Top.Mail.Ru

Высветлілі, ці ўрадзіў сёлета гарох

Гаспадыні могуць спаць спакойна — без айчыннага гарошку да традыцыйнай салаты не застануцца. Беларускі варыянт гэтай культуры не менш пяшчотны і сакавіты за французскі ці краснадарскі. Больш за тое — тыя ж французы ацанілі яго вельмі высока. Але сёлетняе гарохавае жніво крыху затрымалі дажджы — было цяжка пад’ехаць да палеткаў. Цяпер тэмпы паскорыліся. Быхаўскі кансервавы завод працуе ў тры змены, каб максімальна захаваць «зялёнае золата». 
А заказаў на яго — поўны партфель.


Штучны інтэлект у дапамогу

Дырэктар ТАА «Быхаўскі кансервавы завод» Аюб АБДУЛМУСЛІМАЎ сведчыць, што да сезона гароху тут падрыхтаваліся канкрэтна:


— Пашыраем асартымент прадукцыі і купляем для гэтага новае абсталяванне. Зманціравалі новыя аптычныя сартавальнікі, якія з дапамогай штучнага інтэлекту аўтаматычна адсочваюць, каб дрэнны гарошак не трапіў у слоік. Набылі ўпаковачныя машыны на лініі сартавання. На гэтыя мэты прыцягваем банкаўскія крэдыты.

Штогод павялічваюцца гарохавыя плантацыі, і патрэба ў працоўных руках расце. Як адзначае дырэктар, праблемы з недахопам сярэдняга персаналу вырашаюцца ў тым ліку з дапамогай працоўных мігрантаў. 

Па словах Аюба Абдулмуслімава, вельмі дапамагае прадпрыемству па розных пытаннях мясцовая ўлада. У прыватнасці пасадзейнічала з пастаўкамі бярозавага соку ад бліжэйшых лясгасаў, а таксама праінфармавала фермераў, установы адукацыі, жыхароў аб магчымасці зарабіць на вырошчванні кабачкоў для перапрацоўкі. Прадпрыемства выдзеліла ўсім жадаючым насенне.На наступным тыдні чакаюць студэнтаў, якія прыедуць сюды на свой працоўны семестр.

У рэжыме дэдлайну

Гарохавыя палі знаходзяцца на адлегласці каля 20 кіламетраў ад завода. Гэта з улікам таго, каб паспець перавезці расліну ад камбайна да цэха кансервацыі не пазней як за дзве гадзіны. Інакш яна пачне псавацца.

— Па гароху на замарожанай сыравіне мы не працуем, выкарыстоўваем выключна свежую, — падкрэслівае дарэктар.

— Рэцэптуры прапрацаваныя пад густ кліента. Імкнёмся нешта палепшыць, удасканаліць.

На прадпрыемства гарох паступае ўжо вылушчаны, наяўнасць невялікай колькасці смецця не праблема — сучаснае абсталяванне дазваляе яго выдаліць. У дзень перапрацоўваецца да 50 тон гароху. Аднак машыны прывозяць за раз не больш за 5 тон, каб не памяць яго далікатную структуру.

Нарыхтоўка гароху ў разгары — пад яго сёлета адведзена 640 гектараў. Па інфармацыі аблсельгасхарча, гэту культуру на Магілёўшчыне вырошчвае толькі быхаўскі вытворца. Пад яе ён «арэндуе» землі ААТ «Абідавічы», якія выдзяляюцца яму ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама ў часовае карыстанне. Сарты вырошчваюцца розныя, з улікам доследных — каля 30 найменняў. У асноўным усе нізкарослыя, каб камбайн без праблем змог іх убраць.

Сярэдняя ўраджайнасць гароху на сёння — 45 цэнтнераў з гектара. Нельга сказаць, што надвор’е спрыяла яго выспяванню. Вясна была спачатку халодная, потым дажджлівая, а ў пачатку лета — град, ападкі, затым спякота, зноў дажджы, перапады тэмператур. Гароху ж падабаецца, каб днём было не вышэй за 25 градусаў цяпла, а ноччу — не ніжэй за плюс 15. Інакш памяншаецца колькасць струкоў і гарошын. І ўвагі культура патрабуе шмат. На працягу перыяду ад пасадкі да ўборкі — хімпраполкі, падкормкі, апрацоўкі, у залежнасці ад стадыі развіцця. Шмат хвароб выклікаюць дажджы, асабліва дрэнна, калі пасля іх — рэзкая спякота. Гэта правакуе эфект браджэння ў пладах. Але тое, што я пакаштавала на полі, — сапраўдная смаката.

— Як прыватная кампанія мы вырошчваем гарох трэці год, хаця ўжо і дагэтуль быў вопыт работы з ім, — гаворыць начальнік транспартнага ўчастка, ён жа аграном, Сяргей ДЗЯЧЭНКА. — Закладваем участкі пад новыя сарты. Ураджай збіраем пад патрэбы завода. Спецыяльна засявалі паэтапна сарты ад ранняга да позняга, каб можна было падагнаць уборку пад аб’ёмы перапрацоўкі. Летась вырасцілі 2400 тон гароху. Сёлета разлічваем атрымаць не менш.


Два гарохаўборачныя камбайны галандскай вытворчасці працуюць у полі цэлыя суткі, у тым ліку ноччу. Збор гароху — справа тонкая. Машына разлушчвае струк і адпраўляе плады ў бункер. Па дарозе ў яго гарох дадаткова ачышчаецца. Нюанс у тым, што тэхніку трэба спецыяльна падстройваць пад кожнае поле. Бункер камбайна — а ён умяшчае больш за 2 тоны — запаўняецца прыблізна за паўгадзіны. На ўборцы пазменна працуюць чатыры экіпажы па два чалавекі, плюс чатыры кіроўцы, якія адвозяць гарох на завод.

Усе механізатары вопытныя, не першы год у гэтай справе.


— Умовы работы камфортныя — у кабіне ёсць і кандыцыянер, і бартавы камп’ютар, — расказвае механізатар Генадзь РУДКОЎСКІ. — Нават ноччу не цяжка працаваць — на тэхніцы стаяць магутныя ліхтары.

Бацька чацвярых дзяцей механізатар Аляксей СЯМЁНАЎ — адзін з тых, хто школу земляробства асвойваў на практыцы. Сёлета прымаў удзел у пасеве гароху. Задаволены, што з задачай справіўся . 

Гэта ўборачная не першая і для механізатара Мікалая ФЕДЗЯЧАНКІ:

— Тэхніка правераная, зарплата задавальняе. Раз на дзень прыязджае перасовачная кухня ад гаспадаркі. Плюс тармазок з дома бяром, каб вечарам падмацавацца.

Пашыраючы рынак

Асноўны спажывец прадукціі завода пакуль расійскі, але прадпрыемства актыўна асвойвае і азіяцкі рынак, у тым ліку кітайскі.Вытворчыя магутнасці дазваляюць вырабляць больш за 100 найменняў рознай прадукцыі, у залежнасці ад попыту. Распрацоўкай новых рэцэптур і падтрыманнем тых, якія ўжо спадабаліся спажыўцу, паспяхова займаецца галоўны тэхнолаг Надзея ГЕРНЭЗА


Гатовыя партыі фарміруюцца чыста па заяўках. Наперадзе кабачковы сезон, і на прадпрыемстве ўжо рыхтуюцца да яго.

У тэму


 Па словах начальніка аддзела эканомікі Быхаўскага райвыканкама Людмілы КРАЎЦОВАЙ, кансервавае прадпрыемства працуе стабільна, вядзецца яго мадэрнізацыя, штомесячна прыцягваюцца інвестыцыі ў раён, закупаецца сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, ствараюцца новыя працоўныя месцы:
— Сур'ёзна выраслі аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, асабліва экспарт. Сёлета вельмі добра тут спрацавалі па бярозавым соку. Прадукцыя адгружалася ў Расію, Кітай, Туркменістан і іншыя краіны. На гарох таксама вялікія спадзяванні.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю