Top.Mail.Ru

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І. Качанавай на адкрыцці пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання

«Сёння лёс дзяржавы давераны ўсім нам. І мы абавязаны апраўдаць давер беларускага народа»

Паважаныя вышэйшыя службовыя асобы!

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Запрошаныя!

Сёння пачынае сваю работу пятая сесія Савета Рэспублікі восьмага склікання.

Гэты год азнаменаваны важнымі падзеямі ў жыцці нашай краіны. 30 гадоў таму закладзены асновы двух інстытутаў народаўладдзя: Нацыянальнага сходу і Усебеларускага народнага сходу.

Ініцыятыва аб стварэнні двухпалатнага парламента была вылучана кіраўніком дзяржавы і падтрымана беларускім народам на рэспубліканскім рэферэндуме ў лістападзе 1996 года.

Звяртаючыся да членаў Савета Рэспублікі першага склікання, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, вымавіў словы-наказ:

«Верхняя палата парламента — сапраўды зрэз нашага народа. Тут людзі, якія будуць ад імя народа вырашаць праблемы».

Членам Савета Рэспублікі першага склікання выпала асаблівая місія. Гэта быў час актыўнага дзяржаўнага будаўніцтва і фарміравання прававых асноў суверэнітэту. Краіна мела патрэбу ў дакладных і сістэмных законах, якія забяспечваюць дынамічнае развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы.

Тады побач з маладым Прэзідэнтам усталі людзі, якія не пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі.

Толькі за час работы першага склікання было прынята 18 кодэксаў.

Усяго ж за тры дзесяцігоддзі Савет Рэспублікі разгледзеў каля 3000 законапраектаў, у тым ліку 39 кодэксаў.

Двухпалатная сістэма стала надзейным прававым фільтрам і гарантыяй таго, што кожны закон працуе на карысць грамадзян, улічваючы інтарэсы рэгіёнаў. Наш вопыт парламенцкага будаўніцтва настолькі пераканаўчы, што сёння цікавасць да яго праяўляюць многія дзяржавы.

За трыццаць гадоў членамі Савета Рэспублікі сталі 395 чалавек. Гэта высокі гонар і каласальная адказнасць, бо кожную вобласць і горад Мінск прадстаўляюць толькі восем чалавек.

Яны ў большасці сваёй працуюць не на прафесійнай аснове — працуюць на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, уносяць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны.

Дазвольце выказаць глыбокую ўдзячнасць членам Савета Рэспублікі ўсіх скліканняў за вернасць абавязку, самаахвярнае служэнне Айчыне і ўмацаванне прававой сістэмы краіны.

Паважаныя калегі!

Бягучы перыяд нашай работы не менш важны і адказны.

17 верасня мы адзначым Дзень народнага адзінства. Для беларусаў адзінства — гэта фундамент незалежнасці і адзін з ключавых фактараў устойлівага развіцця. Толькі згуртаваны народ здольны пераадолець любыя выклікі і захаваць сваю самабытнасць.

Наперадзе — трэцяе пасяджэнне сёмага Усебеларускага народнага сходу, на якім кіраўнік дзяржавы звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа, дэлегаты падвядуць вынікі першага года пяцігодкі.

Надзвычай насычаным будзе і парадак дня пятай сесіі.

Цэнтральнае месца ў нашай рабоце традыцыйна займае бюджэтны пакет — праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2027 год, змяненні ў Падатковы кодэкс.

Патрабаванні кіраўніка дзяржавы ў бюджэтна-падатковай сферы нязменныя — эфектыўнае расходаванне сродкаў на прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця, справядлівая і збалансаваная сістэма падаткаабкладання.

Неабходна скрупулёзна вывучыць адпаведныя законапраекты. Гэта задача датычыцца ўсіх камісій.

Мы павінны даць адказы на прынцыповыя пытанні: «Ці ўсе даручэнні Прэзідэнта ўлічаны пры фарміраванні бюджэту?», «Ці арыентаваны бюджэтныя расходы на вырашэнне сістэмных сацыяльных пытанняў?» і галоўнае — «Як палепшыцца жыццё людзей пасля прыняцця бюджэтных дакументаў?»

Працягнецца работа над законапраектам, падрыхтаваным па выніках маштабнай рэвізіі заканадаўства, праведзенай па даручэнні Прэзідэнта. Яго прыняцце дазволіць выключыць акты, якія страцілі актуальнасць і не прымяняліся на практыцы.

Краіна рыхтуецца да ўкаранення нацыянальнай лічбавай валюты. Адпаведны законапраект створыць неабходную прававую базу для выкарыстання новай формы беларускага рубля. На думку распрацоўшчыкаў, гэта забяспечыць дадатковы кантроль за мэтавым расходаваннем бюджэтных сродкаў і пашырыць магчымасці трансгранічных плацяжоў.

Сур’ёзная работа вядзецца па карэкціроўцы законаў «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».

Саветам Рэспублікі ўжо ўнесены прапановы, якія ўлічаны пры падрыхтоўцы адпаведных законапраектаў.

Стараннай прапрацоўкі запатрабуюць заканадаўчыя навацыі ў сферы працоўных і жыллёвых адносін, аховы працы, знешняй працоўнай міграцыі, ліцэнзавання, аховы здароўя, абароны персанальных даных, дзейнасці прафесійных саюзаў, сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Саветам Рэспублікі ў ініцыятыўным парадку падрыхтаваны законапраект аб павышэнні ўзроўню занятасці насельніцтва.

У яго аснове — прапановы, выпрацаваныя сумесна з дэпутатамі мясцовых Саветаў і падтрыманыя кіраўніком дзяржавы.

Важнае значэнне мае экспертнае суправаджэнне заканатворчага працэсу. Экспертным саветам, створаным па даручэнні Прэзідэнта, у бягучым годзе разгледжаны 24 праекты заканадаўчых актаў. Па большасці з іх выказаны абгрунтаваныя заўвагі.

Так, у жніўні на пасяджэнні савета дэталёва вывучаны праект Указа «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя». У ходзе яго разгляду было прапанавана распрацаваць асобны законапраект па пытаннях дабрачыннай дзейнасці. Прапанова падтрымана кіраўніком дзяржавы.

Гэта нагляднае пацвярджэнне таго, што ўстаноўка Прэзідэнта працуе: экспертны савет ствараўся, каб забяспечваць высокую якасць і эфектыўнасць заканадаўства.

Паважаныя калегі, за кожнай літарай закона мы, перш за ўсё, павінны бачыць чалавека. Законы павінны быць справядлівымі, зразумелымі, ісці ад жыцця, прымацца для людзей і ў імя людзей.

Заклікаю вас уважліва ставіцца да прапрацоўкі законапраектаў, ініцыяваць іх грамадскае абмеркаванне на розных пляцоўках, на сустрэчах у працоўных калектывах, з насельніцтвам, у маладзёжных аўдыторыях. Калі неабходна — уносьце прапановы.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Міжнародная абстаноўка сёння характарызуецца перапляценнем вострых геапалітычных супярэчнасцяў і эканамічнай фрагментацыяй, якая расце.

Барацьба за крытычныя рэсурсы, пратэкцыянізм у гандлі, санкцыйныя рэжымы становяцца ключавымі фактарамі, якія змяняюць звыклыя мадэлі міжнароднага супрацоўніцтва.

Сёння мы фактычна назіраем супрацьстаянне ваенных і палітычных блокаў, прыхільнікаў і сапернікаў шматпалярнасці.

Як адзначыў наш Прэзідэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, «у цяперашні час дэманстратыўна вярнулася прамая масіраваная ваенная агрэсія».

На фоне ўзмацнення рэгіянальных канфліктаў і саперніцтва буйных дзяржаў прыкметна зніжаецца ўзровень даверу паміж дзяржавамі, дыпламатычныя каналы нярэдка працуюць у абмежаваным рэжыме, а шматлікія міжнародныя інстытуты сутыкаюцца з дэфіцытам кансэнсусу і палітычнай волі.

Наша нязменная задача — захаваць на беларускай зямлі мір і спакой.

Ва ўмовах глабальнай узаемазалежнасці любая эскалацыя напружанасці здольная падарваць дасягненні ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця, разбурыць усе папярэднія шматгадовыя намаганні цэлых пакаленняў.

У пытаннях падтрымання міжнароднага міру і бяспекі нам трэба максімальна задзейнічаць парламенцкую дыпламатыю.

Беларусь — міралюбівая краіна.

Гэты тэзіс мы паслядоўна даводзім да замежнай грамадскасці — у ходзе шматлікіх міжнародных кантактаў са спікерамі парламентаў, кіраўнікамі дыпламатычных місій, кіраўніцтвам знешнепалітычных ведамстваў, дэлегацыямі дзелавых колаў, групамі дружбы.

Нам трэба прадоўжыць работу па рэалізацыі на міжнароднай арэне ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы аб пачатку глабальнага дыялогу па бяспецы.

У яе развіццё члены Савета Рэспублікі паслядоўна садзейнічаюць прасоўванню ідэі фарміравання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі.

Гэта пытанне акцэнтавалася нашымі парламентарыямі на мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай сеткі Руху недалучэння, Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Мы выступілі з прапановай прыняцця ў рамках МПА СНД заявы ў падтрымку распрацоўкі Еўразійскай хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці і аналагічнай заявы — у геапалітычнай групе «Еўразія» ў Міжпарламенцкім саюзе.

Савету Рэспублікі неабходна прадоўжыць выступаць з публічнай рэакцыяй на падзеі, якія закранаюць пытанні бяспекі нашай краіны.

Так, мы ініцыявалі прыняцце заявы ў сувязі з атакай на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Гэты дакумент быў накіраваны ў СМІ і парламенцкія арганізацыі. Такім чынам, аб’ектыўна інфармуючы міжнародную супольнасць, мы прабіваем цэнзуру, якую заходнія медыя выбудоўваюць вакол такіх інцыдэнтаў.

У кантэксце забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы на ўзроўні верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі і, у прыватнасці, профільных камісій і камітэтаў наладжана цеснае ўзаемадзеянне.

Бакі штогод праводзяць кансультацыі, у ходзе якіх звяраюць падыходы па актуальным міжнародным парадку дня. Да канца гэтага года ў Мінску адбудуцца чарговыя такія кансультацыі.

Паважаныя калегі!

Міжпарламенцкая дыпламатыя сёння выступае найважнейшым інструментам прасоўвання нацыянальных інтарэсаў і стварэння спрыяльных умоў для нашай эканомікі.

Прасоўванне гандлёва-эканамічных інтарэсаў у кантэксце тых задач, якія кіраўнік дзяржавы ставіць перад усёй вертыкаллю ўлады, — наш абсалютны прыярытэт. Прэзідэнт асабістым прыкладам, ажыццяўляючы візіты ў замежныя краіны, у тым ліку далёкай дугі, і дамаўляючыся з іх лідарамі, адчыняе дзверы на рынкі, на якія няпроста зайсці ва ўмовах жорсткай і глабальнай канкурэнцыі.

Найбольшы эканамічны эфект забяспечваецца ў рамках міжнародных форумаў, якія праводзяцца пад эгідай Савета Рэспублікі.

У чэрвені ў Мінску і Мінскай вобласці адбыўся XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ўстанавіў новыя рэкорды па колькасці падпісаных кантрактаў і дакументаў аб супрацоўніцтве.

Пастаянным камісіям Савета Рэспублікі трэба ўзяць на асаблівы кантроль выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе мерапрыемстваў форуму.

Пры гэтым ключавая роля ў кантролі за рэалізацыяй рашэнняў форуму застаецца за Міжпарламенцкай камісіяй па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Яна павінна забяспечыць змястоўнае напаўненне сустрэч старшыняў Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі ў міжфорумны перыяд з улікам сумесна прынятага рашэння аб правядзенні форуму на двухгадовай аснове.

У канцы верасня ва Узбекістане, у горадзе Хіве пройдзе І Узбекска-беларускі міжпарламенцкі форум, у рамках якога адбудзецца чацвёрты жаночы бізнес-форум.

Змяненне фармату гэтага форуму, павышэнне яго статусу, адбылося нездарма: падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірамонавіча Мірзіёева, які адбыўся ў ліпені гэтага года, нашы краіны замацавалі ўстанаўленне стратэгічнага партнёрства падпісаннем адпаведнай Дэкларацыі.

Мы актыўна рыхтуемся да форуму, фарміруем партфель камерцыйных кантрактаў і дамоўленасцяў. Гэта будзе наш дзейсны ўклад у рэалізацыю Дарожнай карты па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана і вырашэнне задачы, пастаўленай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, аб выхадзе да 2030 года на ўзровень тавараабароту ў 2 мільярды долараў.

Наша дзейнасць у парламенцкіх структурах павінна абапірацца на безумоўны прыярытэт нацыянальных інтарэсаў, падтрымку аб’яднальных і стваральных ініцыятыў.

У пачатку кастрычніка ў Танзаніі адбудзецца 153-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза. Для нас прынцыпова важна захаваць пераемнасць падыходаў у рабоце гэтай найстарэйшай міжнароднай арганізацыі, не дапусціць яе палітызацыі ці зніжэння эфектыўнасці ў рабоце, што мы бачым на прыкладзе іншых інстытутаў.

У дадзеным кантэксце адным з галоўных пытанняў для нас на маючай адбыцца Асамблеі будзе выбранне новага старшыні Міжпарламенцкага саюза — з некалькіх кандыдатаў мы ўсямерна падтрымліваем Старшыню Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі, паважаную Сагібу Аліеўну Гафараву.

Вядзецца работа на маладзёжным трэку МПС: наш калега Аляксандр Сяргеевіч Лук’янаў у пачатку верасня прыняў удзел у Глабальнай канферэнцыі маладых парламентарыяў.

У Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД неабходна прадоўжыць дзейнасць па гарманізацыі заканадаўстваў краін Садружнасці.

Па прапанове Беларусі ў Перспектыўны план мадэльнай заканатворчасці на 2026–2028 гады ўключаны 12 са 134 дакументаў.

У лістападзе ў Туркменістане пройдуць мерапрыемствы Міжпарламенцкай Асамблеі СНД. Нам мэтазгодна выкарыстоўваць візіт парламенцкай дэлегацыі ў гэту краіну для правядзення перагавораў з туркменскім бокам па ўсім спектры двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама з іншымі нашымі партнёрамі. Гэта ўнікальная пляцоўка для правядзення перагавораў і сустрэч.

Неабходна прадоўжыць рэалізацыю беларускай ініцыятывы аб правядзенні пад эгідай МПА СНД мерапрыемства, прысвечанага захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

Яшчэ адна прыярытэтная пляцоўка — Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Менавіта тут фарміруецца адзіная прававая прастора Саюзнай дзяржавы, сінхранізуюцца падыходы да сацыяльных гарантый, прамысловай кааперацыі, абароны агульнай гістарычнай памяці.

Ключавымі кірункамі нашай работы ў Парламенцкай Асамблеі АДКБ застаюцца забеспячэнне калектыўнай бяспекі, гарманізацыя заканадаўства дзяржаў-членаў і нарошчванне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння для супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам.

Удзел членаў Савета Рэспублікі ў маніторынгу выбараў і рэферэндумаў, у тым ліку па лініі парламенцкіх структур — гэта наш уклад у забеспячэнне электаральнага суверэнітэту дружалюбных Беларусі дзяржаў і ва ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі.

У жніўні гэтага года члены Савета Рэспублікі ўзялі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі дэпутатаў Курултая Рэспублікі Казахстан.

Ужо на гэтым тыдні плануецца ўдзел нашых калег у складзе груп міжнародных назіральнікаў у маніторынгу выбараў дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Аб’ектыўныя ацэнкі асабліва важныя ва ўмовах, калі заходнія краіны і ангажаваныя арганізацыі не спыняюць спроб умяшання ў найважнейшыя ўнутрыпалітычныя падзеі ў нашых краінах.

У кантэксце гэтай электаральнай кампаніі будзе пашырана практыка ўдзелу членаў Савета Рэспублікі ў маніторынгу выбараў у расійскіх загранустановах на тэрыторыі нашай краіны.

Назіраецца рост цікавасці да міжпарламенцкага супрацоўніцтва з боку дзяржаў далёкай дугі.

У ліпені гэтага года нашу краіну наведала дэлегацыя Арабскага парламента, якая прадстаўляе інтарэсы 22-х дзяржаў — членаў Лігі арабскіх дзяржаў. У рамках візіту паміж Нацыянальным сходам і Арабскім парламентам падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні, які адкрывае новыя перспектывы для супрацоўніцтва з арабскім светам.

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Саюз М’янма, якая адбылася ў жніўні гэтага года, дасягнута прынцыповая дамоўленасць аб актывізацыі міжпарламенцкіх кантактаў.

Цяпер мы прапрацоўваем першы ў гісторыі беларуска-м’янманскіх адносін афіцыйны візіт у Беларусь старшыні верхняй палаты парламента гэтай дзяржавы.

На мінулым тыдні адбыўся рабочы візіт у нашу краіну дэлегацыі Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая. Мы пацвердзілі курс на далейшае паглыбленне беларуска-кітайскага ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, пашырэнне супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, па лініі грамадскіх жаночых і маладзёжных арганізацый.

У найбліжэйшы час плануецца афіцыйны візіт Старшыні Сената Парламента Ісламскай Рэспублікі Пакістан. Плануем падпісаць двухбаковы Мемарандум аб супрацоўніцтве.

Рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых з нашымі замежнымі партнёрамі, перш за ўсё на вышэйшым узроўні, — гэта агульнадзяржаўная задача. Мы павінны больш актыўна працаваць па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, вырашэнне якіх часам неабгрунтавана зацягваецца.

Для гэтага ў нас ёсць шырокі інструментарый: у восьмым скліканні Нацыянальнага сходу сфарміравана 10 дэлегацый для работы ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях, 6 камісій і камітэтаў высокага ўзроўню, 42 краінавыя рабочыя групы, многія з якіх узначальваюць члены Савета Рэспублікі.

Сёння назіраецца высокая інтэнсіўнасць у рабоце цэлага шэрагу такіх груп і камісій — з Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў, Сенатам Олій Мажліса Узбекістана.

Іншыя групы дружбы павінны актывізаваць сваю работу, пашыраць фарматы ўзаемадзеяння і ўносіць важкі ўклад у далейшае ўмацаванне двухбаковых адносін.

Савет Рэспублікі працягвае ўмацоўваць пазітыўны імідж нашай краіны праз прызму дасягнення Мэт устойлівага развіцця. У гэтай сферы на нас ляжыць асаблівая адказнасць — Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта з’яўляецца член Савета Рэспублікі Сяргей Фёдаравіч Алейнік.

Работа праводзіцца сістэмная, і нашай краіне ёсць чым ганарыцца. Беларусь уваходзіць у лік лідараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, займаючы 35-е месца ў міжнародным рэйтынгу са 169 краін.

Узровень дасягнення Мэт устойлівага развіцця складае каля 83 працэнтаў. Пры гэтым агульнасусветныя тэмпы застаюцца занадта маруднымі, а па шэрагу — пагаршаюцца.

У лістападзе ў Мінску адбудзецца знакавае мерапрыемства — Міжнародны форум Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па ўстойлівым развіцці з удзелам нацыянальных каардынатараў.

Нам варта выкарыстоўваць гэты форум для прадметнага разгляду пытанняў, якія перашкаджаюць глабальнаму прагрэсу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, такіх як незаконныя санкцыі, гонка ўзбраенняў, падтрымка ўзброеных канфліктаў.

Паважаныя калегі!

Найважнейшае значэнне для парламентарыяў мае работа з насельніцтвам. Пільная ўвага да праблем грамадзян і дапамога ў іх вырашэнні дазваляюць меркаваць аб тым, наколькі эфектыўна выбудавана наша дзейнасць на месцах.

З пачатку года членамі Савета Рэспублікі разгледжана каля 4 тысяч зваротаў, праведзена 420 прыёмаў грамадзян і юрыдычных асоб, 206 прамых тэлефонных ліній і 889 сустрэч з працоўнымі калектывамі.

За кожным зваротам — чалавечы лёс. Калі член Савета Рэспублікі вырашае лакальнае пытанне, ён не проста дапамагае канкрэтнаму чалавеку, а ўмацоўвае давер да ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання.

Пры гэтым наша мэтавая задача — за адзінкавым выпадкам убачыць сістэмную праблему. Калі адзін чалавек сутыкнуўся з прававым ці бюракратычным бар’ерам, значыць, заўтра з гэтым жа могуць сутыкнуцца дзясяткі іншых.

Па даручэнні Прэзідэнта мы на пастаяннай аснове кантралюем ход разгляду пытанняў, якія паступілі да давераных асоб у ходзе электаральнай кампаніі. Значная частка з іх ужо вырашана.

У прыватнасці, вызначаны ўмовы, пры якіх бясплатна прадастаўляюцца дзве спробы экстракарпаральнага апладнення, — тэма, якая падчас выбарчай кампаніі ўзнімалася неаднаразова.

Рэканструяваны маставыя пераходы у Фаніпалі і Полацку, адрамантаваны ўчастак аўтадарогі М-1 у Брэсцкай вобласці, завершана добраўпарадкаванне «Святога возера» ў Магілёве, уведзена ў эксплуатацыю сістэма водаадвядзення ў адным з мікрараёнаў Брэста, выкананы рамонтныя работы вуліц і дарог у розных рэгіёнах краіны.

Рэалізуюцца сацыяльна значныя праекты: будаўніцтва школы ў сталічным мікрараёне Лошыца, інтэрната для медыцынскіх работнікаў на 1200 месцаў у Мінску, новай паліклінікі ў Фаніпалі, Усходняга абходу ў Гомелі, спартыўна-аздараўленчага комплексу ў Заслаўі, рэканструкцыя Варшаўскага моста ў Брэсце.

Усе гэтыя пытанні застаюцца на асаблівым кантролі ў Савеце Рэспублікі да канчатковага вырашэння.

Там, дзе просьба сёння не можа быць задаволеная, чалавек павінен атрымаць сумленнае і аргументаванае тлумачэнне. Гэта наша прынцыповая пазіцыя.

Падкрэсліваю: матэрыялы зваротаў павінны выкарыстоўвацца ў рабоце над законапраектамі.

Пастаянным камісіям неабходна праводзіць глыбокі аналіз зваротаў, абагульняць ініцыятывы і ў выпадку неабходнасці выходзіць з канкрэтнымі прапановамі па карэкціроўцы заканадаўства.

Станоўчыя прыклады таму ёсць. Па нашых прапановах дзяржаўныя органы вядуць работу над прававымі актамі па пытаннях вызначэння запазычанасці па аліментах, паўторнай дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля, адказнага абыходжання з жывёламі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ўсім органам дзяржаўнай улады за канструктыўнае ўзаемадзеянне пры разглядзе зваротаў. Дзякуючы выбудаванай сістэме мы можам аператыўна знімаць вострыя пытанні, якія хвалююць грамадзян.

Многае вырашае і асабісты ўдзел членаў Савета Рэспублікі. Людзі гэта шануюць. Пацвярджэнне таму — лісты, якія паступаюць са словамі падзякі.

Яны адрасаваныя членам Прэзідыума і нашым калегам, членам Савета Рэспублікі.

Паважаныя ўдзельнікі пасяджэння!

За трыццаць гадоў Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва стаў сапраўдным голасам беларускіх рэгіёнаў. Адной з нашых прыярытэтных задач застаецца каардынацыя дзейнасці ўсяго дэпутацкага корпуса краіны.

Дзейнымі механізмамі гэтай работы служаць выязныя пашыраныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, экспертна-кансультатыўнага савета, а таксама штоквартальныя сустрэчы з кіраўнікамі абласных і раённых Саветаў дэпутатаў.

У рамках названых мерапрыемстваў дэпутацкаму корпусу даводзіцца інфармацыя па актуальным сацыяльна-эканамічным і міжнародным парадку дня, разглядаецца шырокі спектр тэм, якія адчувальныя для грамадзян у рэгіёнах. Такіх як: работа з пустымі і старымі дамамі, аптымізацыя прадпрыемстваў і ўстаноў за кошт стварэння міжраённых структур, закрыццё сацыяльных аб’ектаў, навядзенне парадку на зямлі і многія іншыя.

Па выніках гэтых сустрэч шэраг пытанняў вырашаецца непасрэдна на ўзроўні Савета Рэспублікі. Па іншых выпрацоўваюцца прапановы, якія ўносяцца на разгляд рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады. Асобныя праблемы знімаюцца пры распрацоўцы і карэкціроўцы нарматыўных прававых актаў.

Яшчэ адным рабочым інструментам для рэалізацыі збалансаванай рэгіянальнай палітыкі з’яўляюцца грамадзянскія ініцыятывы, за кошт якіх грамадская энергія канвертуецца ў канкрэтныя карысныя праекты.

З кожным годам іх робіцца ўсё больш. Толькі ў бягучым годзе па ўсёй рэспубліцы плануецца рэалізаваць 176 ініцыятываў на суму 6,3 мільёна рублёў. Паступова назапашваецца ўнікальны досвед, які варта абагульняць і сістэматызаваць.

Пад патранажам Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў ужо трэці раз праводзіцца Форум грамадзянскіх ініцыятыў «Ад ідэі — да выніку». Мы вырашылі маштабаваць гэту ідэю і правесці ў 2027 годзе рэспубліканскі форум грамадзянскіх ініцыятыў, які будзе прымаць Гродзенская вобласць.

Збалансаванае развіццё рэгіёнаў залежыць непасрэдна ад ініцыятыўнасці, гаспадарлівасці і стратэгічнага мыслення мясцовых органаў улады.

Асабліва важная роля сельсаветаў, бо з 1277 мясцовых Саветаў амаль 90 працэнтаў — сельскія і пасялковыя.

У іх вядзенні — адчувальныя пытанні жыццядзейнасці: зямельныя адносіны, добраўпарадкаванне, работа асабістых падсобных гаспадарак, даступнасць медыцынскай дапамогі і гандлёвага абслугоўвання.

Прывяду прыклад у сферы турызму, развіццё якога з’яўляецца адным з прыярытэтаў бягучай пяцігодкі.

Па выніках нашай сустрэчы са старшынямі мясцовых Саветаў у Іванаве і пасяджэння экспертна-кансультатыўнага савета ў Расонах дэпутацкі корпус Гомельшчыны паставіў перад сабой амбіцыйную мэту — стварыць турыстычны маршрут у кожным з 230 сельсаветаў.

На сённяшні дзень карты большасці маршрутаў ужо размешчаны на сайтах райвыканкамаў. Гэта стане добрай дапамогай для павышэння турыстычнай прывабнасці рэгіёна і прыцягнення гасцей. Такі падыход трэба тыражаваць паўсюдна.

У лістападзе ў рамках Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання мы комплексна разгледзім дзейнасць сельскіх Саветаў дэпутатаў. Прашу ўсіх членаў Савета Рэспублікі, абапіраючыся на вопыт работы ў рэгіёнах, уносіць прапановы ў парадак дня сустрэч з кіраўнікамі мясцовых Саветаў і ў тэматыку маючых адбыцца выязных пасяджэнняў.

Пастаянныя камісіі павінны трымаць на кантролі пытанні, узнятыя дэпутатамі на месцах, да канчатковага вырашэння.

Паважаныя калегі!

Асновай любой моцнай дзяржавы з’яўляюцца традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці.

Сям’я застаецца прадметам асаблівага клопату беларускай дзяржавы, а дэмаграфія — адным з ключавых прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі і нацыянальнай бяспекі.

На фоне дэвальвацыі маральных ідэалаў заходняга грамадства і спроб укараніць чужыя нашаму менталітэту стэрэатыпы, Беларусь захоўвае прыхільнасць да сваіх традыцый. У нашай краіне падтрымка сем’яў заўсёды была безумоўным прыярытэтам.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы парламенту сумесна з урадам трэба ўдасканаліць сістэму падтрымкі мацярынства і дзяцінства, у прыватнасці, вызначыць новыя падыходы да выплаты дапамог па доглядзе дзяцей да трох гадоў.

У мэтах комплекснага абмеркавання гэтага пытання плануем правесці выязны семінар у Валожыне, па выніках якога выпрацуем практычныя рэкамендацыі для рэгіёнаў.

У нашай краіне 2026 год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. У гэтым мудрым рашэнні Прэзідэнта закладзены асаблівы сэнс. Традыцыйна роля жанчыны цесна звязана з сям’ёй і выхаваннем дзяцей.

У Год беларускай жанчыны Саветам Рэспублікі прапанаваны шэраг ініцыятыў, накіраваных на фарміраванне культуры сямейных каштоўнасцяў і ўмацаванне ролі мацярынства.

Сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запушчана лічбавая платформа «Тварам да гісторыі: жаночы шлях Беларусі».

Рэсурс кансалідуе матэрыялы з усіх рэгіёнаў і вядзе лічбавы летапіс аб беларусках, якія ўнеслі асаблівы ўклад у станаўленне і росквіт суверэннай дзяржавы.

Платформа садзейнічае выхаванню беларускай моладзі на ўзорных прыкладах самаадданага служэння краіне.

Для жанчын, якія аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, рэалізуецца праект Савета Рэспублікі «Рука дапамогі». У рамках гэтай ініцыятывы мы дапамагаем канкрэтным жанчынам: садзейнічаем у іх працаўладкаванні, лячэнні, уз’яднанні з сям’ёй.

Міласэрнасць — характэрная рыса беларусаў. І я ўпэўнена, што рэалізацыя праекта павінна быць працягнута і надалей. Руку дапамогі трэба працягнуць усім, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

У рамках сямейнага форуму «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які праводзіцца Саветам Рэспублікі сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой у Полацку, ужо чацвёрты раз будзе абмяркоўвацца тэма маральнасці, маральных каштоўнасцяў, духоўнасці і сямейных традыцый.

Сёлета мы надалі гэтаму мерапрыемству статус міжнароднага і пашырылі геаграфію ўдзельнікаў, запрасіўшы да адкрытага дыялогу парламентарыяў з іншых краін, якія, як і мы, падзяляюць ключавыя прынцыпы і погляды на стварэнне сям’і і выхаванне дзяцей.

Сёння, калі ў заходняй супольнасці ўжо працяглы час ідзе паўнавартасная падмена паняццяў маралі, прапаганда інстытута сям’і, як ніколі, жыццёва неабходная.

Інфармацыйная прастора навязвае маладым людзям адмову ад адказнасці, ад жадання ствараць і захоўваць сям’ю, прапагандуе прынцып чайлд-фры.

Ідэі пра «вольнае» жыццё, свабоднае каханне, эгацэнтрызм і канцэнтрацыю на самім сабе, клопат толькі пра свае даброты, — гэта толькі частка тых выклікаў, з якімі даводзіцца сутыкацца сучаснай моладзі.

Паважаныя калегі!

Маладзёжная палітыка заўсёды была і будзе заставацца прыярытэтам нашай дзяржавы.

Неабыякавае маладое пакаленне, якое датычнае да лёсу краіны, — надзейная апора дзяржаўнасці.

Энергія моладзі павінна быць накіравана ў стваральнае рэчышча. Маладыя людзі павінны актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства, уносіць істотны ўклад у развіццё краіны.

Наш Прэзідэнт, звяртаючыся да моладзі, адзначыў: «У вашых руках будучыня краіны, і вы павінны сваю краіну захаваць. Нідзе, чым на сваёй зямлі, вам лепей не будзе».

Перадаць эстафету любові да роднай зямлі, жаданне зрабіць Беларусь прыгажэйшай і лепшай — наш святы абавязак.

Члены Савета Рэспублікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з моладдзю. На пастаяннай аснове праводзяцца сустрэчы, дзе дзеці агучваюць нямала цікавых ініцыятыў, здольных аб’яднаць грамадства. І нам трэба ўлічваць іх у сваёй заканатворчай дзейнасці.

У канцы кастрычніка завяршае работу цяперашняе скліканне Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі. Не скрыю — для мяне было вельмі прыемна працаваць з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі. Двухгадовы перыяд атрымаўся вельмі насычаным і прадуктыўным.

Хацелася б адзначыць высокую ўцягнутасць членаў Маладзёжнага савета ў мерапрыемствы, якія праводзяцца Саветам Рэспублікі. Мы бачым, з якой цікавасцю яны бяруць удзел у пасяджэннях сесій, пашыраных пасяджэннях Прэзідыума, асабістых прыёмах грамадзян.

Маладзёжным саветам ініцыяваны шэраг праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, на барацьбу з недапушчэннем рэабілітацыі нацызму, развіццё ў маладых людзей лідарскіх якасцяў, процідзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў.

Члены Маладзёжнага савета — гэта добры кадравы патэнцыял для нашых рэгіёнаў і краіны ў цэлым. Упэўнена, што члены Маладзёжнага савета перададуць свой досвед тым, хто прыйдзе ім на змену.

Прытрымліваючыся прынцыпу пераемнасці, у новым складзе павінны прадоўжыць работу найбольш актыўныя прадстаўнікі гэтага склікання.

Традыцыйна ў фокусе ўвагі Савета Рэспублікі будуць знаходзіцца пытанні маладзёжнага парадку дня, уключаючы рэалізацыю такіх знакавых праектаў, як «Цягнік Памяці», «Дзеці Садружнасці», «Код Непакораных», Маладзёжны ваенна-патрыятычны форум, якія садзейнічаюць згуртаванню і ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Мы абавязаны зрабіць усё, каб маладыя людзі ўвасаблялі свае ідэі і мары на Радзіме, на беларускай зямлі.

Давер да моладзі і падтрымка яе ініцыятыў — гэта добры індыкатар сталасці нашага грамадства. Вышэйшая мудрасць улады заключаецца ў тым, каб не проста будаваць для маладых будучыню, а ствараць яе разам з імі.

Заклікаю ўсіх членаў Савета Рэспублікі весці адкрыты і сумленны дыялог з моладдзю, асаблівую ўвагу надаючы фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, умацаванню традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, прэстыжу сям’і, абмеркаванню заканадаўчых ініцыятыў.

Паважаныя калегі!

Ва ўмовах знешняга ціску, інфармацыйных войнаў і спроб дыскрэдытацыі дзяржаўных інстытутаў асаблівае месца ў нашай рабоце займае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі.

У інфаполі не бывае штылю: калі мы не даносім праўду аб рэальным становішчы спраў і логіцы кіраўніцкіх рашэнняў, гэты вакуум імгненна запаўняецца фальсіфікацыямі.

Своечасовыя і дакладныя каментарыі парламентарыяў у СМІ разбураюць стэрэатыпы, спыняюць распаўсюджванне фэйкаў і абараняюць нацыянальныя інтарэсы краіны на інфармацыйным фронце.

Гэта прамы абавязак кожнага члена Савета Рэспублікі. Наш галоўны інструмент для гэтай работы — дзяржаўныя СМІ. Неабходна ў поўнай меры выкарыстоўваць патэнцыял рэспубліканскай і мясцовай прэсы, тэлевізійных каналаў, лічбавых рэсурсаў для трансляцыі актуальных сацыяльна-эканамічных пытанняў.

Удзельнічаючы ў эфірах, публікуючы артыкулы і даючы каментарыі, мы задаём тон абмеркаванню найважнейшых дзяржаўных ініцыятыў.

Актыўная прысутнасць членаў Савета Рэспублікі ў медыяполі дазваляе ссоўваць фокус грамадскай увагі з дэструктыўнай крытыкі на канструктыўны пошук рашэнняў і прасоўванне справядлівага парадку дня.

Заклікаю ўсіх членаў Савета Рэспублікі актыўна працаваць у медыйным полі: на пастаяннай аснове растлумачваць навацыі ў заканадаўстве, цвёрда адстойваць нашы каштоўнасці, гістарычную праўду і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.

Дарагія сябры!

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею Нацыянальнага сходу, мы праводзім серыю сустрэч. Прайшла вечарына памяці народных артыстаў Савецкага Саюза Мікалая Мікалаевіча Яроменкі і Расціслава Іванавіча Янкоўскага, якія працавалі ў першых скліканнях.

У Косаве і Нясвіжы прайшлі сустрэчы з членамі Савета Рэспублікі папярэдніх скліканняў, выбраных ад Брэсцкай і Мінскай абласцей. У найбліжэйшы час аналагічныя сустрэчы пройдуць у астатніх абласцях і горадзе Мінску.

Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны завяршальным этапам гэтай эстафеты памяці стане сустрэча з жанчынамі — членамі Савета Рэспублікі папярэдніх скліканняў. Жаночы погляд на дзяржаўныя справы — гэта заўсёды асаблівая мудрасць, чуласць, стваральная сіла і адказнасць за будучыню роднай зямлі.

Трыццаць гадоў таму нашы папярэднікі ў няпросты час узялі на сябе адказнасць за лёс краіны.

У рэкордна кароткія па гістарычных мерках тэрміны, пераадольваючы мноства выпрабаванняў, мы ўпершыню пабудавалі нашу суверэнную незалежную дзяржаву.

Краіна для годнай сучаснасці і шчаслівай, бяспечнай, камфортнай будучыні.

Мірная і стваральная Беларусь — апора спакою і стабільнасці. Гэта дарагога варта.

Сёння лёс дзяржавы давераны ўсім нам. І мы абавязаны апраўдаць давер беларускага народа. Наш выбар нязменны: суверэнітэт, бяспека і мір на роднай зямлі, аб’яднанне сіл дзеля агульных мэт развіцця.

Дазвольце ад усёй душы павіншаваць вас з надыходзячым Днём народнага адзінства.

Гэта свята сімвалізуе нязломную сілу патрыятызму, мужнасці, стойкасці і духоўнай велічы ў імя абароны Айчыны.

Гісторыя даказвае: мы непераможныя толькі тады, калі мы разам. Менавіта ва ўзаемнай падтрымцы заключана галоўная сіла беларусаў. Няхай гэта сіла адклікаецца ў кожным доме згодай, а ў сэрцы — гонарам за прыналежнасць да беларускага народа.

Жадаю ўсім шчасця, здароўя і плённай працы ў імя росквіту нашай роднай Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю