхтуем спецыялістаў.
Мы пабудавалі першую атамную станцыю. З адкрыццём Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі мы авалодалі тэхналогіямі, даступнымі толькі некалькім краінам свету. Занялі сваю нішу і ў такой прасунутай сферы, як лічбавыя тэхналогіі.
Нашы оптыка і мікраэлектроніка запатрабаваны ва ўсім свеце. Нас ведаюць як радзіму самых вялікіх БелАЗаў. Кожны дзясяты трактар на планеце сышоў з канвеера Мінскага трактарнага завода. А яшчэ ж ёсць МАЗы, электробусы, легкавыя аўтамабілі і іншае.
Распрацаваўшы праграму развіцця вёскі, літаральна за пару дзесяцігоддзяў мы не толькі забяспечылі ўласную харчовую бяспеку — па многіх пазіцыях увайшлі ў дзясятку сусветных экспарцёраў харчавання.
Наша медыцына — адна з самых высокатэхналагічных і пры гэтым самых даступных у свеце. Мы ў дваццатцы сусветных цэнтраў транспланталогіі.
Гэта ўсё мы — новая Беларусь, краіна працаўнікоў і стваральнікаў.
Мы сталі моцнымі, значнымі і заўважнымі.
Але, як бы дзіўна гэта ні гучала, зноў ходзім па краі. Па краі бездані сістэмнага геапалітычнага крызісу. І не толькі мы.
Свет хістаецца. Адны выклікі імкліва змяняюць іншыя. Гарачых кропак становіцца ўсё больш. Эскалацыя вакол нас толькі ўзмацняецца. На парозе нашага дома стаяць натаўскія войскі і робяць усё, каб уцягнуць Беларусь у канфлікт.
Паглядзіце, праз што мы прайшлі толькі за апошнія пяць гадоў. Літаральна ў адзін электаральны цыкл умясціліся пандэмія, масіраваны гібрыдны ўдар мяцяжу — каляровай рэвалюцыі, узмацненне санкцый, пастаянныя правакацыі на нашых заходніх і паўднёвых граніцах. І мы стаялі і стаім, не паддаючыся на правакацыі.
І ўсё гэта вынік глабальных гульняў тых, хто ўпэўнены, што мае права дыктаваць волю ўсяму свету, парушаючы міжнародныя прынцыпы і нормы.
А на якой падставе яны прысвоілі сабе такое права?
Як сузаснавальнікі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мы паўнамоцныя менавіта так паставіць пытанне.
80 гадоў назад 50 краін свету, уключаючы нашу рэспубліку, падпісалі Статут ААН і ўзялі на сябе найвышэйшую адказнасць «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны... зноў зацвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць вялікіх і малых нацый». За гэты час да нас і да нашых мэт далучыліся 143 дзяржавы.
І калі гаворка ідзе аб справядлівасці і праўдзе, зусім няважна, якога памеру твая краіна на карце свету. Голас Беларусі заўсёды гучыць моцна і ўпэўнена. За гады сваёй незалежнасці мы сталі ўдзельнікамі вялікай палітыкі.
І я магу з усёй адказнасцю заявіць, што ў нас, улады і народа, дастаткова вопыту, каб выстаяць на любых вятрах гісторыі.
Але расслабляцца ніяк нельга: моцная, квітнеючая краіна, прыкметная і актыўная на знешнім контуры, патрэбна толькі нам.
На шчасце, у нас шмат сяброў і саюзнікаў. Брацкая Расія, Вялікі Кітай, партнёры Садружнасці Незалежных Дзяржаў, ШАС, БРІКС. Фактычна ўсе краіны, якія сёння ўтвараюць глабальную большасць.
Мы — нацыя, дастойная павагі!
Уступаючы ў новы гістарычны перыяд, Беларусь абапіраецца на вывераную часам стратэгію развіцця. Яна вызначана даўно — на рэспубліканскіх рэферэндумах і народных веча — Усебеларускіх народных сходах. Мы яе толькі карэкціруем у адпаведнасці з момантам, нашым вопытам і нашымі рэсурсамі.
Агульны напрамак руху — гэта традыцыі, працавітасць, тэхналогіі.
Традыцыі... — гэта значыць спадчына продкаў, а таксама наш уласны вопыт пабудовы суверэннай Беларусі.
Гэта той маральны базіс, які вызначае адзінства народа і ляжыць у аснове светаўспрымання беларусаў: справядлівасці, законнасці і салідарнасці.
Гэта той падмурак, на якім будуецца пераемнасць пакаленняў. Традыцыі, якія мы павінны перадаць нашай моладзі.
Працавітасць — тая самая славутая беларуская працавiтасць — уласцівасць нашых людзей, якая дазволіла выжыць у вірах гісторыі і ў сплаве з дысцыплінай, прафесіяналізмам, талентам і адказнасцю дазваляе дабівацца самых амбіцыйных мэт. Я ўжо не кажу пра партызанскую ўпартасць і стойкасць беларускага народа.
Тэхналогіі — гэта ключ да будучай самадастатковай эканомікі і гарантыя нашай незалежнасці, інструмент устойлівага развіцця і забеспячэння нашай бяспекі. Дарога ў сям’ю краін — сусветных лідараў.
Усё гэта ў праекцыі на пяцігодку якасці і новую праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця павінна даць больш высокую якасць жыцця для кожнага беларуса.
Нам трэба паставіць прагрэс на службу краіне і чалавеку, асядлаць тэндэнцыі, якія імкліва захопліваюць свет сёння і будуць вызначаць яго заўтра. Калі атам — то мірны, калі робат — то памочнік, калі генная інжынерыя — то засцярога ад хвароб. Стваральнасць і яшчэ раз стваральнасць, але не разбурэнне.
Контуры нашай стратэгіі абазначаны ў перадвыбарнай праграме. І вы ведаеце: усё, што мы паабяцалі, будзе зроблена. З вамі разам. У імя дабрабыту краіны і беларускага народа. Каб Беларусь ступіла наперад, у будучыню.
Моцная эканоміка — наша палітыка і залог поспеху. Перспектыўныя інвестыцыйныя праекты, інавацыйныя вытворчасці, новыя працоўныя месцы — базісныя задачы будучай пяцігодкі.
Беларусь валодае каласальным і нават унікальным навуковым патэнцыялам у многіх сферах. У нас ёсць усё, каб не прайграць новую інтэлектуальную гонку. Таму трэба ўзмацняць нашы традыцыйныя канструктарскія, інжынерныя і іншыя школы, напрацоўваць новыя кампетэнцыі.
Гэта не значыць бегчы на злом галавы за навамоднымі трэндамі, на якіх цяпер прынята хайпаваць, — штучны інтэлект, квантавы камп’ютар і да таго падобнае. Так, мы гэтым будзем займацца, але толькі на карысць нашых людзей.
Але нам не патрэбны і не будуць патрэбны тэхналогіі дзеля тэхналогій. Яны павінны прыносіць рэальную карысць і даваць канкрэтны вынік.
Галоўнае зразумець, што з гэтага ўсяго масіву навінак сапраўды дае новую якасць, эканоміць рэсурсы, прыкметна палягчае і паляпшае жыццё людзей.
Але не будзем забываць, што любая глабальная мэта ў прынцыпе не дасягальная без дасканалага вырашэння надзённых штодзённых праблем.
Найважнейшы агульнанацыянальны праект — далейшае развіццё нашых рэгіёнаў. Кожнага кутка нашай краіны. Моцная краіна — гэта моцныя рэгіёны!
Мы спынім сцягванне працоўных рэсурсаў у Мінск і буйныя гарады. У нас кампактная краіна. І можам сабе дазволіць эфектыўнае для дзяржавы і зручнае для людзей размеркаванне працоўных месцаў па ўсёй тэрыторыі (ад Хоцімска да Маларыты, ад Камарына да Браслава).
Для гэтага трэба выраўноўваць магчымасці. Дзе б беларусы ні жылі — у вялікіх вёсках, аграгарадках, раённых цэнтрах — УСЮДЫ ўмовы павінны быць, як у сталіцы. Якасныя дарогі, даступны транспарт — прыярытэт нумар адзін.
Другі прыярытэт — перагляд жыллёвай палітыкі. Натуральнае і зразумелае жаданне кожнага чалавека — мець свой куток.
Таму задача дзяржавы — маштабная праграма даступнага арэнднага жылля, прывязанага да новых працоўных месцаў. Прынцып просты: прыйшоў на завод, сельскагаспадарчае прадпрыемства — хутка атрымаеш сваё жыллё.
Нягледзячы на ўсе выклікі, мы захаваем сацыяльна арыентаваную мадэль эканомікі, заснаваную на ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадства.
Працягнем работу па павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, бязлітасную, падкрэсліваю, — бязлітасную барацьбу з бюракратызмам і карупцыяй.
Будзем рабіць гэта, як заўсёды, галосна і адкрыта. І гэтую праблему ў гэтай пяцігодцы мы вырашым, я вам абяцаю.
Тут вялікая роля СМІ. Яны не маюць права адставаць ад актуальнага парадку дня, рэальнага жыцця і патрэб грамадства.
Не збаўляйце набраны тэмп, удасканальвайцеся ідэйна, тэхналагічна. Зрабіце ўсё, каб пра Беларусь ведалі праўду. Праўда — гэта наша сіла. У ёй наша сіла.
Задача пяцігодкі — зрабіць турызм нацыянальным праектам. Адкрыць свету нашы гісторыю, культуру і мову. Гэта індустрыя па значнасці і эканамічным патэнцыяле не саступае, напрыклад, машынабудаванню.
Усе названыя задачы і кірункі мы канкрэтызуем і зацвердзім, як заўсёды, на Усебеларускім народным сходзе.
Дарагія беларусы!
Новы перыяд прэзідэнцкіх паўнамоцтваў — гэта заўсёды новыя гістарычныя ўмовы, чаканні і задачы.
Нашы прыярытэты нязменныя. Гэта мір, бяспека, дабрабыт роднай Беларусі, годнасць нацыі і дастатак кожнага.
Ведаю, што побач са мной сапраўдныя аднадумцы. Людзі, перакананыя ў правільнасці таго, што мы робім. Тыя, хто шчыра любіць Беларусь, і сапраўдныя патрыёты.
Ні ў аднаго лідара дзяржавы няма такіх працавітых і надзейных людзей, як вы, беларусы!
Таму я — шчаслівы Прэзідэнт, а Беларусь — краіна, у якой хочацца жыць.
Мы глядзім за гарызонт. Робім усё, каб нашы дзеці і ўнукі, а потым іх дзеці і ўнукі жылі ў сваёй мірнай і квітнеючай дзяржаве, на сваёй зямлі.
У найбліжэйшыя пяць гадоў нам трэба набраць такую моц, каб хапіла зараду на доўгую дыстанцыю. Час выбраў нас менавіта для гэтага!
Наша перамога — гэта новы гістарычны шанц, магчымасць зрабіць яшчэ больш на карысць роднай Беларусі.
Таму галоўнае, запомніце, — вы жывяце ў сваёй краіне, на сваёй зямлі. Таму ніколі нідзе вы не павінны нікога баяцца. Вы — гаспадары ў сваёй краіне, самі прымаеце ўсе рашэнні. Вы заслужылі гэтае права, і не толькі наша пакаленне, але і папярэдняе, і заслужылі вельмі дарагой цаной.
Ваш Прэзідэнт вас ніколі не кідаў і не кіне, не здрадзіць і не ўцячэ.
(Апладысменты)
Вы — усё маё жыццё, і я прыкладу максімум намаганняў, каб апраўдаць аказаны мне вамі вялікі давер.
Я жадаю ўсім нам міру, дабра, здароўя, шчасця, радасці, невычэрпнай энергіі для рэалізацыі тых грандыёзных задач, якія паставілі перад намі людзі. У нас няма іншага права і іншай магчымасці, як гэта зрабіць. І мы гэта зробім.
Выбар зроблены, надыходзіць час новых перамог!
(Апладысменты).